Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольнае пасяленьне для асуджанага ў Расеі беларуса Кірылы Сілівончыка — не такое ўжо й вольнае


Кірыл Сілівончык
Кірыл Сілівончык

На сайце Каспаров.Ru зьявілася інфармацыя, што беларускі сыстэмны адміністратар зь Ніжняга Ноўгараду Кірыл Сілівончык, які быў асуджаны 9 красавіка выязным паседжаньнем Маскоўскага акружнога вайсковага суду на два гады калёніі-пасяленьня, трапіў у калёнію з рэпутацыяй «катавальнай турмы» і зазнаў ціск з боку адміністрацыі. Гэтая калёнія строгага рэжыму ВК-14 знаходзіцца ў пасёлку Сухабязводнае — за сто кілямэтраў ад Ніжняга Ноўгараду.

Калёнія разьлічана на паўтары тысячы чалавек. На базе гэтай папраўчай калёніі ёсьць так званы ўчастак «калёнія-пасяленьне» на 175 пакараных, дзе цяпер і знаходзіцца Кірыл Сілівончык.

Юрысты міжрэгіянальнага Камітэту супраць катаваньняў у красавіку зьвярталіся ў Сьледчы камітэт з прычыны шматлікіх выпадкаў, калі асуджаных у калёніі катавалі. Адзін з асуджаных апавёў, што яго білі кіем па пятках, пасьля чаго ў яго распухлі ногі і ён ня мог хадзіць. Некалькі суразмоўцаў расказалі праваабаронцам, што дваіх асуджаных забілі да сьмерці.

Гэтая інфармацыя дайшла да маці Кірыла — Натальлі Сілівончык, якая жыве ў Сьветлагорскім раёне Гомельскай вобласьці.

Нядаўна маці мела тэлефонную размову з сынам:

«Ён тэлефанаваў, і я пыталася, што там за канфлікт такі. Ён сказаў, што ўсё добра. Але як ён можа паскардзіцца, калі прысутнічае начальнік гэтай часткі-калёніі? Размаўлялі на гучнай сувязі. Калі б што й было, то ён не сказаў бы. Ён нічога ня можа сказаць, а толькі „ўсё добра, усё выдатна“. Я ж кажу, быў на гучнай сувязі. Чую, што начальнік кажа Кірылу, а Кірыл пераказвае мне».

Маці даведалася, што сын напісаў з калёніі ліст, які мае неўзабаве прыйсьці дадому, у Сьветлагорскі раён. Аднак Натальля Сілівончык лічыць, што дазнацца зь яго пра ўмовы ўтрыманьня наўрад ці давядзецца:

«Лісты таксама строга правяраюцца, так што зь ліста мы, відаць, таксама нічога не даведаемся. Голас у яго быў нармальны, нават жартавалі крыху. За тэрыторыю яго не выпускаюць. Ён знаходзіцца на тэрыторыі, то бок вольнага выхаду ў пасёлак у яго няма. Ён строга ў гэтай частцы, гэтай калёніі».

Натальля Сілівончык мяркуе, што вольнае пасяленьне толькі называецца вольным:

Гучыць яно прывабна: вольнае пасяленьне. Але ў мяне сумнеў наконт той вольнасьці, калі іх нават не выпускаюць у пасёлак

«Гучыць яно прывабна: вольнае пасяленьне. Але ў мяне сумнеў наконт той вольнасьці, калі іх нават не выпускаюць у пасёлак. Выпускаюць толькі тых, хто ў гэтым пасёлку працуе. А так яны ў пасёлак ня ходзяць — не выпускаюць іх. Казаў, што яны прыбіраюць тэрыторыю, што называецца, куды партыя пашле. Куды загадаюць, туды й ідзе. Выходзіць, што ні чорта ён не зарабляе. Калі б дзе рабіў, то ішоў бы нейкі заробак. А так ня ведаю, як ён там. Паслалі яму грашовы перавод у суботу, дык сын кажа, што, можа, празь месяц ці тыдні тры прыйдзе, хоць там ад Ніжняга ня так і далёка — гэта ж ня ў іншую краіну. Такія вось пірагі».

І вось стала вядома, што Натальля Сілівончык ня стала давяраць тэлефонным размовам, а сама выбралася ў Расею наведаць сына ў той калёніі-пасяленьні.

Беларус Кірыл Сілівончык, які працаваў сыстэмным адміністратарам у Ніжнім Ноўгарадзе, быў асуджаны 9 красавіка выязным паседжаньнем Маскоўскага акружнога вайсковага суду на два гады калёніі-пасяленьня. Яго прызналі вінаватым у публічных закліках да тэрарыстычнай дзейнасьці. Сам Сілівончык праз адваката паведаміў, што пост у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце», які фігураваў у справе, быў перапостам запісу зь нейкай суполкі.

Беларускае Міністэрства замежных спраў паведамляла, што сочыць за лёсам асуджанага ў Расеі беларуса Кірылы Сілівончыка. Атрыманыя ў кансультацыях з расейскім бокам і адвакатамі Сілівончыка зьвесткі сьведчаць пра адсутнасьць неабгрунтаванага абмежаваньня ягоных правоў. У камунікацыі з прадстаўніком міністэрства Кірыл не выказваў пажаданьня адбываць пакараньне на тэрыторыі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG