Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Славамір Адамовіч


Славамір Адамовіч
Славамір Адамовіч

Славамір Адамовіч нарадзіўся ў 1962 на станцыі Ўнежма Анежскага (былога Плясецкага) раёну Архангельскай вобласьці ў сям’і беларусаў Юзэфы Чантарыцкай і Генрыха Адамовіча. Служыў у савецкім войску, сядзеў у «амэрыканцы» у 1996-1997; галадаў «на сухую» і зашываў рот; працаваў на будоўлях Нью Ёрку і запалярнай Нарвэгіі. Пабудаваў дом у Мар’інай Горцы (ст. Пухавічы) і адкрыў у ім галерэю «У Славаміра».Выдаў зборнікі паэзіі «Кальварыйскія клёны» (Менск, 1990), «Зямля Ханаан» (Полацак, 1993), «Зваротныя правакацыі» (Полацак, 1994), «Каханьне пад акупацыяй» (Менск,1996), «Сьпіраль Бруна» (Менск, 1997), «Плавільшчыкі расы» (Вільня, 1999). Напісаў кнігу прозы «Цана Эўропы, альбо Гісторыі Вільмана», дзеля выданьня якой шукае дапамогі ў сваіх чытачоў.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Для ўсіх, хто любіць чытаць і ўмее думаць. Ідэальны чытач — мая дачка Ксеня, грамадзянка Эўразьвязу.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

У адзіноце, пасьля лазьні, у любы час сутак.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Ніякай.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Герой апавяданьня «Ў лазьні» Гарэцкага, напрыклад.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

З нашых — Гарэцкі, зь іншых — Гамсун.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Біяграфію Гёбэльса па-нарвэску, аўтар Lars Ericson Wolke.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Украінская, польская, балгарская, сэрбская, нарвэская, швэдзкая і дацкая.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

У паэзіі — «Плавільшчыкі расы», у прозе — «Цана Эўропы, альбо Гісторыі Вільмана», якую толькі што закончыў пісаць.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Кнігу эрасу «Жанчыны яго імя».

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі гатовы да сьмерці, як падчас сухой галадоўкі. Альбо калі начую ў намёце ў Фрогнар-парку нарвэскай сталіцы.

Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы пачалі яе ад «шорт- і лонг-лістараў» сёлетняй прэміі імя Гедройця, працягнулі сябрамі журы гэтай прэміі, а цяпер прапануем гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG