Праз 29 гадоў пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва, на забруджаных тэрыторыях Беларусі працягваюць жыць людзі. Паводле зьвестак Белстату, гэта больш як 12% насельніцтва краіны.
Як вядома, у выніку аварыі на ЧАЭС Беларусь больш за іншых была забруджаная — на яе тэрыторыю выпала больш за 70% усіх радыянуклідаў. Рэспубліка была абвешчаная зонай экалягічнага бедзтва.
Паводле зьвестак афіцыйнай статыстыкі, на пачатак 2015 года ў зоне радыеактыўнага забруджваньня знаходзілася 28 гарадоў і пасёлкаў гарадзкога тыпу, а таксама 2.355 сельскіх населеных пунктаў (10,2% населеных пунктаў краіны). Колькасьць насельніцтва, якое жыве на забруджанай тэрыторыі, на пачатак гэтага года склала 1 млн. 142,6 тыс. чалавек (12,1% насельніцтва краіны). Прыкладна 215 тыс. зь іх — дзеці, больш за 600 з якіх прызнаныя інвалідамі.
Як паведаміла на прэс-канфэрэнцыі 24 красавіка ў Менску начальнік аддзелу сацыяльнай абароны і праўнай працы дэпартамэнту па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС МНС Натальля Кахноўская, часьцей за ўсё інваліднасьць дзяцей зьвязаная з ракам шчытападобнай залозы.
Дзяржава, паводле слоў чыноўніцы, «укладвае дастаткова вялікія сродкі ў тое, каб тыя людзі, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях, не адчувалі сябе закладнікамі» сытуацыі. Так, паведаміла Кахноўская, 52% сродкаў, прадугледжаных дзяржпраграмай па пераадоленьні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, ідзе менавіта на сацыяльную абарону пацярпелых грамадзян.
На той жа прэс-канфэрэнцыі намесьнік начальніка названага дэпартамэнту МНС Мікалай Цыбулька заявіў, што міністэрства чакае ад навукоўцаў прапановаў па выкарыстаньні адселеных тэрыторый. «Вось-вось споўніцца 30 гадоў пасьля чарнобыльскай катастрофы, і мы б хацелі, каб навука нам дапамагла і распрацавала нейкія канцэптуальныя падыходы па кіраваньні тэрыторыямі адсяленьня», — сказаў ён. Паводле слоў прадстаўніка МНС, міжнародныя кампаніі ўжо прапаноўвалі вырошчваць на гэтых тэрыторыях тэхнічныя культуры для атрыманьня біягазу, біяпаліва. Можна таксама прапанаваць стварэньне заказьніка, дадаў чыноўнік. У аддаленай пэрспэктыве, паводле яго слоў, на адселеных тэрыторыях магчымае расьсяленьне людзей, але для гэтага трэба будзе занава ствараць усю неабходную для жыцьця інфраструктуру.
Аднак многія вучоныя і эколягі перакананыя, што асвойваць чарнобыльскія землі, жыць там і весьці сельскую гаспадарку нельга з-за шкоднага ўзьдзеяньня радыяцыі на здароўе людзей. Праблему нэгатыўнага ўзьдзеяньня малых доз радыяцыі на жывы арганізм у свой час уздымаў доктар мэдыцынскіх навук прафэсар Юры Бандажэўскі. У 1999 годзе ён быў зьняты з пасады рэктара Гомельскага дзяржаўнага мэдінстытуту, арыштаваны паводле падазрэньня ў атрыманні хабару і правёў за кратамі шэсьць гадоў. На думку праваабаронцаў, сапраўднай прычынай арышту Бандажэўскага стала яго нязгода з палітыкай уладаў па пераадоленьні наступстваў аварыі на ЧАЭС.
Непажаданыя ўладам дасьледаваньні праводзіў і член-карэспандэнт НАНБ Іван Нікітчанка, які трагічна загінуў у ДТЗ у лістападзе 2010 году.
Група спэцыялістаў пад яго кіраўніцтвам распрацавала новую канцэпцыю бясьпечнага пражываньня людзей на постчарнобыльскіх тэрыторыях.
Сутнасьць яе зводзілася да таго, што радыенукліды шкодныя для арганізму ў любой колькасці. Вучоныя прапаноўвалі адмовіцца ад дапушчальных узроўняў утрыманьня радыенуклідаў у харчовых прадуктах як небясьпечных для здароўя людзей, аднак улады ня сталі прыслухоўвацца да іх довадаў.
З нагоды 29-й гадавіны аварыі на ЧАЭС сёньня ў Менску пройдзе традыцыйны «Чарнобыльскі шлях», дазволены сталічнымі ўладамі. Збор удзельнікаў акцыі абвешчаны каля кінатэатру «Кастрычнік» з 14.00 да 14.30. Затым адбудзецца шэсьце па вуліцы Сурганава да царквы ў гонар абраза Божай Маці, разьмешчанай побач з паркам Дружбы Народаў. Мітынг сёлета вырашылі не праводзіць. «Чарнобыльскі шлях — 2015» пройдзе пад лёзунгам «Не — расейскай ядзернай пагрозе». Паводле яго вынікаў плянуецца прыняць рэзалюцыю.
Як паведаміў журналістам адзін з заяўнікаў акцыі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, рэзалюцыя будзе прысьвечаная наступствам чарнобыльскай катастрофы, ацэнцы дзеяньняў беларускіх уладаў па іх ліквідацыі, «ваеннай пагрозе з боку Расеі і пагрозе разьмяшчэньня расейскай тактычнай ядзернай зброі на тых ударных самалётах, якія плянуецца разьмясьціць на нашай тэрыторыі», а таксама ацэнцы «сутнасьці расейскага рэжыму і палітычнага рэжыму Беларусі».
Арганізатары шэсьця заклікалі ўдзельнікаў акцыі прыносіць кветкі і лампадкі да разьмешчаных каля царквы памятных знакаў у гонар ахвяр і ліквідатараў катастрофы на ЧАЭС.