«У 2014 годзе ў адпаведнасьці з рашэньнямі прэзыдэнта праведзеныя зьдзелкі (прамыя продажы канкрэтным інвэстарам) па продажы пакетаў акцыяў, якія належалі Беларусі, 4 акцыянэрных таварыстваў: „Коханаўскі экскаватарны завод“, „Белгіпс“, „Гідрапрывад“ і „Брэсцкі панчошны камбінат“, а таксама аднаго прадпрыемства як маёмаснага комплексу рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства „Дзяржынскі досьледна-мэханічны завод“. Агульная сума зьдзелак склала 5 270 000 даляраў і больш як 150 млрд рублёў», — заявіў Андрэй Гаеў.
Трэба адзначыць, што раней беларускі ўрад агучваў пляны па прыватызацыі дзяржмаёмасьці ў 2014 годзе на суму некалькі мільярдаў даляраў.
Эканаміст Леанід Злотнікаў у інтэрвію Радыё Свабода выказаў меркаваньне, што ніякай сэнсацыі ў такіх сьціплых выніках прыватызацыі няма. Экспэрт узгадаў словы Аляксандра Лукашэнкі на прэс-канфэрэнцыі ў студзені, калі той заявіў, што заўсёды будзе прыхільнікам плянавай эканомікі.
«А ці можа быць плянавая эканоміка, калі ўсё будзе прыватызавана? Наша эканамічная мадэль не дапускае на камандныя вышыні бізнэс, гэтыя вышыні можа кантраляваць толькі дзяржава. Таму калі і ідзе прыватызацыя, то дробязная», — адзначыў ён.
Паводле слоў Злотнікава, сам характар беларускай эканомікі не спрыяе зацікаўленасьці бізнэсу ў прыватызацыі прадпрыемстваў:
«Што толку набыць беларускае прадпрыемства — а потым яго забяруць або будуць ім камандаваць? Інстытут прыватнай уласнасьці — гэта перш за ўсё такі інстытут, дзе ўласьнік мае права прымаць рашэньні, што і як рабіць. У нас, напрыклад, забараняюць павышаць цэны або прымушаюць адмаўляцца ад імпарту — а як пасьля гэтага можна лічыцца прыватным уласьнікам?»