Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля берагоў Швэцыі знайшлі затанулую падлодку, магчыма, расейскую


На думку вадалазаў прыватнай фірмы Оcean X Team, якія выявілі на мінулым тыдні затанулае судна, цалкам верагодна, што ўнутры субмарыны могуць знаходзіцца целы экіпажу.

Падводная лодка жоўтага колеру, верагодна расейскай вытворчасьці, выяўленая на дне Балтыйскага мора, на адлегласьці ў паўтары марскія мілі ад усходняга ўзьбярэжжа Швэцыі. Затопленая лодка ня мае бачных пашкоджаньняў, яна цалкам задраеная і, на думку вадалазаў прыватнай фірмы Оcean X Team, якія выявілі на мінулым тыдні затанулае судна, цалкам верагодна, што ўнутры субмарыны могуць знаходзіцца целы сябраў экіпажу.


Падводная лодка сучаснай мадэлі і належыць да клясы так званых міні-субмарын, памеры яе — 20 мэтраў у даўжыню і 3 мэтры ў шырыню. На корпусе судна бачныя абазначэньні з расейскіх літар. Як доўга падлодка знаходзіцца на дне Балтыкі, і што зь ёй адбылося, да гэтага часу незразумела.


Кансультант па пытаньнях бясьпекі Ёакім фон Браўн, лічыць, што экіпаж лодкі мог складацца з 3-6 чалавек. На яго думку, ніхто з падводнікаў судна не пакідаў

.
Швэдскае міністэрства абароны, якое атрымала ад вадалазаў відэазьёмку і каардынаты патанулага судна, пакуль не камэнтуе знаходку, паведамляе карэспандэнтка Радыё Свабода ў Стакгольме Вольга Максе.


У кастрычніку мінулага году швэдзкія ваенна-марскія сілы на працягу некалькіх дзён праводзілі апэрацыю па пошуку неапазнанага падводнага аб’екта ў Стакгольмскім шхерах. Падставай да яе пачатку паслужыў перахоп радыёперадачы неапазнанага падводнага аб’екта са швэдзкіх тэрытарыяльных вод. Паводле крыніцаў у швэдскай берагавой абароне, гэта быў не зашыфраваны сігнал бедзтва з расейскай падлодкі, перададзены на базу ў Калінінград.


Расейскае ваеннае ведамства тады заявіла, што ніякіх «няштатных або аварыйных сітуацый» з расейскімі караблямі не адбывалася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG