Экспэртная рада па зацьвярджэньні памятнага знаку мае адбыцца сёньня, 11 чэрвеня. Тым часам сеньненскія ўлады ўжо вырашаюць, дзе яго ўсталяваць. Праз раённую газэту, а таксама праз афіцыйны сайт выканкаму ў райцэнтры абвешчана грамадзкае абмеркаваньне.
Называцца знак будзе «Родны край». Ён яшчэ не зацьверджаны, але яго адкрыцьцё ўжо заплянаванае на 3 ліпеня — на Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.
Жыхары Сянна ўхваляюць ідэю ўшанаваньня сваёй зямлячкі Матроны Маркевіч. Яны прапанавалі ўладам некалькі месцаў, дзе скульптурная выява глядзелася б найбольш удала.
Знак уяўляе сабой складаную кампазыцыю, у якую ўваходзяць контурная выява межаў Беларусі і цяперашні сьцяг з арнамэнтам, які, аднак, мала падобны да створанага жыхаркай Сеньненшчыны. Прозьвішчы аўтараў шырокай грамадзкасьці не паведамляюцца. Раённая газэта піша, што знак стварыла «група краязнаўцаў і скульптараў».
Арнамэнт, у аснове якога — узор «Узыходзячае сонца», вытканы Матронай Маркевіч у 1917 годзе, перажыў на сьцягу некалькі зьменаў. У савецкі час ён фігураваў на сьцягу БССР, які быў створаны паводле малюнка Міхаіла Гусева і зацьверджаны ў 1951 годзе. Пасьля распаду СССР у якасьці дзяржаўнага некалькі гадоў выкарыстоўваўся гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг, аднак пасьля рэфэрэндуму 1995 году яго замянілі на іншы — падобны да таго, што быў за савецкім часам, толькі безь сярпа і молата. Зьмяніўся і арнамэнт: на сьцягу БССР ён быў выкананы ў белым колеры на чырвоным фоне, а на сьцягу ўзору 1995 году — чырвоным па белым. У 2012 годзе арнамэнт на сьцягу перарабілі: ён стаў буйнейшы — ва ўсю шырыню белай часткі сьцяга.
Сялянка зь Сеньненскага раёну Матрона (Матруна) Маркевіч нарадзілася ў 1886 годзе і ўсё жыцьцё правяла ў родных мясьцінах. Паходзіла зь сям’і заможнага селяніна, у хаце расьлі сямёра дзяцей, якіх змалку прывучалі да працы. Ад маці Матрона пераняла ўмельства вышываць, вязаць, прасьці, ткаць. Выйшла замуж за Аляксея Маркевіча, які таксама паходзіў з заможных сялян. У сям’і нарадзілася шасьцёра дзяцей, але двое памерлі ў маленстве ад тыфусу. У 1933 сям’ю раскулачылі, бацьку забралі, і больш дадому ён не вярнуўся. Матрона Маркевіч уступіла ў калгас, спадзеючыся, што там ёй дапамогуць выгадаваць дзяцей. Аднак там яе не прызнавалі, лічылі «кулачкай». У вайну яна страціла старэйшага сына, сям’ю ледзьве не расстралялі «за сувязь з партызанамі», для якіх Матруна пякла хлеб. Пасьля вайны яна працягвала працаваць у калгасе. Не закінула і сваю любімую справу: вышывала, вязала, прала... Памерла Матруна Маркевіч, калі ёй быў 71 год.
Яе імя як адной са стваральніц беларускага сьцяга згадвалі нячаста, і нават месца яе пахаваньня было практычна невядомае. Мясцовыя краязнаўцы знайшлі на старых мапах вёску Касьцелішча, дзе жыла Матруна Маркевіч (у дзявоцтве — Кацар). Вёскі даўно няма, але на старых могілках знайшлася магіла гэтай жанчыны, што адышла з жыцьця ў 1957 годзе.
Тады, у 2013-м, мясцовыя ўлады абмяркоўвалі магчымасьць перапахаваньня Матроны Маркевіч — каб яе магіла была ў райцэнтры, і гэта дазволіла б лепш яе даглядаць. Аднак усё ж вырашылі не трывожыць месца яе апошняга спачыну.
Што да самога ўзору, то арыгінал вышыўкі Матроны Маркевіч не захаваўся. Малюнак арнамэнтальнага ўзору, вышытага на ручніку Матронай Маркевіч, яшчэ да вайны трапіў у архіў Белпрамсавета — яго меркавалі ўжываць дзеля аздабленьня жаночага адзеньня. А ў 1951 годзе ў стварэньні эскіза новага сьцяга БССР браў удзел родны брат вышывальшчыцы з Касьцілішча — доктар мастацтвазнаўства Міхась Сяргеевіч Кацар. Мабыць, ён і прапанаваў скарыстаць арнамэнт сястры.