Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блатэр сыходзіць на фоне карупцыйнага скандалу ў ФІФА


Ёзэф Блатэр пакідае праз "чорны ход" прэс-канфэрэнцыю, на якой ён абвясьціў пра сваю хуткую адстаўку
Ёзэф Блатэр пакідае праз "чорны ход" прэс-канфэрэнцыю, на якой ён абвясьціў пра сваю хуткую адстаўку

Прэзыдэнт ФІФА Ёзэф Блатэр заявіў, што сыдзе ў адстаўку пасьля выбараў пераемніка празь некалькі месяцаў.

Заява аб адстаўцы праз 4 дні пасьля абраньня

Прэзыдэнт ФІФА, 79-гадовы Ёзэф («Зэп») Блатэр зрабіў заяву аб хуткай адстаўцы на тэрміновай прэс-канфэрэнцыі ў Цюрыху, скліканай праз усяго чатыры дні пасьля перамогі на выбарах кіраўніка Міжнароднай фэдэрацыі футбола. «Я зьбяру пазачарговы кангрэс для выбараў новага прэзыдэнта ФІФА. Я ня буду ў іх удзельнічаць. Мне дарагія інтарэсы ФІФА. Таму я прыняў гэтае рашэньне. Больш за ўсё астатняе мяне хвалююць арганізацыя ФІФА і сусьветны футбол», — заявіў Блатэр, які ўзначальваў фэдэрацыю з 1998 году.

Карупцыйны сьлед

Блатэра пераабралі на пяты тэрмін ўсяго праз два дні пасьля арыштаў высокапастаўленых функцыянэраў арганізацыі на запыт ЗША і пачатку паралельнага расьсьледаваньня ў Швайцарыі. Сваё расьсьледаваньне вядзе і Вялікабрытанія. Паводле папярэдняй інфармацыі, тэрміновы Кангрэс ФІФА, на якім абяруць пераемніка Блатэра, пройдзе ў пэрыяд паміж сьнежнем гэтага і сакавіком наступнага году. Увесь гэты час Блатэр будзе выконваць абавязкі прэзыдэнта ФІФА. Пракуратура Швайцарыі выпусьціла адмысловую заяву, у якой падкрэсьліваецца, што якога-кольвек расьсьледаваньня ў дачыненьні да Блатэра не распачыналі. Але, паводле дадзеных СМІ, такое расьсьледаваньне вядзе ФБР ЗША. Падрабязнасьці пакуль невядомыя.

Блатэр ў сваім выступе 2 чэрвеня заклікаў да скарачэньня колькасьці сябраў Выканаўчага камітэту ФІФА і ўвядзеньня абмежаваньняў на тэрмін знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта ФІФА і сяброўства ў Выканаўчым камітэце.

У ЗША супраць функцыянэраў ФІФА вылучаныя абвінавачваньні ў хабарніцтве пры выбары месцаў правядзеньня сусьветных першынстваў па футболе, у махінацыях з заключэньнем маркетынгавых зьдзелак і продажу права на трансьляцыі матчаў, у махлярстве, рэкеце і адмываньні грошай.

Карупцыйныя скандалы, асабліва апошні, напярэдадні кангрэсу, дзе адбылося чарговае пераабраньне Блатэра «царом футбольнага сьвету», пахіснулі як яго рэпутацыю, так і рэпутацыю ФІФА ў цэлым. У Мінюсьце ЗША паведамілі, што чыноўнікі ФІФА абвінавачваюцца ў рэкеце, махлярстве і адмываньні грошай. У цэлым абвінаваўчае заключэньне складаецца з 47 пунктаў. Агульную суму хабараў за апошнія 19 гадоў дзейнасьці ФІФА амэрыканская юстыцыя ацэньвае ў больш як 100 мільёнаў даляраў.

Пагроза Плаціні спрацавала

Што ж магло прымусіць Блатэра прыняць рашэньне аб адстаўцы? Маскоўскі спартыўны аналітык Аляксандар Гарбуноў, аглядальнік выданьня «Спорт: день за днем», прыводзіць сярод магчымых тры прычыны: узрастаньне незадаволенасьці прэзыдэнтам ФІФА з боку транснацыянальных карпарацыяў — спонсараў футбола; дзеяньні амэрыканскіх і швайцарскіх сьледчых (ужо пасьля пераабраньня Блатэра на прэзыдэнцкі пост стала вядома пра магчымае дачыненьне генэральнага сакратара ФІФА Жэрома Вільке да карупцыйных схемаў; нарэшце, пагроза з боку УЭФА аддзяліцца ад ФІФА.

Сапраўды, прэзыдэнт УЭФА, Эўрапейскага саюза футбольных асацыяцыяў, Мішэль Плаціні, пагражаў Блатэру: у выпадку яго пераабраньня УЭФА выйдзе са складу ФІФА і будзе байкатаваць чэмпіянаты сьвету. Аднак Плаціні і яго прыхільнікам не ўдалося дамагчыся зьняцьця кандыдатуры Блатэра на выбарах 29 траўня. Блатэр катэгарычна адмовіўся і, пасьля свайго пераабраньня, публічна абвінаваціў француза ў «неэтычных паводзінах». Стваралася ўражаньне, што Плаціні зьмірыўся з паразай, хоць сытуацыя ў ФІФА павінна была абмяркоўвацца кіраўніцтвам УЭФА на гэтым тыдні — перад фіналам Лігі чэмпіёнаў УЭФА. Цяпер, пасьля аб’явы Блатэра пра хуткую адстаўку, Плаціні лічыцца галоўным прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка ФІФА. На выбарах 29 траўня Плаціні актыўна прасоўваў кандыдатуру іярданскага прынца Алі бін Аль-Хусэйна. Але той адмовіўся ад барацьбы, пацярпеўшы паразу ў першым туры галасаваньня.

Пуцін і Лаўроў супраць

Самым вядомым заўзятарам прэзыдэнта ФІФА ў баталіях вакол Блатэра быў, верагодна, прэзыдэнт Расеі. Уладзімер Пуцін назваў спробу зрынуць Блатэра «бруднай правакацыяй ЗША» і заявіў, што «ніхто не адбярэ ў нас чэмпіянат сьвету па футболе 2018 году». Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў выступіў больш дыпляматычна, каб крыху зьмякчыўшы рыторыку Пуціна. «У Расеі ніхто не спрабуе адабраць чэмпіянат сьвету па футболе 2018 годе. Мы ніколі ня бачылі ніякіх разумных доказаў і абвінавачваньняў у парушэньнях у расейскай заяўкі на правядзеньне чэмпіянату сьвету 2018 году», — сказаў Лаўроў.

Больш на гэтую тэму чытайце на сайце расейскай службы Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG