Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраслаў Раманчук: «Да выбараў гаворкі, што МВФ дасьць грошы, увогуле ня можа быць»


Прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду Дэвід Гофман (у цэнтры) на прэс-канфэрэнцыі ў Менску, 28 кастрычніка 2013 году
Прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду Дэвід Гофман (у цэнтры) на прэс-канфэрэнцыі ў Менску, 28 кастрычніка 2013 году

З 8 па 15 ліпеня група экспэртаў Міжнароднага валютнага фонду пад кіраўніцтвам Дэвіда Гофмана наведае Менск з пазачарговым візытам. Экспэрты прыяжджаюць па просьбе кіраўніцтва Беларусі, якое спрабуе ўгаварыць МВФ даць краіне новы стабілізацыйны крэдыт.

Як адзначае МВФ, мэта місіі — абмеркаваць захады эканамічнай палітыкі і пляны ўладаў па правядзеньні рэформаў, у тым ліку ацаніць, ці сталі яны дастаткова рашучымі, каб падтрымаць іх у межах пагадненьня з МВФ.

МВФ патрабуе даволі істотных эканамічных рэформаў, да якіх кіраўніцтва Беларусі не гатовае, кажа эканаміст Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Папярэднія місіі МВФ вельмі дакладна патлумачылі, чаго канкрэтна яны хацелі б ад беларускіх уладаў атрымаць, каб яны паверылі ў добры намер рабіць рэформы. І нічога з таго, што экспэрты рэкамэндавалі, беларускі ўрад не выконвае. Больш за тое, урад робіць усё насуперак таму, што рэкамэндуе МВФ: па коштах, па структурных рэформах, па рынку працы, па манэтарнай палітыцы, па бюджэце. І апошнія ўказы прэзыдэнта больш прадыктаваныя не парадамі місіі МВФ, а тым, што выбары набліжаюцца.

Для ўладаў цяпер самая важная задача — каб людзі атрымалі крыху грошай і думалі, што ўрад ведае, што рабіць, а ня нейкія прапановы МВФ. Місія МВФ у папярэдняй справаздачы піша, што асноўная рызыка эканамічнай палітыкі — прэзыдэнцкая кампанія. Яны гэта вельмі добра адчулі і правільна дыягнаставалі.

Да выбараў гаворкі, што МВФ дасьць грошы, увогуле ня можа быць. Я мяркую, што місія МВФ яшчэ раз падкрэсьліць, што гатовая супрацоўнічаць зь Беларусьсю, і будзе чакаць, пакуль улады пачнуць сур’ёзна ставіцца да таго, што яны рэкамэндуюць. Калі мы бачым фактычна дэфолт ва Ўкраіне, дэфолт у Грэцыі, мяркую, што МВФ дваццаць разоў падумае, перш чым даваць нейкія палітычна-фінансавыя ф’ючэрсы для ўраду, які відавочна выказвае сваё незадавальненьне і непрыманьне рынкавых мэтадаў кіраваньня эканомікай».

У дакладзе па выніках папярэдняй місіі МВФ, якая наведала Беларусь у сакавіку, адзначалася, што МВФ настойліва рэкамэндуе афіцыйным органам Беларусі правесьці маштабную праграму рэформаў. Праграма павінна быць арыентаваная на ўзмацненьне рынкавага характару эканомікі і прадугледжваць рашучую лібэралізацыю цэнаў, уключаючы падрабязны (з пазначэньнем тэрмінаў) плян як найхутчэйшага пераводу тарыфаў на камунальныя і транспартныя паслугі на ўзровень поўнага пакрыцьця выдаткаў. МВФ таксама раіць адмовіцца ад практыкі вызначэньня абавязковых мэтавых паказчыкаў для прадпрыемстваў і прыняць вартыя даверу пляны прыватызацыі ў карпаратыўным і банкаўскім сэктарах. У інтарэсах уразьлівых слаёў насельніцтва трэба ўмацаваць сыстэму сацыяльнай абароны, у тым ліку шляхам павышэньня выплат у межах страхаваньня ад беспрацоўя ня менш як да ўзроўню пражытковага мінімуму.

Усе названыя патрабаваньні спэцыялістаў МВФ, мяркуючы па эканамічнай палітыцы, якая праводзіцца ў краіне, цалкам непрымальныя для кіраўніцтва Беларусі. Таму надзеі на новы крэдыт МВФ наўрад ці спраўдзяцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG