Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія: расейскія санкцыі нават дапамаглі Эўропе. Экспарт пайшоў у Азію


Сельскагаспадарчыя санкцыі, уведзеныя Расеяй супраць заходніх краін, ускосна дапамаглі эўрапейскім фэрмэрам. Паводле зьвестак Эўракамісіі, яны кампэнсавалі страты ад санкцый павелічэньнем экспарту ў іншыя краіны.

Эўропа ня толькі не пацярпела ад сельскагаспадарчага эмбарга, якое Расея наклала на пастаўкі харчовай прадукцыі з шэрагу заходніх краін, але за мінулы год нават нарасьціла экспарт прадуктаў харчаваньня на 5 працэнтаў. У грашах яго аб’ём склаў 105,6 мільярдаў эўра, што на 4,8 мільярдаў больш, чым у пэрыяд са жніўня 2013 г. па травень 2014. Гэта вынікае з дакладу, апублікаванага на сайце Эўракамісіі да гадавіны ўвядзеньня расейскіх контрсанкцыяў.


«Асноўныя посьпехі дасягнуты дзякуючы павелічэньню прадуктовага экспарту ў ЗША, Кітай, Швэйцарыю і шэраг азіяцкіх рынкаў, у прыватнасьці Ганконгу і Паўднёвай Карэі», — тлумачыцца ў дакумэнце.


Паводле Эўракамісіі, значна вырас экспарт мяса, мясной і малочнай прадукцыі, аднак вытворчасьць агародніны і садавіны, наадварот, упала на 12 і 10 працэнтаў адпаведна. «Гэта нядзіўна, бо Расея была ключавым рынкам збыту для эўрапейскіх фэрмэраў сярод неэўрапейскіх рынкаў», — адзначаецца ў дакладзе.

Паводле зьвестак Эўракамісіі, пастаўкі эўрапейскіх прадуктаў у Паўднёвую Карэю вырасьлі на 30,8 %, у Кітай — на 30, у Турцыю — на 27,1, у Ганконг — на 24,8, у Егіпет — на 21,7 і ў ЗША — на 15,1 %. У дакладзе канстатуецца, што меры, накіраваныя на зьніжэньне страт у выніку расейскіх санкцый, апынуліся пасьпяховымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG