Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт пра спальваньне прадуктаў: На ўвесь сьвет дэманструюць свой палітычны і эканамічны прымітывізм


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты маскоўскага Цэнтру міжнароднага гандлю высьветлілі, хто найбольш дапамагае Расеі перажыць харчовае эмбарга, уведзенае ўзамен на заходнія санкцыі за вайну на Данбасе і анэксію Крыму.

Год таму шэраг краінаў абвясьцілі, што ахвотна кампэнсуюць страты ад забароны на пастаўкі прадукцыі з Эўразьвязу, аднак не ва ўсіх гэта атрымалася.

Згодна са статыстыкай Фэдэральнай мытнай службы, найбольш нарасьціла экспарт харчоў у Расею Беларусь — ад 13% да 21%. У сваю чаргу, Турэччына, Кітай, Бразылія, Аргентына ды іншыя дзяржавы, якія абавязваліся запоўніць расейскі рынак альтэрнатыўнай прадукцыяй, з задачай ня справіліся. Прычым, некаторыя не хаваюць, што рашэньне дапамагаць Маскве было занадта пасьпешлівым. Так, Новая Зэляндыя скараціла экспарт амаль на 70%, заявіўшы, што мясцовыя вытворцы з асьцярогай ставяцца да пэрспэктываў умацоўваньня сувязяў з Крамлём.

Кандыдат эканамічных навук, былы дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта харчаваньня Пётар Мігурскі лічыць, што эканамічныя інтарэсы павінны быць на першым месцы, але ў дадзеным выпадку палітычны падтэкст відавочны:

Пётар Мігурскі
Пётар Мігурскі

«Можа, з палітычнага пункту гледжаньня і ёсьць насьцярожанае стаўленьне да Расеі, але на самой справе на карту, канечне ж, трэба ставіць эканамічную пазыцыю. Таму што якую б ролю ні адыгрывала палітыка, насамрэч менавіта вытворца, які рэальна нясе затраты на вытворчасьць прадукцыі, мусіць быць упэўнены, што атрымае дабаўлены кошт на гэтым працэсе. То бок, канечне ж, эканоміка — ў першую чаргу. Але ў дадзеным выпадку, што тычыцца сытуацыі з Расеяй, само сабой, мы павінны дзесьці ўлічваць той аспэкт, што палітыка вызначае эканоміку. І тая перадузятасьць да цяперашняга расейскага кіраўніцтва, якую дэманструюць высокаразьвітыя краіны, мае цалкам рэальную падставу».

Найбольшым расчараваньнем для расейскіх уладаў стала Бразылія, якую летась называлі ледзь не галоўным бенефіцыярам расейскіх прадуктовых санкцыяў: за першае паўгодзьдзе яна ня толькі не нарасьціла аб’ёмы, як меркавалася, у двухразовым памеры, а адчувальна іх зьнізіла. Аналягічная сытуацыя з Турэччынай, Кітаем, Аргентынай, Эквадорам, якія адзначыліся адмоўнай дынамікай. Затое вакансіі актыўна замяшчае Беларусь, якая ператварылася ў буйнога экспартэра ня толькі традыцыйнага мяса-малочнага асартымэнту, а і экзотыкі накшталт морапрадуктаў. Раз-пораз фальшыўкі спыняюцца і разварочваюцца назад. Вялікі розгалас набыло нядаўна прынятае скандальнае рашэньне паказальнага зьнішчэньня прадуктаў з санкцыйнага сьпісу. Нягледзячы на сабраныя сотні тысяч подпісаў пад заклікам не паліць прадукты, а прынамсі раздаваць іх бедным, ад падобнай практыкі адмаўляцца не зьбіраюцца. Пётар Мігурскі падобныя мэтады называе барбарствам:

«Гэта палітыка-эканамічны дэбілізм, тут інакш і ня скажаш. Добра, вы дэманструеце сваю прынцыповую пазыцыю, але ж майце пачуцьцё меры! Беларусь таксама канфіскуе тавар, але яна пускае яго ў абарот. Зьнішчаць прадукцыю нельга, у яе ўкладзеная праца. Прычым, праца не палітыкаў, якія засядаюць у вышэйшых колах, а менавіта сялянаў, якія ведаюць, што такое кіляграм мяса ці кіляграм масла. А на ўвесь сьвет дэманстраваць свой прымітывізм — і палітычны, і эканамічны — папросту недапушчальна. Да таго ж, я думаю, і ўнутры сваёй краіны Крэмль такімі захадамі наўрад ці знойдзе падтрымку. Нельга так абыходзіцца з харчаваньнем. Нават калі штосьці ня так, калі штосьці не праходзіць па вашых канонах, па вашых законах, па вашых часова прынятых абмежаваньнях, дык альбо разьвярні гэтую прадукцыю, альбо канфіскуй і рэалізуй на тэрыторыі дзяржавы. Асабіста ў мяне з гэтай нагоды вялізнае неразуменьне».

Пасьля ўвядзеньня харчовага эмбарга кіраўніцтва Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі назвала расейскі рынак «кландайкам», паабяцаўшы Маскве замяніць заходнія краіны па шэрагу пазыцыяў, уключна з малаком, мясам, сырам, бульбай, яблыкамі, прадукцыяй перапрацоўкі. Дынаміка экспарту адчувальная: калі ў 2012 годзе зь Беларусі ў Расею было пастаўлена крыху больш за 100 тысяч тон мяса, то летась лічба падвоілася. Аналягічныя паказьнікі з малочнай прадукцыяй: рост ад 530 тысяч тон у 2012-м да 750 тысяч тон у мінулым годзе. Пастаўкі гатовай харчовай прадукцыі ў 2014 годзе дасягнулі 120 тысяч тон супраць 46 тысяч тон у 2012-м.

Тым ня меней, расейскія санітарныя органы канстатуюць, што рэзкі рост беларускага экспарту не заўсёды суправаджаецца дастатковымі мерамі ў галіне вэтэрынарыі і гарантаваньня якасьці найперш мясных і малочных вырабаў: падчас маніторынгу рэгулярна выяўляюцца прыкметы фальсыфікацыі, калі наўмысна хаваюцца зьвесткі пра паходжаньне сыравіны ці хваробу жывёлы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG