Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заплянаванае адкрыцьцё пасекі на даху Чырвонага касьцёлу не адбудзецца


Касьцёл Сьвятых Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл), Менск, плошча Незалежнасьці
Касьцёл Сьвятых Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл), Менск, плошча Незалежнасьці

Адкрыцьцё ўнікальнага аб’екта плянавалася на 4 чэрвеня, але «па тэхнічных прычынах» перанесенае на няпэўны тэрмін.

Пра гэта арганізатары паведамілі напярэдадні падзеі.

Ініцыятарам стварэньня ўнікальнай пасекі стаў пробашч касьцёла Сьвятых Сымона і Алены (Чырвонага касьцёла) Ўладзіслаў Завальнюк, ён жа старшыня Таварыства пчалярскіх арганізацыяў «БелАпіЮніён». Урачыстасьць меўся ўзначаліць арцыбіскуп Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Плянавалася, што на даху Чырвонага касьцёла будзе адкрытая міні-пасека: будуць усталяваныя тры вульлі з пчоламі адмысловай пароды, завезенай з Карпатаў, якія ня джаляць людзей. Галоўнай мэтай гэтага праекту зьяўляецца не здабываньне мёду, а папулярызацыя пчалярства, здаровага ладу жыцьця, асьветніцтва і ўзмацненьне прыцягальнасьці Чырвонага касьцёла як пазнавальнага экскурсійнага і турыстычнага аб’екта для вернікаў і сьвецкіх людзей.

Плянавалася таксама, што гэта будзе першая экспэрымэнтальная пасека, якая дасьць магчымасьць ацаніць якасьць гарадзкога мёду. Пра гэта Свабодзе паведаміла Вольга Гаўрылік — адна з сузаснавальніцаў пчалярскай арганізацыі, якую ўзначальвае ксёндз Уладыслаў Завальнюк.

«На даху касьцёла ёсьць пляцоўка, якую дасьледуюць вэтэрынары, выдаюць дакумэнты на ўсталяваньне вульляў у адпаведнасьці з заканадаўствам, аглядаюць таксама пчол. Для іх тут паблізу растуць шыкоўныя ліпы, кветкі, сад, каб зьбіраць нэктар. Тое, што пасека не адкрылася, — гэта выключна тэхнічны момант. Нічога крытычнага, але не хацела б камэнтаваць — проста трэба дапрацаваць крышку. Трэба крыху часу».

Вольга Гаўрылік не паведаміла, зь якіх менавіта «тэхнічных» прычынаў адкрыцьцё пасекі было адкладзенае. Як надоўга адтэрмінаване адкрыцьцё, таксама застаецца невядомым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG