Андрэй Бастунец нарадзіўся ў 1966 годзе ў Менску. Паводле адукацыі — юрыст, скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Журналістыкай пачаў займацца ў 1998 годзе — быў намесьнікам галоўнага рэдактара газэты «Фемида NOVA», пазьней пачаў працаваць у Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Піша вершы і музыку, выпусьціў некалькі музычных альбомаў, у тым ліку «Доказы руху». На хвалях Радыё Свабода гучалі яго творы, у тым ліку і песьня «Начальнік».
Адразу пасьля свайго абраньня на пасаду старшыні БАЖу Андрэй Бастунец адказаў на пытаньні Радыё Свабода.
РС: Андрэй, пасьля такой «зорнай эпохі» Жанны Літвіной, якая ачольвала арганізацыю цягам 20 гадоў, вам ня будзе перашкаджаць яе аўтарытэт, сьветлае аблічча, арэол яе славы? Каленкі не дрыжаць? Бо калегі-журналісты — народ зьедлівы, любіць крытыкаваць, не даруе памылак...
Бастунец: Я спадзяюся, што яе аўтарытэт і сьветлае аблічча будуць мне не перашкаджаць, а дапамагаць. Я насамрэч спадзяюся ня толькі на яе маральную падтрымку, але і дзейную дапамогу і пасьля гэтага зьезду. Яна, дарэчы, застаецца сябрам праўленьня БАЖу, і ў мяне ёсьць усе падставы чакаць яе дапамогі і падтрымкі і пасьля гэтага зьезду.
РС: Цяперашні год — даволі няпросты для Беларусі, у сэнсе — год прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле адукацыі вы юрыст, у БАЖы займаліся юрыдычнымі пытаньнямі. Прапанова вылучыць Вас на пасаду старшыні БАЖу была зьвязаная з тым, што сёлета спатрэбіцца ваш юрыдычны досьвед?
Бастунец: Незалежна ад таго, як сытуацыя складзецца, зьменіцца падчас выбараў, юрыдычнай працай, юрыдычнай дапамогай БАЖ займаўся заўсёды. Проста было цьвёрдае жаданьне Жанны Літвіной пасьля амаль 20 гадоў напружанай працы сысьці з гэтай пасады, Менавіта гэтае яе жаданьне, а ня нейкія новыя выклікі, стала прычынай, каб гэтыя пытаньні мы сёньня абмяркоўвалі.
РС: Я зразумела па выніках зьезду, што курс БАЖу застаецца нязьменным: дамагацца зьменаў у заканадаўстве аб СМІ, абараняць журналістаў, адстойваць правы і інтарэсы фрылансэраў, прасоўваць пэўныя праекты. На зьезьдзе праанансаваная новая кампанія «За права на інфармацыю». У вас ёсьць нейкія новыя ідэі? І як вам каманда — ёсьць з кім працаваць?
Бастунец: Застаецца тая самая каманда, якая працуе ўжо доўгі час разам. І нават капітан — былая старшыня — не адыходзіць далёка ад капітанскага мосьціка. Таму я перакананы, што карабель будзе рухацца ў тым самым кірунку, як і раней. І тыя людзі, якія працуюць шмат гадоў, і новыя, якія нядаўна прыйшлі, будуць і далей працаваць. Ёсьць упэўненасьць, ёсьць настрой, ёсьць спадзеў, што БАЖ будзе і надалей дапамагаць незалежным СМІ. Рэвалюцыйных, кардынальных зьменаў ня будзе — гэта бачна і са складу выбарчых органаў, збольшага застаюцца тыя самыя людзі, але склад абнаўляецца. Будзем працаваць!