Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцам паказалі Магілёў, якога ўжо няма ФОТА


Магілёўская Ратуша
Магілёўская Ратуша

Каля сотні ўдзельнікаў экскурсіі па Магілёву пабачылі свой старажытны горад, ад былых архітэктурных славутасьцяў якога засталіся толькі гістарычныя зьвесткі, ўспаміны ды падмуркі.

Вандроўку па старому месту ў межах штогадовага ўсебеларускага фэсту экскурсаводаў арганізавала мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы. Фэст прысьвечаны міжнароднаму Дню аховы помнікаў і памятных мясьцінаў.

Буклет магілёўскай экскурсіі
Буклет магілёўскай экскурсіі

На працягу дзьвюх гадзінаў удзельнікі экскурсіі прайшліся па знакавых гарадзкіх мясьцінах, якія не адно стагодзьдзе рабілі Магілёў адметным.

Многія прыйшлі на экскурсію зь дзецьмі
Многія прыйшлі на экскурсію зь дзецьмі

Пачалі з Замкавай гары, якую магілёўцы называюць магілай льва. На ёй, паводле гарадзкой легенды, пахаваны праслаўлены Янкам Купалам Машэка. У часы, калі гарадзкі замак яшчэ ўзвышаўся над Дняпром, у ім гасьцявала нямала вядомых асобаў. Сярод іх, паводле экскурсавода, лідэра мясцовых тэбээмаўцаў Алега Дзьячкова, быў і Вітаўт — вялікі князь Вялікага княства Літоўскага.

Экскурсія на Замкавай гары
Экскурсія на Замкавай гары

«Штогод мы пачынаем экскурсію з Замкавай гары, бо многія ня ведаюць, што такая гара ёсьць у Магілёве. А што такое Замкавая гара — гэта тое месца з адкуль пачыналася наша гарадзкая гісторыя», — даводзіць Алег Дзьячкоў.

На дальнім пляне царква, дзеля яе зьнішчылі культурны пласт Замкавай гары
На дальнім пляне царква, дзеля яе зьнішчылі культурны пласт Замкавай гары

«І, калі людзі даведваюцца, то разумеюць, што гораду пад тысячу гадоў. Распавядаю заўжды пра нашага Машэку. Ня кожны горад мае такую легенду. Замкавая гара захавалася. Калі на яе турыстаў прыводжу, то ў захоплівае дух. Яны кажуць: «Які ў вас рэльеф і чаму вы гэтым не карыстаецеся. Замкавая гара — гэта адзін з сымбаляў нашага горада».

Экскурсія на месцы Калегіюма езуітаў, ад якога засталася толькі сьцяна
Экскурсія на месцы Калегіюма езуітаў, ад якога засталася толькі сьцяна

Цяпер на замчышчы няма замка, няма і высаджанага расейскім губэрнатарам Аляксандрам Дамбавецкім, якому ўлады зьбіраюцца ўсталяваць помнік, сада з рэдкімі відамі расьлін. Зьнішчаны і культурны пласт знакавай гарадзкой мясьціны. Яго вывезьлі, калі парадкавалі пляцоўку пад царкву. Як зазначыў Дзьячкоў — зьнішчэньне культурнага пласту — факт гісторыі, які нельга ўжо выправіць.

Алег Дзьячкоў
Алег Дзьячкоў

Наведалі вандроўнікі Гандлёвую плошчу, якую ў кожную эпоху пераназывалі. Цяпер яна Плошча Славы. На ёй адзіны на ўсім маршруце экскурсіі адбудаваны наноў будынак Ратушы, які падкрэсьлівае эўрапейскасьць Магілёва. Дубровенскую браму, касьцёлы сьвятога Ксаверыя ды Антонія, Багаяўленскі і Спаскі манастыры, Пакроўскі пасад удзельнікі вандроўкі пабачылі толькі на ілюстрацыях.

«Нам абсалютна інакш адкрыўся наш стары горад, хаця ў прынцыпе ад яго ўжо нічога і не засталося. Усё пазносілі. Колькі было ў горадзе цэркваў, помнікаў архітэктуры, ўсё зьнесьлі. Набудавалі нейкіх будынкаў новых. Але ўсё ж магло быць інакш», — дзеляцца ўражаньнямі ад экскурсіі маладыя яе ўдзельнікі.

Экскурсія зь пешаходнай вуліцы Ленінскай выходзіць да Ратушы
Экскурсія зь пешаходнай вуліцы Ленінскай выходзіць да Ратушы

«Мы нядаўна езьдзілі ў Кракаў. Там столькі касьцёлаў сабораў, старых будынкаў. І гэта ўсё ўплывае на сьвядомасьць моладзі. Яна там крыху іншая. Яны інакш выхаваныя, духоўна выхаваныя. У нас усё інакш».

Экскурсія завяршылася на беразе Дняпра, на якім быў касьцёл сьвятога Антонія і Пакроўская царква. Сьвятыні зьнішчаныя
Экскурсія завяршылася на беразе Дняпра, на якім быў касьцёл сьвятога Антонія і Пакроўская царква. Сьвятыні зьнішчаныя
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG