Рэжысэрам і выканаўцам галоўнай ролі стаў актор Купалаўскага тэатру Павал Харланчук.
Мастацкі кіраўнік пастаноўкі Алена Сітнік паведаміла Свабодзе:
«П’есу напісаў кандыдат гістарычных навук Андрусь Унучка паводле гістарычных зьвестак пра рэальныя падзеі з жыцьця Мікалая Радзівіла Чорнага. Апісаны той гістарычны пэрыяд з 1551 да 1553 году, калі ён далучыўся да эвангельскай веры. Мікалай Радзівіл у гэты час быў на піку сваёй кар’еры, але раптоўна памірае ягоная сястра Барбара — вялікая княгіня літоўская і каралева польская, — а затым малодшы брат Ян, нарастаюць складаныя адносіны з жонкай Альжбэтай. Гэта той пераломны пэрыяд, калі князь Радзівіл публічна абвясьціў, што ён эвангельскі хрысьціянін. Усьлед за гэтым ён распачаў рэфарматарскі рух у Вялікім Княстве Літоўскім, зазнаўшы магутны супраціў.
Спэктакль пастаўлены ў асноўным сіламі вернікаў царквы Яна Прадвесьніка. Гэта ня першы вопыт тэатральнай пастаноўкі. У 2003 годзе разам зь іншымі цэрквамі эвангельскіх хрысьціянаў мы паставілі м’юзыкал „Залаты век“, прысьвечаны 500-годзьдзю Рэфармацыі. Сёлета было вырашана паставіць не музычны, а сур’ёзны драматычны твор, каб годна адзначыць 500-годзьдзе Мікалая Радзівіла Чорнага і ўспомніць „залаты век“ ВКЛ.
Спэктакль паставілі два рэжысэры — Павал Харланчук і Зьміцер Саладуха. Дарэчы, Павал Харланчук — сябра нашай царквы, і гэта ўжо ня першая ягоная рэжысэрская праца. У спэктаклі „Біблія Радзівіла“ Павал Харланчук ня толькі рэжысэр, ён яшчэ выконвае галоўную ролю князя Радзівіла, а ягоная жонка — ролю Альжбэты, жонкі князя Радзівіла. У іншых ролях задзейнічаныя вернікі розных цэркваў, а таксама акторы прафэсійных тэатраў».
Адзін з рэжысэраў спэктакля Павал Харланчук з нагоды прэм’еры паведаміў Свабодзе:
«Я ня змог адмовіцца, каб браць удзел у гэтым спэктаклі, бо для мяне важныя тэмы і гісторыя Беларусі, і гісторыя хрысьціянства. Ня ў самых лепшых умовах мы даведваемся пра гэтую гісторыю — і часу, і прасторы. Хацелася б, каб і пляцоўкі для пастановак, прысьвечаных такім гістарычным падзеям і асобам, былі адпаведныя.
Для мяне гэта была цікавая праца з гледзішча гістарычных зьвестак. Я і раней ведаў, але не акцэнтаваў увагі на тым, што пэўны час у Беларусі было хрысьціянскае вучэньне, але людзі Біблію не чыталі і ня ведалі, што там напісана. Людзі верылі, не чытаючы Бібліі, толькі са словаў сьвятароў. Толькі пасьля перакладу Скарыны людзі сталі разумець, пра што слова Божае, зьвернутае да чалавека. Вось гэта для мяне было пэўным адкрыцьцём.
Увогуле цяпер вельмі цяжкі час для пастаноўкі беларускіх гістарычных твораў. Ёсьць пэўны ціск, і я адчуваю яго на сабе, магчыма, у зьвязку з падзеямі ў сьвеце. Але хацеў бы працаваць у гэтым кірунку і спадзяюся, што такая магчымасьць будзе».
Як паведаміла Алена Сітнік, сёньня і заўтра адбудуцца два прэм’ерныя паказы ў Моладзевым тэатры. Квіткі на абодва паказы спэктакля «Біблія Радзівіла» прададзеныя ўжо некалькі дзён таму.