Менавіта тут 14 красавіка здарылася трагедыя — павесілася 45-гадовая выкладчыца, дацэнт, кандыдат філялягічных навук, маці дваіх дзяцей-студэнтаў. У яе перадсьмяротнай запісцы адно толькі слова: «Даруйце».
Па факце гібелі вядзецца сьледзтва, якое й павінна даць адказ, чаму выкладчыца апынулася ў пятлі з правадоў у пад’езьдзе свайго дома.
Жыхароў... падвесілі
Першапачаткова 156-кватэрны дом з трох сэкцыяў па вуліцы Савецкай, 106, будаваўся і здаваўся ў эксплюатацыю як жылы дом. І зямля адводзілася пад жылы дом. Здаваўся дом пачаргова, па сэкцыях.
Выкладчыкі зь сем’ямі атрымлівалі тут сталую прапіску, у тым ліку й тыя, хто прыехаў у Гомель па запрашэньні зь іншых гарадоў былога Саюзу. Людзі абжываліся, радаваліся: ёсьць свой кут, дах над галавою. І аддаваліся працы — рыхтавалі кваліфікаваных спэцыялістаў: настаўнікаў, эканамістаў, праграмістаў, геафізыкаў, юрыстаў.
А праз 30–40 гадоў рэктарат унівэрсытэту заяўляе састарэлым выкладчыкам ды адзінокім іхнім сямейнікам прыкладна так: дом гэты мае статус інтэрнату, і стаўленьне да жыхароў будзе адпаведнае.
«Мне 70 гадоў, а мне даюць 6 мэтраў і могуць падсяліць студэнтаў»
Вось што распавядае 70-гадовая Галіна, былая выкладчыца:
«Я працавала ва ўнівэрсытэце сорак тры гады. Як маладому спэцыялісту мне выдалі невялікую двухпакаёўку. Цяпер у сына свая сям’я, ён жыве асобна. А мне прапануюць перасяліцца ў аднапакаёвую „ячэйку“ — так цяпер афіцыйна пераназвалі нашы кватэры. Я не прэтэндую на невядома што: дайце спакойна дажыць. Кватэрка мая нязручная, але я ўжо прызвычаілася да яе, падабрала адпаведную мэблю. Ведаю, дзе і што тут ляжыць, магу з заплюшчанымі вачамі знайсьці. Зрабіла рамонт, замяніла вокны на сучасныя. Думала, што старасьць мая забясьпечаная. А мне: „Сыходзь — і ўсё“. Калісьці чалавек быў дзяржаве патрэбны, каб бег, як кажуць, паперадзе паравоза. Цяпер ён нікому не патрэбны. Калі ласка — пайшоў прэч.
Калісьці чалавек быў дзяржаве патрэбны, каб бег, як кажуць, паперадзе паравоза. Цяпер ён нікому не патрэбны. Калі ласка — пайшоў прэч.
Я была на прыёме ў рэктара Аляксандра Рагачова, але ён мне так нічога і не сказаў. Я напісала ў Міністэрства адукацыі, а мне адказалі: вам даюць 6 квадратных мэтраў у інтэрнаце. Да мяне могуць падсяліць студэнтаў ці кагосьці зь іншых жыхароў дома. Я магу перасяліцца з гэтага „інтэрната“ — дайце мне ўзамен аднапакаёўку ў любым раёне гораду, каб я магла яе прыватызаваць».
У мяне тут муж, двое дзяцей, сьвякроў, а мне забараняюць знаходзіцца ў кватэры пасьля 23 гадзіны, бо рэктар сказаў, што я тут ніхто.
Другую гісторыю распавяла Натальля, якая, як сама кажа, жыве тут «на птушыных правах»:
«Мяне не рэгіструюць у трохпакаёвай кватэры, дзе жывуць муж, двое нашых малалетніх дзяцей і сьвякроў. Кватэру калісьці атрымліваў на сям’ю сьвёкар, выкладчык эканамічнага факультэту. Яго ўжо няма ў жывых. Сьвякроў памятае, што калі ўзводзілі дом, то вісеў пашпарт будоўлі, дзе было пазначана, што гэта жылы дом.
Дзяцей мы з мужам зарэгістравалі тут з боем, праз пракуратуру. Мне самой забараняюць знаходзіцца ў кватэры пасьля 23 гадзіны, бо рэктар сказаў, што я тут ніхто.
Распавядаюць, што на рэктараце абмяркоўвалася нават пытаньне наконт блякіроўкі кодавых замкоў з 23 гадзіны да 6.00. Маўляў, раз гэта «інтэрнат», то трэба, каб у гэты час ніхто сюды не заходзіў і не выходзіў. Дык ужо ўсе абураліся: у доме ж сталыя людзі, дзеці! А калі каму хуткая дапамога спатрэбіцца, тады як? Крыкам нібыта пакуль усё й скончылася. Згадваюць, што ў студэнцкім інтэрнаце на той жа вуліцы Савецкай, 83-а, у 2007 годзе насьмерць разьбіўся студэнт, які загуляў, спазьніўся і спрабаваў забрацца на свой паверх звонку, бо ўночы нікога ў інтэрнат не ўпускалі.
Паўтара года таму зноў трагедыя ў тым жа інтэрнаце: чацьвёртакурсьнік, які раней тут жыў і быў выселены, лез да сяброў па рыштаваньнях — і таксама разьбіўся.
Што да нашага так званага «інтэрната», то нам хацелася б на законных падставах выкупіць свае кватэры, у якіх мы жывём і куды многія з нас уклалі сродкі. Мы ж ня просім іх аддаць нам безкаштоўна.
Я пыталася ў сваёй сьвекрыві, чаму раней не турбаваліся наконт прыватызацыі кватэры. Дык яна адказала: «А хто ж думаў, што будзе такое беззаконьне, што нас будуць выкідваць?»
«Няма інфармацыі — і гэта спараджае псыхоз»
Выкладчыца, кандыдат навук, якая не захацела афішаваць сваё імя, распавядае пра сябе:
«У доме гэтым доме я жыла студэнткай, асьпіранткаю. Жыла спачатку безь ніякай рэгістрацыі. Зарэгістравалі, калі я ўжо нарадзіла першае дзіця. Потым, калі была цяжарная другім дзіцем, хадзіла да рэктара, прасіла хоць бы „двоечку“ — усё-ткі чацьвёра душ у сям’і будзе. Адмаўлялі пяць гадоў, аж пакуль я не сабрала кучу даведак пра стан здароўя. Нарэшце выдзелілі. Я ўзрадавалася, але калі пабачыла тую двухпакаёўку, то была шакаваная — настолькі яна была занядбаная. Мы адрамантавалі яе, разгрэбліся з даўгамі. Акурат перад гэтым кіраўніцтва ўнівэрсытэту даводзіла, што парадкуе насельнікаў, бо будзе перадаваць дом на балянс гораду.
Я ўклала ў рамонт грошы, а тут нам кажуць: „Усё — інтэрнат робім“. Гэта такі аблом быў. Разумееце? Паўтара года даўгі аддавалі, узятыя на рамонт. Я толькі мінулай зімою фіранкі на вокны павесіла. І на табе — інтэрнат. А дамову найманьня кватэры рэгістравалі ў гарвыканкаме, бо давалі яе сям’і як маючай патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў.
Вы толькі падражнілі і адабралі надзею. Гэта горш, чым бы вы гэтую двухпакаёўку наагул не далі.
Калі пачаліся суды па зьмене рэгістрацыі прызначэньня шматкватэрнага жылога дома на інтэрнат, я хадзіла на паседжаньні. Наш юрыст Валер Нядоступ потым моцна крычаў: „Мы цябе абдарылі, а ты, такая няўдзячная, на суд прыйшла!“ Я адказваю: „Вы толькі падражнілі і адабралі надзею. Гэта горш, чым бы вы гэтую двухпакаёўку наагул не далі“.
Гэтага маральнага аспэкту наагул ніхто ня хоча бачыць. Мы ж думалі: рамонт зрабілі, даўгі аддалі. Апошнія ўкладаньні зробім, каб прыватызаваць гэтую „двоечку“, — і можна жыць спакойна. А цяпер што чакае наперадзе? Нагрузку выкладчыкам скароцяць, бо будзе перавод студэнтаў на чатырохгадовае навучаньне, — значыць, заробкі зьнізяцца. Кватэры няма. Сытуацыя, як у Сьвятланы» (так звалі выкладчыцу, якая павесілася. — РС).
Я не магу таксама зразумець, чаму рэктар праігнараваў прэзыдэнцкі ўказ № 524 ад 13 лістапада 2014 году «Аб прыватызацыі жылых памяшканьняў дзяржаўнага жылога фонду», паводле якога рашэньне наконт прыватызацыі ізаляванага жылога памяшканьня ў шматкватэрным доме можа прымацца ў спрошчаным парадку, абы толькі жылое памяшканьне было ў дакумэнтах адзінага дзяржаўнага рэгістра нерухомасьці.
Усе эканамічныя суды гэта праігнаравалі. Наш унівэрсытэцкі начальнік юраддзелу наагул заяўляў, што гэта «некарэктны ўказ». А мы ж да нядаўняга часу жылі ў «жылым доме», бо дом № 106 па Савецкай быў зарэгістраваны ў БТІ ў 1979 годзе як «шматкватэрны жылы дом».
І што асабліва крыўдна: ніхто нам нічога ня кажа пра канчатковую мэту. Рэктарату, відаць, выгадна трымаць нас у няведаньні. Што будзе — арандаванае жыльлё, прыватызацыя для тых, хто мае патрэбу? Нуль інфармацыі, і гэта спараджае псыхоз».
«Мяне выганяюць на вуліцу»
Пэнсіянэрка Яўгенія атрымала двухпакаёвую кватэру ў гэтым доме ў 1992 годзе:
«Дамова найманьня жылога памяшканьня і ордэр выпісваліся на мужа — на той час ён працаваў выкладчыкам ва ўнівэрсытэце. Сама я з унівэрсытэтам ніякімі працоўнымі стасункамі не была зьвязаная.
Пражылі мы ў гэтай кватэры разам восем гадоў. Разьвяліся. Муж зьехаў у Менск. Чатырнаццаць гадоў я тут жыву адна. Рахунак на аплату камунальных паслуг перапісаны на мяне.
Праблемы пачаліся неўзабаве пасьля таго, як зьмянілася кіраўніцтва ўнівэрсытэту. Спачатку патрабавалі, каб я перасялялася ў аднапакаёвую кватэру, бо ў мяне, бачыце, утварылася „лішняя“ жылая плошча. Я адмаўлялася, бо гэтую кватэру нам з былым мужам давалі дзеля паляпшэньня жыльлёвых умоваў сям’і. Нас у горадзе нават з чаргі зьнялі, калі мы атрымалі гэтую двухпакаёўку.
Праз рашэньне суду ўнівэрсытэт патрабаваў, каб я заключыла дамову найманьня на аднапакаёўку. Адмовілася, бо дамова — гэта пагадненьне бакоў. А тут — прымус. Вярхоўны суд нават прынёс пратэст на такую „абавязалаўку“. Апрача таго, рэктарат праз суд высяляў мяне з аднаго пакоя маёй двухпакаёўкі — гэта значыць, адбіраў пакой на 12,7 кв. м. Нават двойчы кватэра апячатвалася. Мне прысылаюць рахункі на аплату камунальных паслуг і за двухпакаёўку, і за аднапакаёўку, куды мяне зьбіраліся перасяліць. Канечне, за аднапакаёўку я ніякіх грошай не плачу.
Цяпер у судзе Цэнтральнага раёну знаходзіцца пазоў на маё высяленьне з дома без прадстаўленьня жыльля, то бок мяне выганяюць на вуліцу».
Будаваліся кватэры, а сталі — «ячэйкі»
У рашэньні Гомельскага гарвыканкаму № 579 (21 лістапада 1973 году) запісана: «Акт дзяржаўнай прыёмнай камісіі ад 20 лістапада 1973 году зацьвердзіць і дазволіць увод 42-х кв. часткі жылога дома па вуліцы Савецкай у эксплюатацыю». На балянс унівэрсытэту гэтая частка пастаўлена менавіта як жылы дом. Выкладчыкі зь сем’ямі атрымлівалі тут сталую прапіску, у тым ліку й тыя, хто прыехаў у Гомель на запрашэньне зь іншых гарадоў былога Саюзу.
