Адзін з намінантаў на прэмію Ежы Гедройця Антон Францішак Брыль лічыць, што само існаваньне гэтай прэміі дапамагае сучаснай беларускай літаратуры дайсьці да чытачоў.
— Што для вас значыць удзел у конкурсе на літаратурную прэмію Гедройця?
— Перадусім гэта некалькі лішніх інфармацыйных нагодаў. У мяне ёсьць уражаньне, што гэта крышачку дапамагло данесьці да чытачоў зьвесткі пра тое, што такая кніга існуе — гэта было вельмі прыемна. Гэта плюс прэзэнтацыя і навіны, уласна кажучы.
— Ці разьлічваеце вы на перамогу?
— Па-мойму, відавочна не. Адчуваецца, што ёсьць пэўная колькасьць фаварытаў, і, паводле папярэдніх ацэнак, я не ўваходжу ў іх лік.
— Ці чыталі вы творы іншых намінантаў?
— Я чытаў Бахарэвіча, я чытаў крыху больш чым проста ўрывак з Гуцава (таму што там зборнік маленькіх рэчаў і можна чытаць выбарачна). Астатніх чытаў толькі ўрыўкі, якія зьмешчаныя на сайце.
— Як вы ставіцеся да спрэчкі вакол рэцэнзіі Марыі Мартысевіч на кнігу Віктара Казько «Час зьбіраць косьці»?
— Я быў зьдзіўлены. Калі рэцэнзія замаўляецца чалавеку, які яшчэ не чытаў кнігі (а такой умовы няма), ніхто ня ведае, як зрэагуе крытык на кнігу. У прынцыпе, дзіўна апрыёры разьлічваць на тое, што рэцэнзія будзе станоўчая. Я не чытаў цалкам Казько, таму ня ведаю, наколькі я б згадзіўся з гэтай рэцэнзіяй, але, безумоўна, крытык мае права пісаць як станоўчую, так і адмоўную рэцэнзію, і дзіўна, што гэта кагосьці зьдзівіла.
— То бок вы лічыце гэты канфлікт штучным?
— Ён нейкі дзіўны. Я проста не разумею, што адбылося. Як яно пачалося, так я зьдзіўлены і хаджу.
— Што значыць прэмія Гедройця для сучаснай беларускай літаратуры?
— Мне цяжка бачыць усё цалкам, бо я не жыву ў Беларусі (спадар Брыль цяпер у Лёндане. — РС). Але што я заўважаю, гэта тое, што прэмія Гедройця стварае прынамсі інфармацыйныя нагоды, якія выходзяць па-за межы вузкіх нішавых выданьняў. Прынамсі, тое, што нейкія навіны пра беларускую літаратуру праз гэтую прэмію рэгулярна зьяўляюцца на першай старонцы TUT.by — гэта ўжо, напэўна, вельмі нядрэнна.