Больш за тысячу вагонаў ня можа прадаць Магілёўскі вагонабудаўнічы завод. Пра гэта было заяўлена на нарадзе ў Магілёўскім аблвыканкаме. Памочнік прэзыдэнта, інспэктар па Магілёўскай вобласьці Генадзь Лаўранкоў заявіў на ёй, што вырабленыя вагоны нікому не патрэбныя. Між тым узьвядзеньне заводу ўхваліў у 2005 годзе Аляксандар Лукашэнка.
Тэрыторыя заводу цяпер застаўленая прадукцыяй. Шмат вагонаў чакаюць сваіх пакупнікоў на запасных пуцях далёка за горадам. І так ня першы год.
Пэрыядычна ў афіцыйнай прэсе зьяўляецца інфармацыя, што завод заключыў выгадныя дамовы на пастаўку прадукцыі ў краіны СНД, перадусім Казахстан і Расею, і справы пойдуць на лад. На справе ж выглядае інакш.
Завод на асаблівым кантролі. Генадзь Лаўранкоў дакараў на нарадзе за бязьдзейнасьць кіраўніка гораду Ўладзімера Цумарава.
«Пяцігодка ня складваецца — трэба мяняць падыходы і пераходзіць на ручное кіраваньне, — тлумачыў сваё бачаньне сытуацыі інспэктар па Магілёўскай вобласьці. — А што, Цумараў ня ведаў, што гэтыя вагоны рабіліся зь першага дня — ведаючы, што на іх збыту няма?»
Даведацца, якой пазыцыі трымаецца адміністрацыя прадпрыемства, не ўдалося. У прыёмнай кіраўніка паведамілі, што завод гэты тыдзень прастойвае.
У прыватнай гутарцы спэцыялісты прызналі, што цяжкасьці з продажам прадукцыі ёсьць. Вагоны не вытрымліваюць канкурэнцыі з расейскімі па цане, бо сыравіну для іх трэба завозіць з-за мяжы. Акрамя таго, расейскі рынак, на які найперш арыентаваная прадукцыя заводу, перапоўнены сваімі вагонамі. Спэцыялісты зазначаюць, што вядзецца пошук новых рынкаў збыту. Выказваюцца меркаваньні, што ўратаваць сытуацыю можа эўрапейскі рынак, бо якасьць магілёўскіх вагонаў не саступае эўрапейскай.
Працоўныя не захацелі гаварыць з журналістам пра сытуацыю на прадпрыемстве. Паводле былога працаўніка заводу, які рабіў зваршчыкам на вытворчасьці вагонаў — Валадара Цурпанава, якасьць прадукцыі адпавядае патрабаваньням Расеі, Украіны ды Казахстану, але кошт — завялікі для тамтэйшых рынкаў:
«Праблема вагонабудаўнічага — у тым, што гэта праект адміністрацыйны», — мяркуе Цурпанаў:
«На загад Лукашэнкі быў пабудаваны завод, і пакуль ён меў магутнасьць невялікую дзеля забесьпячэньня ўнутраных патрэбаў — праблемаў не было. А вось калі ён выйшаў на тую колькасьць, якую трэба было збываць за мяжу, то ўзьніклі перашкоды ня толькі эканамічнага кшталту, але і палітычны складнік там быў. Быў пэрыяд, калі ўрад Расеі забараняў прадаваць заводу камплектуючыя. Паратунак для заводу, калі пачнуць працаваць рынкавыя законы. Ня дзіва, што завод, які быў сярод лідэраў, цяпер займае апошні радок у гарадзкой гаспадарцы».
Паводле былога кіраўніка прадпрыемства Валерыя Восіпава, аб’ёмы вытворчасьці павялічылі, каб утаймаваць цякучку кадраў:
«Вісела аб’ява ў нас на прахадной з запрашэньнем працаваць у Расейскую Фэдэрацыю. З заробкам у 1,5 тысячы даляраў, — казаў у 2013 годзе Восіпаў. — Нам давялося рабіць тэрміновыя захады. Павялічваць аб’ёмы вытворчасьці ў разы, для таго каб захаваць людзей».
Сярэдні заробак на прадпрыемстве ў 2013 годзе быў 7 мільёнаў рублёў. Пачуўшы такую лічбу цяпер, працоўныя толькі ўсьміхаюцца. Тады абяцалі, што ў 2017 годзе будуць вырабляць да сямі тысяч вагонаў за месяц. Цяпер завод вырабляе 3 тысячы. Бальшыня іх становіцца на запасныя пуці Беларускай чыгункі, якой прадпрыемства плаціць за арэнду, тым самым павялічваючы цану прадукцыі. Беларускія прадпрыемствы неахвотна бяруць магілёўскія вагоны. Спэцыялісты зазначаюць, што даводзіцца іх пераконваць, каб набылі.
Магілёўскі вагонабудаўнічы завод стварылі ў 2005 годзе на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі. У 2007 годзе, наведваючы магілёўскі аўтазавод, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб праз два гады ў Беларусі была паўнавартасная вагонабудаўнічая вытворчасьць. Тады Лукашэнка заявіў:
«Бліжэйшым часам на ўсясьветных рынках прагназуецца дэфіцыт вагонаў, і мы павінны паскорыць тэмпы разьвіцьця вагонабудаўніцтва, каб ні ад кога не залежаць».