Годам пазьней гарвыканкам сваімі рашэньнямі №№ 500, 501 зацьвердзіў акты ўводу 58- і 56-кватэрнага жылых дамоў, названых 114-кватэрнай жылой сэкцыяй. На балянс унівэрсытэту іх паставілі як «інтэрнат», хоць ніякага пераабсталяваньня кватэр пад інтэрнат не рабілася, прапускны рэжым ня ўводзіўся.
Была й яшчэ адна акалічнасьць. Адмысловым рашэньнем гарвыканкаму жылыя сэкцыі згаданага дома дазвалялася выкарыстоўваць пад інтэрнат для студэнтаў. Аднак дазваляць выкарыстоўваць і быць інтэрнатам — не адно і тое ж. Тым больш што з 1979 году дом № 106 на Савецкай зарэгістраваны быў у БТІ як «шматкватэрны жылы дом».
У зьвязку з чарнобыльскай катастрофай і патрэбамі мець жытло для запрошаных выкладчыкаў замест тых, хто пакінуў рэгіён, у 1991 годзе Гомельскі аблвыканкам рашэньнем № 168 надаў усяму будынку па вуліцы Савецкай, 106 «статус» інтэрната прафэсарска-выкладчыцкага складу і супрацоўнікаў унівэрсытэту. Людзі пра гэта даведаліся недзе толькі ў 2004 годзе, калі захацелі заняцца прыватызацыяй кватэраў, у якіх жывуць.
З тае пары і пайшла кругаверць: скаргі, лісты ў інстанцыі, суды. Тым больш што ў 2013 годзе загадам па ўнівэрсытэце ў інтэрнат ператварылі і апошні «бастыён» — 42-кватэрную сэкцыю, дзе жыла загінулая выкладчыца, а да таго ж разьмешчаныя ў доме бібліятэку і кнігарню.
Праз эканамічны суд адміністрацыя ўнівэрсытэту дамаглася зьмены дзяржаўнай рэгістрацыі прызначэньня шматкватэрнага дома па Савецкай, 106 — ён узаконены як інтэрнат. Адбылася, маўляў, памылка «нетэхнічнага характару».
Адзін з выкладчыкаў-філёлягаў так камэнтуе такія мэтамарфозы: «Калі „нетэхнічнага характару“, то якога — артаграфічнага, сынтаксычнага ці наагул лягічнага характару?»
Тым часам рэктарат праз сваю юрыдычную службу «ўшчыльняе» жыхароў дома, патрабуе падпісваць абавязаньне, што пры сыходзе з унівэрсытэту на іншую працу выкладчык мусіць пакінуць і кватэру.
На філялягічным факультэце апавядаюць, што нябожчыца ў свой час разарвала кантракт з такім абавязаньнем. Адбілася яна нібыта і ад патрабаваньня перасяліцца з трохпакаёўкі ў меншую кватэру.
Рэктар унівэрсытэту Аляксандар Рагачоў на такія сьцьвярджэньні адказвае: «Мы выпраўляем памылкі з гэтым домам, на што нам падчас праверак указвалі і міністэрства, і пракуратура. Тут, як і ва ўсякай рэвалюцыі, галоўнае пытаньне — гэта пытаньне ўласнасьці. Калі да загінулай выкладчыцы і былі пытаньні, то не ў рэктарату, а ў нашай юрыдычнай службы. Бо чарга разбору да выкладчыцы яшчэ не дайшла».
У зьвязку з афіцыйным статусам будынка па Савецкай кватэр тут ужо няма, называюцца яны цяпер — «ячэйкі».
Дом № 106 нагадвае цяпер дом капітана Шотавэра з п’есы клясыка ангельскай літаратуры Бэрнарда Шоў пад назовам «Дом, дзе разьбіваюцца сэрцы» — тут пасяліліся двудушнасьць, злосьць, непавага і, на вялікі жаль, яшчэ й трагедыя.