Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія Ўладзімера Някляева — фантастычна цяжкая, — Аляксандар Класкоўскі


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Экспэрты скептычна ставяцца да пэрспэктыў руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі», які стварае паэт, былы кандыдат на прэзыдэнта і палітвязень Уладзімер Някляеў.

Палітоляг Юры Чавусаў у інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што дагэтулешняя гісторыя стварэньня падобных рухаў у Беларусі даволі сумная:

«У Беларусі ёсьць вялікі скепсіс адносна стварэньня новых рухаў. Здаецца, сам Уладзімер Пракопавіч казаў неяк вельмі красамоўныя словы: маўляў, усе мы ведаем, як ствараюцца новыя рухі. То бок праблема ў тым, што прыцягненьне новых людзей пры стварэньні новых рухаў адбываецца ў меншай ступені, чым перацягваньне людзей з розных іншых структур. Што да такіх амбітных заяваў пра стварэньне руху, які аб’яднае ўсіх-усіх-усіх, то гісторыя падобнага кшталту ініцыятываў у Беларусі даволі сумная. Тут можна прыгадаць гісторыю руху „Воля народу“ спадара Казуліна і некалькі іншых падобнага кшталту ініцыятываў», — кажа экспэрт.

Таксама, паводле слоў Чавусава, вельмі дзіўна, што Някляеў і ягоныя паплечнікі зусім нядаўна не падтрымалі такую ініцыятыву, як Усебеларускі кангрэс за незалежнасьць, якая вельмі падобная да таго, што цяпер зьбіраецца рабіць Някляеў:

«Таму тут вельмі дзіўна атрымліваецца, што ініцыяваньне новых амбітных рухаў у Беларусі робіцца звыклай практыкай. То бок няма нічога больш звыклага, як абвестка пра стварэньне чагосьці супэрновага», — адзначае ён.

Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі ў размове з Радыё Свабода адзначыў, што новую ініцыятыву Ўладзімера Някляева трэба разглядаць перш за ўсё ў кантэксьце крызісу апазыцыі і палітычнай барацьбы зь цяперашнім рэжымам.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

«Я разумею матывы Ўладзімера Някляева. Гэта ўсё адбываецца на тле ягонага выхаду з традыцыйных апазыцыйных структур, бо там не паразумеліся наконт адзінага кандыдата і ў гэтым адлюстраваліся ўвогуле глыбокія супярэчнасьці — я б сказаў, крызіс структураванага апазыцыйнага руху. Менавіта таму Някляеў падкрэсьлівае, што ён ня хоча, каб гэта была чарговая арганізацыя з офісам, рэгіянальнымі суполкамі, а нейкая больш гарызантальная структура, дзе болей самакіраваньня і ініцыятывы. Сапраўды, гэта патрэба ў рэфармаваньні апазыцыйнага руху. Што б ні казалі, гэта ўсё роўна трэба разглядаць у плашчыні барацьбы зь цяперашнім рэжымам, барацьбы за палітычныя перамены ў Беларусі. Аднак разам з тым хачу падкрэсьліць, што гэта ня першая такога кшталту спроба, бо крызіс у традыцыйнай апазыцыі даўні», — кажа ён.

Класкоўскі таксама ўзгадвае пра мінулыя спробы стварыць аналягічныя надпартыйныя рухі: гэта і «Воля народа» Аляксандра Казуліна, і ініцыятыва Аляксандра Мілінкевіча — рух «За свабоду», які спачатку задумваўся як шырокі нацыянальны рух, а ў выніку стаў гібрыдам палітычнай партыі ды арганізацыі няўрадавага сэктару.

«То бок, так ці інакш, гэтыя спробы былі ня надта ўдалыя ці зусім няўдалыя. І калі казаць пра пэрспэктыву гэтай новай ініцыятывы Ўладзімера Някляева, то я проста ня бачу нейкіх чыньнікаў, якія б дазвалялі зрабіць такога кшталту прарыў. Сам Някляеў — чалавек пасіянарны, энэргічны, які ня можа проста так сядзець як пэнсіянэр на лаўцы і глядзець, як сёньня пад пагрозай незалежнасьць Беларусі. Таму ён будзе дзейнічаць, і я думаю, што знойдзецца нейкае кола актывістаў, якія будуць шчыра яго падтрымліваць, але бяда ў тым, што маса народа пасіўная. І тут нават ня толькі страх перад рэпрэсіямі дзейнічае (хоць пасьля 2010 году і гэтая засечка ў памяці сядзіць: хто рыпнецца супраць улады, мала не падасца), аднак яшчэ і такі фаталізм, асабліва на тле ўкраінскіх падзеяў. У большасьці беларусаў сядзіць такая стрымка, што пачнём тут бунтаваць, умоўна кажучы, будзе як ва Ўкраіне: драма, кроў, вайна і г. д. І вось гэта страшэнны мэнтальны тормаз, які робіць фантастычна цяжкай і няўдзячнай тую місію, якую добраахвотна на сябе ўскладае Ўладзімер Някляеў», — лічыць аналітык.

Класкоўскі кажа, што ў прынцыпе ідэя абароны незалежнасьці — гэта тая ідэя, па якой дэмакратычныя сілы могуць знайсьці кансэнсус. Але на практыцы нават вакол такой адназначнай ініцыятывы можа не адбыцца аб’яднаньня. Напрыклад, сярод апазыцыі нібыта ніхто ня быў супраць ідэі адзінага кандыдата, але потым выявілася, што дамовіцца ўсё роўна не ўдаецца.

«Таму тут яшчэ праблема і ў амбіцыях розных палітычных сіл. Так ці інакш, касьцяк любога руху прыйдзецца ствараць з тых самых актывістаў. Слаба верыцца, што нейкі рабацяга з МТЗ ці, тым болей, цэлы цэх возьме і ўступіць у гэты рух — таму што гэтыя людзі пасіўныя, гэта людзі, зь якімі трэба працаваць і зноў жа праз кола актывістаў пашыраць свае ідэі. Мы бачым, што кожная падобная ініцыятыва дэ-факта проста пачынае перацягваць актывістаў зь іншых структур, бо іх мала, а ў рэгіёнах іх проста на пальцах адной рухі можна пералічыць. Таму гэта таксама будзе вялікай праблемай. Плюс, калі казаць пра ідэю незалежнасьці — дык а хіба кіраўніцтва краіны супраць? Яно таксама будзе гуляць на гэтым полі, і таму тут трэба або неяк пазыцыянавацца і казаць, што мы па-рознаму глядзім на гэтыя пытаньні, або ўлада будзе старацца падмяць пад сябе гэты рух», — адзначае палітычны аналітык.

Адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк паведаміў Радыё Свабода, што ніякай афіцыйнай пазыцыі адносна новай ініцыятывы Някляева ў арганізацыі няма. «Мы гэта не абмяркоўвалі», — заявіў ён, адказваючы на пытаньне, ці падтрымае «Гавары праўду» ініцыятыву «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі».

Някляеў узначальваў кампанію «Гавары праўду» на працягу пяці гадоў і пакінуў яе на пачатку красавіка 2015 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG