Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістку Тацяну Смоткіну аштрафавалі за пазытыў


Тацяна Смоткіна
Тацяна Смоткіна

Судзьдзя Глыбоцкага райсуду Людміла Вашчанка прызнала журналістку вінаватай паводле артыкула 22.9 ч.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі) — за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Падставай для адміністрацыйнай справы і судовага разбору стаў матэрыял «Дарогі ў Глыбокім стануць пазытыўнымі», разьмешчаны 9 чэрвеня на сайце «Беларускага Радыё Рацыя». Гэта матэрыял пра тое, што навучэнцы Глыбоцкай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча размалявалі каналізацыйныя люкі, «ператварыўшы» іх у «чарапашак», «рыбак», «гузікі» ды іншыя забаўкі. Адкамэнтавала гэтую ідэю супрацоўніца райвыканкаму, якую выклікалі на суд у якасьці сьведкі, аднак на працэс яна не прыйшла.

Журналістка хадайнічала, каб судовы працэс праходзіў на беларускай мове, але гэтае хадайніцтва было адхілена. Судзьдзя заявіла, што Тацяна Смоткіна скончыла «расейскамоўную» школу і таму мусіць разумець па-расейску.

«Спадарыня Вашчанка ўвогуле задавала мне шмат дзіўных, на мой погляд, пытаньняў. У каторай школе я вучылася, чаму ў мяне філялягічная адукацыя, а займаюся журналістыкай, хто параіў мне такую працу, ці замаўляюць мне артыкулы па канкрэтных тэмах, ці шмат за гэта плацяць. На большую колькасьць такіх пытаньняў я проста адмаўлялася адказваць, бо яны ня маюць дачыненьня да справы», — апавяла Тацяна Смоткіна.

Паводле матэрыялаў справы, яна была ініцыяваная Глыбоцкай пракуратурай: гэтая структура даручыла міліцыі правесьці праверку, ці мае спадарыня Тацяна акрэдытацыю ў якасьці замежнага карэспандэнта. Вынік праверкі быў адмоўны, але Тацяна Смоткіна лічыць, што паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны грамадзянін мае права атрымліваць інфармацыю і дзяліцца ёй зь іншымі. Так яна казала і на судзе, і раней — калі 25 чэрвеня старшы інспэктар аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла склаў на яе пратакол правапарушэньня.

Судовае рашэньне пра пакараньне ў выглядзе штрафу памерам 25 базавых велічынь Тацяна Смоткіна зьбіраецца абскарджваць у Віцебскім абласным судзе.

Скаргу ў абласны суд рыхтуе і яшчэ адзін незалежны глыбоцкі журналіст — Зьміцер Лупач. 23 ліпеня старшыня Глыбоцкага райсуду Ірына Казак таксама аштрафавала яго на 25 базавых велічынь паводле таго самага артыкула 22.9 ч.2 КаАП — за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG