Франц Сіўко нарадзіўся ў 1953 на Мёршчыне. Скончыў філфак БДУ. Да выхаду ў адпачынак літаратурную справу спалучаў з пэдагагічнай: настаўнічаў у школах Верхнядзьвінску і Віцебску, працаваў выкладчыкам роднай мовы ў Тэхналягічным унівэрсытэце. Аўтар кніг прозы «Апошняе падарожжа ў краіну ліваў», «Удог», «Дзень бубна», «Асымэтрыя», «Выспы» і інш. На працягу 10 гадоў узначальваў віцебскую суполку Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Жыве ў Віцебску.
1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Для сябе, не бяз кволай надзеі, што і яшчэ нехта зацікавіцца. Ідэальны чытач — той, хто мае багатае ўяўленьне і схільны да самаразьвіцьця. Такі, як, напрыклад, чытачка каралева ў творы А. Бэнэта «Няпросты чытач».
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
Выключна дома, у стане поўнае засяроджанасьці. Раней было — толькі з раніцы, цяпер — толькі надвячоркам.
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
Можа, лепш было б — твору? Тады — «Жыхары выспы Хемсё» Стрындбэрга.
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Ня ведаю.
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Чорны (апавяданьні даваеннае пары), Быкаў (апісаньні ў «Знаку бяды»), Чэхаў, Дастаеўскі («Сяло Сцяпанчыкава і яго насельнікі» і «Бесы»), Камю, згаданыя Стрындбэрг і Бэнэт.
6. Што вы цяпер чытаеце?
К. Оэ і перапіску П. Чайкоўскага.
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
На польскай.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
«Удог».
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
Пра дробнасьць ўчынкаў сучаснага беларуса як адну з нашых адметных нацыянальных рысаў.
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?
Калі-нікалі, у залежнасьці ад таго, наколькі ўдаецца ўтаймаваць уласную мітусьлівасьць.
Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы пачалі яе ад «шорт- і лонг-лістараў» сёлетняй прэміі імя Гедройця, працягнулі сябрамі журы гэтай прэміі, а цяпер прапануем гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.