Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча крэдытаў ад МВФ, ЭўрАзЭС і Расеі


Ліпень можа стаць месяцам атрыманьня Беларусьсю новых крэдытаў. Пра гэта сказаў журналістам міністар фінансаў Беларусі Ўладзімер Амарын.

Ён паведаміў, што ў першай дэкадзе ліпеня можа вырашыцца пытаньне аб выдзяленьні Беларусі крэдыту антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭс. Экспэрты фонду нядаўна прыяжджалі ў Беларусь, — сказаў Уладзімер Амарын, — пазнаёміліся з сытуацыяй. Другі крэдыт, які хочуць атрымаць беларускія ўлады, — гэта крэдыт расейскі. Найперш ён будзе скіраваны на рэструктурызацыю ранейшых пазыкаў, якія Беларусь атрымала з Масквы.

Журналісты пацікавіліся ў міністра фінансаў, пра якія канкрэтна сумы ідзе гаворка. Спадар Амарын адказаў на гэта, што перамоўны працэс яшчэ працягваецца і называць лічбы пакуль заўчасна.

Міністар фінансаў паведаміў таксама, што ў ліпені ў Менск прыедзе місія Міжнароднага валютнага фонду. Экспэрты місіі ўжо азнаёміліся з «дарожнай мапай», якую беларускія ўлады падрыхтавалі сумесна з Сусьветным банкам, і цяпер хочуць высьветліць непасрэдна на месцы, у Беларусі, асобныя дэталі гэтага пляну.

На тое самае пытаньне журналістаў — якую суму патэнцыйна можа выдзеліць Міжнародны валютны фонд Беларусі — спадар Амарын нічога не адказаў. Калі журналісты перафармулявалі пытаньне і сказалі, што гэтая сума, мабыць, будзе ня меншая за ранейшую пазыку МВФ (нагадаем, што тады МВФ выдзеліў Беларусі 3,5 млрд даляраў), спадар Амарын даў зразумець, што гаворка ідзе прыкладна пра такую суму.

Міністар Амарын таксама сказаў, што для атрыманьня валюты, якая цяпер вельмі патрэбная краіне, Міністэрства фінансаў рыхтуе апэрацыю па разьмяшчэньні эўрабондаў на суму 1 млрд даляраў.

«Беларусь апынулася ў крытычнай сытуацыі, якая толькі пагаршаецца» — ацэньвае сытуацыю кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

Грошы бяруць дзеля таго, каб іх перахапіць на нейкі час. Я ня бачу ніякіх прасьветаў

«Столькі энэргіі, колькі ўкладаюць Аляксандар Лукашэнка, урад, Міністэрства фінансаў, Нацыянальны банк у тое, каб шукаць крэдыты, а не інвэстыцыі, зьдзіўляе. Гэта сьведчаньне таго, што нашы ўлады завялі краіну ў даўгавую яму. Пакуль гэта ня Грэцыя, але выразна бачна — урад ня можа бяз новых крэдытаў разьлічыцца з даўгамі.

Але, на жаль, улады не гатовыя прымаць новыя падыходы да эканамічнай палітыкі. Пацьверджаньне таму тое, што маніторынгавую групу па выпрацоўцы стратэгіі ўзначальвае адзін з ідэолягаў плянавай эканомікі спадар Мясьніковіч. А сёньня стварылі групу па прамысловай палітыцы, якую ачоліў яшчэ адзін чалавек, чыё імя асацыюецца з тымі, хто завёў краіну ў тупік. Гэта — Уладзімер Сямашка.

Грошы бяруць дзеля таго, каб іх перахапіць на нейкі час. Я ня бачу ніякіх прасьветаў, ніякай зьмены курсу. Грошы шукаюць, каб супакоіць найперш тых укладчыкаў, якія трымаюць свае грошы ў банках. Маўляў, усё будзе добра, вы нічога ня бойцеся, вы нічога ня страціце.

Аднак сытуацыя надзвычай трывожная. І я думаю, што ў крытычным пэрыядзе адзінай крыніцай, якая дасьць грошы, будзе Расея. Яна дасьць крэдыты, але толькі пад геапалітычныя, вайсковыя альбо інтэграцыйныя працэсы».

Спадар Амарын сказаў журналістам, што ягонае міністэрства пачало працу над карэктаваньнем бюджэту краіны на 2015 год. «Мы вымушаны гэта рабіць, таму што ў бюджэце была закладзеная цана за 1 барэль нафты — 83 даляры, а кошт 1 даляра разглядаўся як эквівалент 11 400 беларускіх рублёў. Цяпер усе ведаюць, што гэтыя лічбы зьмяніліся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG