Міхал Андрасюк нарадзіўся ў 1959 у Гайнаўцы на Падляшшы. Дзяцінства правёў у вёсцы Войнаўка ў Дубіцкай гміне. Скончыў беларускі ліцэй у Гайнаўцы (1978), працаваў настаўнікам і каменячосам, журналістам беластоцкай рэдакцыі Радыё Рацыя. Дэбютаваў у беластоцкай «Ніве» (1979) вершамі. Піша па-беларуску і па-польску. Аўтар кніг прозы «Фірма» (Беласток, 2000), «Мясцовая гравітацыя» (Беласток, 2004), «Белы конь» (Беласток, 2006), «Вуліца Добрай Надзеі» (Менск, 2010), «Wagon drugiej klasy» (Беласток, 2010), «Krzyżyk» (2015).
1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Для сябе? Для ўсіх, хто хоча чытаць? Калі пішу, ня думаю пра чытача.
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
У бацькоўскім доме на ўскраіне Белавескай пушчы. Лета — раньняя восень, досьвітак, калі прачынаецца ўсё, што жывое.
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
Антуану дэ Сэнт-Экзюпэры зайздрошчу «Малога прынца».
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Такога не існуе; я непаўторны?
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Яны мяняюцца. Люблю перачытваць, вяртацца да Караткевіча, Маркеса. Яраслаў Гашак найлепшы на восеньскі смутак.
6. Што вы цяпер чытаеце?
«Волга, Волга» М. Ергавіча
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
Польская, хаця ў маім выпадку я ня ўпэўнены, ці яна лічыцца:) А вось расейская — мне дакладна замежная. Чытаў Андруховіча ў арыгінале — усё зразумела.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
«Белы конь».
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
Зборнік кароткай, лірычнай прозы. Пачатак зроблены, але фінал далёка.
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?
Калі нічога ня мушу рабіць, гарыць вогнішча, а побач сябры і добрыя людзі.