Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фатограф зрабіў сотні здымкаў малой радзімы Янкі Купалы


Цягам году менскі фатограф Валеры Вядрэнка здымаў Вязынку — малую радзіму Янкі Купалы. Плёнам гэтай працы стала выстава фатаздымкаў, якая распачалася 21 кастрычніка ў музэі Янкі Купалы ў Менску.

«Калі хтосьці прыедзе, паздымае 15 хвілін пару пэйзажаў і будзе казаць, што гэта Вязынка, я адкажу: „Ідзі адсюль, яна зусім не такая“. Ня плюнуў Бог у пустыню — і хтосьці там нарадзіўся. Такія паэты, як Янка Купала, у абы-якіх месцах не нараджаюцца», — кажа мастак.

З нагоды адкрыцьця выставы «Сьвятло Вязынкі» Радыё Свабода пагутарыла з фатографам Валерыем Вядрэнкам.

— Валер, вы цэлы год здымалі Вязынку. Гэтага часу было дастаткова?

— Так сталася, што я магу шмат часу праводзіць у Вязынцы. А паколькі здымаць для мяне — унутраная неабходнасьць, то я проста пачаў фатаграфаваць. Спачатку думаў, што дзьве-тры фатасэсіі — і я закрыю тэму. Але была чацьвёртая, пятая, шостая... У выніку я там правёў трыццаць фатасэсіяў, зь якіх сёньня прэзэнтую 60 фатаздымкаў. Хоць іх, вядома, у дзясяткі разоў больш — ня проста сырога матэрыялу, а гатовых паўнавартасных прац, якія ў адну выставу ня зьмесьцяцца. Хоць і гэтыя працы не распавядуць усяго пра Вязынку, тут нават цэлага жыцьця ня хопіць, каб распавесьці.

— Вы здымалі ад Купальля да Купальля — ці гэта нейкі сымбаль? І чаму вы абралі менавіта год для здымкаў — гэта выпадковасьць ці таксама пэўны цыкль?

— З Купальлем справа простая — у той час дзень народзінаў Янкі Купалы. А год я здымаў, бо ў Вязынцы Янка Купала пражыў таксама год. Вядома, усё гэта вельмі ўмоўна: ён там нарадзіўся, але, можа, ён і ня бачыў усяго гэтага ці бачыў зусім іншае — ня тое, што цяпер. Але гэта і ня надта істотна, бо Янка Купала там прысутнічае так ці інакш. Ягоная прысутнасьць стварае такую асаблівую аўру. Мне было цікава паглядзець, што зь Вязынкай адбываецца цягам году. Паколькі гэта круглы год, выстава павінна ўспрымацца як кінастужка, а здымкі — гэта такія блёкі па дзьве працы, якія трэба чытаць зьверху ўніз.

Ведаеце, гэта ня проста выстава, прысьвечаная Вязынцы. гэта першая частка праекту, якія яшчэ не завершаны.

— Якія яшчэ вы плянуеце часткі?

— Другая частка будзе больш графічная. Больш паэтычная. У сёньняшняй выставе колеры Вязынкі натуральныя, прыродныя. У другой я буду выкарыстоўваць больш кампутарнай стылізацыі. У трэцяй частцы будуць дубы. У Вязынцы проста неверагодная дубрава, якую я толькі сёлета адкрыў для сябе. Я іх пляную цэлы год здымаць. Ведаеце, іх жа здымаць складаней, чым Вязынку. Бо да Вязынкі, як да жанчыны, я знайшоў падыход, яна мне шмат чаго паказала. З дубамі складаней, там мужчынскі мэнталітэт, яны да мяне пакуль прыглядаюцца. Але я думаю, што яны мне ўсё ж павераць. Чацьвёртая — гэта будзе містэрыя сьвятла нейкая. Там будуць проста ўсе самыя незвычайныя прыродныя зьявы — ці то заход сонца неверагодны, ці то туманы незвычайныя. Гэта тое, што ў мяне ўжо ёсьць практычна. Яшчэ я пляную зьняць народныя сьвяты ў Вязынцы. Але гэта ніяк не зьвязана зь нейкімі дажынкамі. Студэнты ладзяць гэтыя сьвяты — і выходзіць здорава і па-сапраўднаму. Яны ўвогуле такія рэчы штомесяц ладзяць.

— Дык як вы ўсё ж такі трапілі ў Вязынку?

— Усё вельмі банальна і проста — набыў там лецішча. Ужо гатовы дом, каб жыць. Я пачаў здымаць там, я ж фатограф. Я туды яшчэ ад музэю народнай архітэктуры езьдзіў на нейкія суботнікі. Ведаеце, Вязынка мяне даўно прыцягвала — месца такое кіношнае. Цяпер я праводжу там 24 гадзіны ў суткі і стараюся паказаць гэтае месца такім, якім яго ніхто ня ведае. Таму што людзі прыяжджаюць туды звычайна зранку і да, скажам, 16 гадзіны. Што яны бачаць у такі пусты час?

У Вязынцы ёсьць 24 гадзіны ў суткі. Ёсьць раніцы, ночы, зьмярканьні, туманы. Самая прыгажосьць — гэта калі няма людзей. Калі хтосьці прыедзе, паздымае 15 хвілінаў пару пэйзажаў і будзе казаць, што гэта Вязынка, я адкажу: «Ідзі адсюль, яна зусім не такая». Ня плюнуў Бог у пустыню — і хтосьці там нарадзіўся. Такія паэты, як Янка Купала, у абы-якіх месцах не нараджаюцца.

— А вы не баіцеся, што вашы здымкі выклічуць масавы наплыў турыстаў у Вязынку і там ужо будзе інакш?

— Вельмі баюся. І ў мяне ўжо некаторыя кліпмэйкеры і іншыя людзі пытаюцца, дзе я гэта зьняў. Аднаму даў наводку — а пасьля ў дубах ужо два вясельлі ўбачыў. Не, калі хто будзе пытацца, я адкажу: «Едзьце і самі шукайце». Я папулярызую Вязынку, але менш за ўсё мне б хацелася, каб яна атрымала такую папулярнасьць, як Мірскі замак, каб аўтобусы турыстычныя туды езьдзілі. Мне б хацелася, каб кожны беларус мог туды прыехаць, пахадзіць там, пасядзець і атрымаць вельмі каштоўны кайф. Але без шашлыкоў нейкіх. Пакуль дзяржава болт забіла і на Купалу, і на музэй, і на Вязынку — і дзякуй Богу! Добра, што не запусьціла туды нейкага дызайнэра-ляндшафтніка, які там усё зьменіць у горшы бок.

— Вы бачылі Вязынку ў маразы, улетку, зранку, увечары. Калі яна найпрыгажэйшая?

— Ведаеце, тут жа можна разважаць толькі пра найпрыгажэйшую раніцу ці захад сонца, ці вечар. Нельга знайсьці нешта адно. Калі я іду здымаць, я абсалютна ня ведаю, што я ўбачу. І гэтая інтрыга мяне заводзіць. У мяне толькі адзін выбар — пайсьці направа ці налева. Усё астатняе мне паказвае прырода. Адзінае — я ведаю, калі трэба ісьці. Я аднойчы пайшоў здымаць гэтыя дубы, але ня змог, не адчуў іх. Схаваў фотаапарат. Раптам выходжу — і скрозь дрэвы бачу проста неверагодную, вар’яцкую зарніцу. І дрэвы, і неба малінавае. Усё настолькі незвычайнае, настолькі прыгожае. Я ледзь на задніцу ня сеў ад зьдзіўленьня. Я пачаў шчоўкаць гэтым фотаапаратам — ён у мяне як аўтамат працаваў. Я зразумеў, што мне трэба дабегчы да Вязынкі, да вады, бо там будзе адбівацца тое неба. І я дабег. Можаце паглядзець гэтыя здымкі.

— Што вы асабіста для сябе знайшлі ў гэтым месцы?

— Я вельмі шмат езьдзіў па Беларусі. Прынамсі, дастаткова, каб мець уяўленьне, што такое Беларусь. Чаму гэта ня Польшча, не Літва ці Ўкраіна. Вязынка сабрала ў сабе Беларусь. Напрыклад, на Палесьсі ў нас шмат балотаў. У Вязынцы ёсьць таксама свае балоты, са сваімі туманамі і чорцікамі. Гарадзеншчына са сваімі зьвілістымі рэчкамі, Наваградчына ўзгорыстая — калі ласка, там усё гэта ёсьць. Паазер’е — таксама. Хоць там і штучны ставок, але люстэрка неба, зямлі — там гэта ёсьць. Дубы — гэта ўвогуле сымбаль Беларусі, яны ў нас паўсюль. А ў Вязынцы яны проста неверагодныя. Магілёўшчына, або гаі ліпавыя, бярозавыя — калі ласка, едзьце ў Вязынку. Цэнтральная Беларусь — у Вязынцы ёсьць тыповыя шляхецкія домікі арандатараў. Вязынка для мяне — гэта проста пуп Беларусі.

— Чым вас найбольш зьдзівіла Вязынка?

— Ёсьць там адна такая рэч, якая для мяне становіцца сымбалем. Літаральна за сотню мэтраў ад усёй гэтай прыгажосьці — чыгунка. Па ёй езьдзяць электрычкі, таварнякі. Там такі гул... Гэта так страшна насамрэч і так кантрастава. Наколькі мне вядома, гэтая дарога была ў Першую сусьветную вайну — везьлі па ёй параненых жаўнераў, зброю, пушкі. І ў Другую сусьветную вайну везьлі па ёй параненых жаўнераў, зброю, гарматы. Цяпер вязуць нафту, камбікорм, жывёлаў. І дзякуй Богу, што цяпер так ёсьць. Колькі гэтая прырода ўсяго ўбачыла і перажыла! Але адначасова разумееш, што прырода жывейшая і важнейшая за ўсё астатняе.

Мне хтосьці напісаў у Фэйсбуку, што быў у Вязынцы, але нічога такога там ня бачыў. Што магу сказаць: не пашанцавала чалавеку.

Выставу «Сьвятло Вязынкі» ў музэі Янкі Купалы ў Менску (вуліца Янкі Купалы, 4) можна пабачыць да 15 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG