Адвакатка Сьвятлана Лакціёнава наведала Кірыла Сілівончыка ў СІЗА Ніжняга Ноўгарада.
«Словы, якія ставяцца яму ў віну, паводле ягоных сьцьверджаньняў, не зьяўляюцца ягоным аўтарскім тэкстам. Сам ён сьцьвярджае, што гэтых словаў не пісаў, а зрабіў перапост з групы „Ўкантакце“: і тэкст, і карцінку адначасова. Як называецца група, ён ня памятае.
Разам з гэтым ён прызнае, што парушыў закон РФ, бо распаўсюдзіў матэрыялы, якія расцанілі як заклік да ўчыненьня тэрарыстычных дзеяньняў».
Сьвятлана Лакціёнава паведаміла, што Кірыла Сілівончык прыняў рашэньне не абскарджваць прысуд:
«Кірыл ня будзе абскарджваць прысуд ані ў якім парадку і напісаў мне пра гэта расьпіску. Наконт утрыманьня ў яго няма ніякіх скаргаў. На словах ён мне патлумачыў, што не жадае абскарджваць, бо атрымаў мінімальны прысуд».
Паводле адвакаткі, Кірыл пачуваецца нармальна, усьміхаецца і ня мае скаргаў на ўмовы ўтрыманьня. Ён удзячны за дапамогу сваякоў і падтрымку зь Беларусі.
Беларус Кірыл Сілівончык працаваў сыстэмным адміністратарам у Ніжнім Ноўгарадзе. 9 красавіка Маскоўскі вайсковы акружны суд прысудзіў яго да двух гадоў калёніі-пасяленьня паводле крымінальнага артыкула 205.2 «Публічныя заклікі да ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці».