25 траўня будуць апублікаваныя вынікі літаратурнай прэміі «Кніга году».
Беларускі ПЭН-цэнтар, які зьяўляецца заснавальнік гэтай прэміі, паведамляе:
«Мэта праекту ў тым, каб пісьменьнікі самі абіралі найлепшую беларускую кнігу. Прэмія будзе прысуджацца кожны год за мастацкія творы, выдадзеныя ў папярэднім годзе. Кніга павінна быць напісаная беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы».
Прэмія «Кніга году» абвяшчаецца ў намінацыях «Проза», «Паэзія», «Дзіцячая літаратура». Сьпісы журы і намінантаў прэміі разьмешчаныя на сайце Беларускага ПЭН-цэнтру.
Прэмія мае сымбалічнае значэньне: пераможца адзначаецца дыплёмам, іншых узнагарод не прадугледжана.
1 чэрвеня ў гатэлі «Renaissance» у Менску (пр. Дзяржынскага, 1Е) пройдзе цырымонія ўганараваньня пераможцаў прэміі імя Ежы Гедройця. Пачатак цырымоніі а 19.00.
На галоўную ўзнагароду сёлета прэтэндуюць наступныя кнігі:
1. Таццяна Барысік «Жанчына і леапард» (Менск, «Кнігазбор»).
2. Альгерд Бахарэвіч «Дзеці Аліндаркі» (Менск, «Галіяфы»).
3. Антон Францішак Брыль «Ян Ялмужна» (Менск, «Кнігазбор»).
4. Андрэй Гуцаў «Кніга зданяў» (Мінск, "Кнігазбор«)
5. Сяргей Дубавец «Сіні карабель у блакітным моры плыве» (Мінск, «Каўчэг»).
6. Віктар Казько «Час зьбіраць косьці» (Мінск, «Кнігазбор»).
Аўтар кнігі, якая зойме трэцяе месца, атрымае творчую стыпэндыю ў Вэнтспілсе (Латвія); другое — пераклад твору на польскую мову альбо творчую стыпэндыю ў Доме творчасьці пісьменьнікаў (г. Вісбю, Готланд, Швэцыя); першае — чэк ад IdeaBank.
У журы прэміі сёлета ўвайшлі: Уладзімір Арлоў, Ігар Бабкоў, Малгажата Бухалік, Адам Глобус, Ганна Кісьліцына, Андрэй Федарэнка, Ціхан Чарнякевіч, Ганна Янкута.
Папярэднія пераможцы прэміі імя Ежы Гедройця:
2012 — Павел Касьцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту»;
2013 — Уладзімер Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без»;
2014 — Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка. Тры гісторыі».