Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і большасьць краінаў Эўропы адзначаюць Дзень перамогі


Кветка маку - сымбаль перамогі над фашызмам у Другой сусьветнай вайне.
Кветка маку - сымбаль перамогі над фашызмам у Другой сусьветнай вайне.

Да агульных сьвяткаваньняў сёлета далучылася Ўкраіна, дзе сёньня адзначаецца Дзень памяці і прымірэньня.

8 траўня 1945 году нацысцкая Нямеччына канчаткова падпісала Акт аб капітуляцыі.

Сёньня ЗША, Вялікабрытанія і большасьць краінаў Эўропы адзначаюць Дзень перамогі ў Другой сусьветнай вайне (VE Day, або Victory in Europe Day).

У Парыжы адбылося ўскладаньне кветак да Трыюмфальнай аркі, дзе знаходзіцца магіла Невядомага жаўнера. У цырымоніі прыняў удзел дзяржсакратар ЗША Джон Керы.

У Нямеччыне высокія афіцыйныя асобы сабраліся ў будынку райхстагу, дзе праходзяць памятныя мерапрыемствы.

Раней у польскім горадзе Гданьск прайшла цырымонія, прысьвечаная 70-годзьдзю перамогі над нацысцкай Нямеччынай. У ёй прынялі ўдзел генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск, а таксама лідэры шэрагу краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у тым ліку прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

7 траўня ў 02:40 паводле сярэднеэўрапейскага часу ў францускім горадзе Реймсе нямецкі генэрал Альфрэд Ёдль падпісаў Акт капітуляцыі Нямеччыны, які прынялі: ад імя саюзнага камандаваньня — начальнік Галоўнага штаба Саюзных экспэдыцыйных сілаў, амэрыканскі генэрал Уолтар Бэдэл Сміт, ад СССР — савецкі генэрал Іван Суслапараў (прадстаўнік Сталіна пры саюзным камандаваньні). Капітуляцыя нацысцкай Германіі ўступіла ў сілу 8 траўня ў 23:01 паводле сярэднеэўрапейскага часу.

8 мая 1945 году ў многіх гарадах Эўропы былі праведзеныя вялікія ўрачыстасьці.

Аднак Акт аб капітуляцыі, падпісаны ў Рэймсе, не задаволіў Сталіна.

9 траўня ў 00:43 па маскоўскім часе ў Карлсхорсце (прыгарад Бэрліна) капітуляцыя была падпісаная ў другі раз (паводле цэнтральнаэўрапейскага часу 9 траўня яшчэ не наступіла). На гэты раз — маршалам Георгіем Жукавым, з савецкага боку, а зь нямецкага — генэрал-фэльдмаршалам Вільгельмам Кейтэлем. Паставілі свае подпісы і прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі.

Адпаведна і Дзень Перамогі сталі сьвяткаваць у СССР днём пазьней (9 траўня), чым у іншых краінах антыгітлераўскай кааліцыі.

Украіна разам з многімі краінамі Эўропы адзначае 8 траўня як Дзень памяці і прымірэньня.

Гэтая дата ўсталяваная ўказам прэзыдэнта Ўкраіны «Аб мерапрыемствах па сьвяткаваньні ў 2015 годзе 70-й гадавіны Перамогі над нацызмам у Эўропе і 70-й гадавіны заканчэньня Другой сусьветнай вайны».

Вярхоўная Рада зьбярэцца на ўрачыстае пасяджэньне, каб ушанаваць усіх, хто змагаўся з нацызмам. У пасяджэньні прымуць удзел вэтэраны, якія ваявалі ў шэрагах Чырвонай арміі, нацыянальна-вызвольнага руху, у прыватнасьці УПА, войсках краінаў-сябраў антыгітлераўскай кааліцыі.

Сымбалем Дня памяці і прымірэньня і Дня перамогі ва Ўкраіне стаў чырвоны мак, як і ў многіх краінах Эўропы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG