Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуціну патрэбна друзлая Ўкраіна, у якой Данецк быў бы другім цэнтрам сілы, — Калачоў


Канстанцін Калачоў
Канстанцін Калачоў

Ад новых перамоваў Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе ня варта чакаць прарыву.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў.

У прыватнасьці, на карысьць гэтага сьведчыць настрой, зь якім на сустрэчу ў Менск прыехалі прадстаўнікі сэпаратыстаў: напярэдадні кіраўнікі баевікоў ня раз выказвалі ў СМІ свае сумневы што да пазытыўнага выніку перамоваў. На нейкі прарыў пры такім настроі разьлічваць ня варта, лічыць палітоляг. Увогуле, у цяперашніх варунках перамоўны працэс па сытуацыі ў Данбасе Калачоў ацэньвае як беспэрспэктыўны.

На думку палітоляга, сёньня ёсьць усе падставы лічыць, што сытуацыя ў Данбасе будзе разьвівацца паводле прыднястроўскага сцэнару: то бок «ЛНР» і «ДНР» атрымаюць паўпрызнаньне з боку Расеі і будуць фармальна незалежнымі. Хоць насамрэч прыднястроўскі або абхазскі варыянт не ў інтарэсах Масквы, бо гэта азначала б, што «трэба цалкам браць на сябе груз праблемаў гэтых тэрыторыяў, трэба іх фінансаваць і несьці адказнасьць за сацыяльна-эканамічную сытуацыю».

Пры гэтым Калачоў лічыць, што плян Уладзімера Пуціна ў адносінах да Ўкраіны застаецца адным і тым жа з самага пачатку канфлікту ў Данбасе.

Для Расеі ў ідэале было б, калі б Крым застаўся за Расеяй, а ў астатнім Украіна засталася ў ранейшых межах

«Я думаю, што плян Пуціна не мяняўся: гэта адзіная, але друзлая Украіна, у якой Данецк зьяўляецца другім цэнтрам сілы і мае магчымасьць блякаваць любыя рашэньні, зьвязаныя з эўрапейскім выбарам, імкненьнем у НАТО і г. д. Для Расеі ў ідэале было б, калі б Крым застаўся за Расеяй, а ў астатнім Украіна засталася ў ранейшых межах, але пры гэтым новая Ўкраіна была пабудавана на прынцыпах фэдэратыўных, а можа, нават і канфэдэратыўных па сваёй сутнасьці», — кажа ён.

Для рэалізацыі гэтага пляну патрэбен адпаведны стан грамадзкай думкі ў самой Украіне. Таму Расея будзе чакаць зьменаў у грамадзкім настроі і зьвяржэньня сёньняшняй украінскай улады. «Расея будзе спадзявацца на тое, што рана ці позна да ўлады ў Кіеве прыйдуць сілы, зь якімі можна будзе дамаўляцца», — кажа Калачоў.

Сёньня шмат хто лічыць, што неўзабаве Данбас чакае чарговая эскаляцыя збройнага канфлікту, і, з пункту гледжаньня Калачова, падобныя асьцярогі маюць пад сабой падставы.

Сапраўды, украінскі бок лічыць, што пасьля 9 траўня ў наступ пяройдуць баевікі і расейскія вайскоўцы, тым больш што кіраўнікі сэпаратыстаў ня раз казалі пра сваё жаданьне захапіць усю Данецкую і ўсю Луганскую вобласьці. У сваю чаргу, сэпаратысты кажуць, што Ўкраіна паспрабуе вырашыць праблему Данбаса ваенным шляхам, бо ў Кіеве шмат хто хоча рэваншу.

Для мяне цалкам відавочна, што ў адкрытую ў наступ ніхто ня пойдзе, будзе нейкая буйнамаштабная правакацыя з далейшым тлумачэньнем, што мы, маўляў, не маглі на гэта не адказаць

«Таму ёсьць сур’ёзныя апасеньні, што ў вяснова-летніх умовах той ці іншы бок будзе спрабаваць вырашаць свае праблемы ваенным шляхам. Калі на сьцяне вісіць стрэльба, то яна рана ці позна стрэліць. У дадзеным выпадку мы маем сытуацыю, у якой кожны бок зыходзіць з таго, што іншы гатовы пачаць ваенныя дзеяньні, а магчыма, проста прыпісвае іншаму боку свае ўласныя пляны. Для мяне цалкам відавочна, што ў адкрытую ў наступ ніхто ня пойдзе, будзе нейкая буйнамаштабная правакацыя з далейшым тлумачэньнем, што мы, маўляў, не маглі на гэта не адказаць», — кажа экспэрт.

У гэтым сэнсе любыя перамовы Калачоў лічыць дабром, бо гэта ўсё ж дае надзею на тое, што чарговай эскаляцыі канфлікту ўдасца пазьбегнуць.

Папярэдняя вочная сустрэча Трохбаковай кантактнай групы адбывалася ў Менску 11–12 лютага падчас сустрэчы прэзыдэнтаў у «нармандзкім фармаце». Да траўня група рэгулярна працавала ў фармаце відэаканфэрэнцыяў. Апошняя зь іх адбылася 29 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG