Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына прагнулася пад расейскі крызыс


Сымбаль Магілёва сярэднявечная Ратуша на Савецкай плошчы.
Сымбаль Магілёва сярэднявечная Ратуша на Савецкай плошчы.

Забітыя склады, малыя заробкі, звальненьні і беспрацоўе. Як цунамі расейскага крызісу пахавала пад сабой колішніх флягманаў магілёўскай прамысловасьці.

Забітыя склады, малыя заробкі, звальненьні і беспрацоўе. Як цунамі расейскага крызісу пахавала пад сабой колішніх флягманаў магілёўскай прамысловасьці.

Магілёўская вобласьць адзіная сярод беларускіх рэгіёнаў паказала ў 2014 годзе зьніжэньне валавога рэгіянальнага прадукту аж на 2,5%. Мясцовыя прадпрыемствы большую частку сваёй прадукцыі пастаўляюць на расейскі рынак. Пры канцы мінулага году кіраўнікі шэрагу прадпрыемстваў казалі пра вялікія страты ад абясцэньваньня расейскай валюты, а таксама пагрозу страціць наагул расейскага спажыўца. Ужо тады экспэрты выказваліся за дэвальвацыю беларускага рубля.

«Строммашына»: «Беларуськалій» нічога не замаўляе, расейскія прадпрыемствы працуюць на 50%

«Строммашына» — адно з найстарэйшых прадпрыемстваў Беларусі. Выпускае машыны для вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў, горныя і будаўнічыя машыны, вежавыя краны.

Інфармацыя пра праблемы на вытворчасьці праточвалася ў прэсу і раней. Сёньня ў адміністрацыі прызнаюць, што завод надалей застаецца ў няпростай эканамічнай сытуацыі.

Так, курс расейскага рубля крыху зрушыўся ўверх, цяпер ён недзе 247 беларускіх. Аднак пры тагачасным курсе 200, 205, 207, зь якім мы працавалі, вымываліся абаротныя сродкі.

«Так, курс расейскага рубля крыху зрушыўся ўверх, цяпер ён недзе 247 беларускіх. Аднак пры тагачасным курсе 200, 205, 207, зь якім мы працавалі, вымываліся абаротныя сродкі. Тыя курсы нэгатыўна адбіліся на працы прадпрыемства. Цяпер задача — павялічваць абаротныя сродкі, бо бязь іх дужа цяжка працаваць. Людзі на прадпрыемстве разумеюць сытуацыю і церпяць ад яе. Заработная плата ў параўнаньні зь лепшымі гадамі, зразумела, упала», — ананімна зазначае супрацоўнік адміністрацыі.

Паводле суразмоўцы, аб’ёмы заказаў на прадукцыю прадпрыемства істотна зьменшыліся. Замаўляюць яе меней як беларускія, гэтак і расейскія партнэры.

Прадпрыемства страціла і аднаго з найбуйнейшых замоўцаў — «Беларуськалій».

«Мы рабілі па 15 вежавых кранаў за месяц. Цяпер аб’ёмы будаўніцтва ўпалі. Іх замаўляюць, але не ў такім памеры. „Беларусьнафта“ штогод замаўляла 38 прывадаў. Летась замоваў не было. Сёлета вядзём перамовы і спадзяемся на 25–30 прывадаў. Беларуськалій нічога не замаўляе цяпер», — тлумачыць сытуацыю прадстаўнік адміністрацыі заводу.

«Расейская чыгунка — абсталяваньне для жалезабэтонных шпалаў (мы былі манапалістамі ў гэтай галіне), дык там аб’ёмы пракладкі жалезабэтонных шпалаў і наагул магістраляў зьніжаныя. Расейскія прадпрыемствы працуюць прыкладна на пяцьдзясят працэнтаў. Зразумела, што інвэстыцыі на закуп запасных частак зьведзеныя амаль да нуля».

Магілёўскі вагонабудаўнічы завод: за 10 год зрабілі 10 тысяч вагонаў. Больш за тысячу вагонаў ня могуць прадаць.

Завод вырабляе вагоны для чыгункі. Яго ўзьвядзеньне ўхваліў Аляксандар Лукашэнка ў 2005 годзе.

Год таму прадпрыемства пахвалілася, што вырабілі 10-тысячны вагон. Але магілёўскія вагоны не вытрымліваюць канкурэнцыі з расейскімі па цане, бо сыравіну для іх трэба завозіць з-за мяжы, — тлумачыць адміністрацыя прадпрыемства. Больш за тысячу вагонаў застаюцца нерэалізаванымі.

Продажы залежаць ад канкурэнтаздольнасьці тавару. Зразумела, што вагоны патрэбныя, бо грузаперавозкі ніхто не адмяняў, аднак рынак дыктуе ўсё.

«Продажы залежаць ад канкурэнтаздольнасьці тавару. Зразумела, што вагоны патрэбныя, бо грузаперавозкі ніхто не адмяняў, аднак рынак дыктуе ўсё. У Расеі сёньня вагоны, аналягічныя нашым, каштуюць 24 тысячы даляраў, а наш — 40 тысяч. Якасьць магілёўскага вагона не саступае ўсясьветнаму, але цана на вагон высокая. Дужа цяжка прадаць прадукцыю. Трэба пераходзіць на эўрапейскую каляю. І калі мы здолеем зрабіць вагон таньнейшым, то рынак у нас будзе», — выказвае думку супрацоўніца адміністрацыі вагонабудаўнічага заводу.

«Хімвалакно»: уклалі 200 мільёнаў даляраў — і не дапамагло

Некалі флягман магілёўскай эканомікі, акцыянэрнае таварыства «Хімвалакно» таксама перажывае ня лепшыя часы. Пры канцы мінулага году за правал мадэрнізацыі звольнілі генэральнага дырэктара Сяргея Пузевіча. Адзначаецца, што ў прадпрыемства ўклалі 200 мільёнаў даляраў, але гэта не паўплывала на ягоную працу.

Замест Пузевіча прызначылі былога кіраўніка вобласьці Пятра Рудніка. Яму даручана вывесьці прадпрыемства з заняпаду. У адным зь першых сваіх інтэрвію Руднік зазначыў, што найгалоўнейшая задача — выбавіць прадпрыемства ад татальнай сыравіннай залежнасьці. У свой час пра гэта ж казаў і ягоны папярэднік Пузевіч. Дагэтуль «Хімвалакно» прывязанае да расейскіх пастаўшчыкоў сыравіны.

Вытворчасьць шынаў на камбінаце “Белшына”
Вытворчасьць шынаў на камбінаце “Белшына”

«Белшына»: Перасталі плаціць, сам хацеў «скараціцца»

«Белшына» — найбуйнейшы вытворца аўтамабільных шын, калісьці найбольш пасьпяховае прадпрыемства рэгіёну. Але і яго закранула аптымізацыя працоўных рэсурсаў. Зьвесткі пра звальненьні працаўнікоў зьявіліся задоўга да крызісу ў Расеі — у траўні 2014 году. Тады Беларускі незалежны прафсаюз паведаміў пра скарачэньні 138 чалавек.

«Ды я сам хацеў скараціцца. Перасталі плаціць. Зьменшылі заробкі, таму не было асаблівага жаданьня працаваць у тры зьмены. Заробкі пакрысе зьмяншаліся, і ўрэшце зьменшыліся ў два разы. Не было збыту прадукцыі», — згадвае былы працаўнік «Белшыны».

Гэтаму прадпрыемству не патрэбныя добрыя спэцыялісты, — кажа яшчэ адзін звольнены працаўнік. Ён цьвердзіць, што яму абяцалі месца на новым абсталяваньні, аднак на яго набралі людзей з вуліцы.

«У іншых цэхах заробкі былі па тры мільёны. Я не хачу працаваць за мізэр. Я знайду сабе працу. Малады яшчэ. Некаторых пераводзілі на іншыя зборкі ды ў іншыя цэхі. Многія пагаджаліся нават за меншыя грошы. У асноўным гэта людзі перадпэнсійнага ўзросту. А моладзь сыходзіла. Працэнтаў сорак моладзі было».

Якая сытуацыя цяпер на «Белшыне», высьветліць не ўдалося. Там таксама зьмяніўся генэральны дырэктар.

Заваленыя склады, малыя заробкі, звальненьні і беспрацоўе

Колькасьць стратных прадпрыемстваў па Магілёўскай вобласьці ў 2014 годзе ўзрасла да 99. У грашовым эквіваленце агулам яны прынесьлі рэгіянальнай эканоміцы «мінус» у амаль два мільярды рублёў.

Пётар Мігурскі
Пётар Мігурскі

Эканаміст Пётар Мігурскі заўважае, што Магілёўская вобласьць па ўзроўні эканамічных адносін і вынікаў — на апошнім месцы сярод беларускіх рэгіёнаў. На думку экспэрта, неабходна кардынальна мяняць кадравую палітыку, аднак такой палітычнай волі ён ня бачыць.

Тыя кадры, якія прывыклі прымаць рашэньні, тлумачыць ён, незалежна ад выніку гэтых рашэньняў усё адно застаюцца на сваіх месцах. Эканаміст заяўляе, што ў рэгіёне няма кадраў, якія б маглі працаваць на пэрспэктыву.

І мільярды рублёў, якія ўкладаюцца ў Магілёўскую вобласьць, практычна працуюць упустую, які кірунак ні вазьмі: Бабруйскі шынны камбінат, выраб цэмэнту, „Магілёўхімвалакно“.

«І мільярды рублёў, якія ўкладаюцца ў Магілёўскую вобласьць, практычна працуюць упустую, які кірунак ні вазьмі: Бабруйскі шынны камбінат, выраб цэмэнту, „Магілёўхімвалакно“. Можа, нейкія зрухі і ёсьць, але яны стратэгічна не ўплываюць на сытуацыю ў вобласьці. Паглядзіце на вагонабудаўнічы завод. Ідэя стварыць яго была добрая, а на фінішы гэта прывяло да таго, што там замарожаныя велізарныя сродкі», — зазначае Пётар Мігурскі.

Сёлета ў лютым афіцыйныя крыніцы паведамілі, што на складах непрададзенай прадукцыі назапасілася на больш як на 3,7 мільярда рублёў, што амаль на трыццаць працэнтаў болей, чым год таму.

У студзені, паводле зьвестак абласной статыстычнай управы, сярэдні заробак у рэгіёне складаў крыху болей за 5 мільёнаў 200 тысяч рублёў. За месяц ён зьменшыўся амаль на шэсьцьсот тысяч. Працоўныя заўважаюць: заробак у пяць мільёнаў лічыцца высокім, і зарабіць яго надта цяжка.

Мо начальства і мае такі заробак, але працоўныя — рэдка. Ёсьць два мільёны, тры, нават чатыры рэдка.

«Мо начальства і мае такі заробак, але працоўныя — рэдка. Ёсьць два мільёны, тры, нават чатыры рэдка. Я, высокакваліфікаваны спэцыяліст, чатырох мільёнаў не зарабляю», — кажа працаўнік Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў.

На пачатку году афіцыйныя крыніцы загаварылі пра рост беспрацоўя. Паводле супрацоўнікаў службаў занятасьці, у іх на ўліку 4 тысячы тых, хто шукае сабе працу, гэта амаль на 29 працэнтаў болей, чым летась. Заяўляецца, што на адну вакансію прэтэндуюць чатыры беспрацоўныя. Супрацоўнікі службаў занятасьці тлумачаць наплыў ахвотнікаў зарэгістравацца ўвядзеньнем адказнасьці за дармаедзтва і вяртаньнем з Расеі беларускіх гастарбайтэраў. Апытаньні ля службаў занятасьці сьведчаць: знайсьці працу з годным заробкам сапраўды няпроста.

«Вы ж паглядзіце, у цэнтры занятасьці цяпер на адну вакансію чатыры чалавекі — гэта афіцыйна. То бок працы няма ніякай. Пра яе аплату я ўжо і не кажу. Больш за два мільёны там не прапануюць», — выказваецца адзін з магілёўскіх беспрацоўных.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у студзені 2015 году ў эканоміцы рэгіёну было задзейнічана на 1,7 працэнта людзей меней, чым год таму. Пазвальнялі на розных падставах 6500 чалавек. Але праз скарачэньні і ліквідацыю арганізацыяў — толькі 1,6% з гэтага ліку.

Наша эканоміка ў гаротным стане, — працягвае суразмоўца. Да таго ж у нас усё завязана на Расею.

«Наша эканоміка ў гаротным стане, — працягвае суразмоўца. Да таго ж у нас усё завязана на Расею. Супраць яе ўведзеныя санкцыі, і сытуацыя будзе горшаць. Да таго ж сюды прыяжджаюць грамадзяне Ўкраіны. Бежанцамі становяцца. Яны складаюць канкурэнцыю, але яны згаджаюцца на любую працу — нават у сельскай мясцовасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG