Тым часам лёс зьняволенай украінкі далей няпэўны: адвакаты Саўчанкі намякаюць на яе магчымае хуткае вызваленьне, а яна сама папярэджвае, што можа аднавіць галадоўку пратэсту, калі да яе не дапусьцяць украінскіх лекараў.
Адвакат украінкі Марк Фейгін цьвердзіць, што незаўважаны раней відэазапіс, які нібыта паказвае Надзею Саўчанку ў палоне ў сэпаратыстаў, павінен стаць яшчэ адным пацьвярджэньнем: яна ня можа быць датычная да гібелі расійскіх журналістаў, якая мела месца праз пару гадзін пасьля ўзяцьця Саўчанкі ў палон.
Фейгін сказаў украінскаму тэлеканалу «24», што на відэа зьняты менавіта той час, калі Саўчанка 17 чэрвеня летась патрапіла ў палон да сэпаратыстаў. Паводле экспэртызы, на якую спасылаецца адвакат, гэтыя кадры зьнімалі каля 10-й раніцы — за дзьве гадзіны да гібелі расейцаў.
«Яны загінулі каля 12-тай гадзіны. Да гэтага моманту Саўчанка ўжо больш за дзьве гадзіны была ў палоне. Вядома ж, ніякага званка яна зрабіць не магла, у яе адразу адабралі тэлефон. На гэтым відэа бачна, што на яе ўжо надзелі гэтую балаклаву і яна ўжо знаходзіцца ў руках батальёну Заря» — кажа Фейгін.
Відэазапіс быў апублікаваны нібыта яшчэ 19 чэрвеня, але да гэтага часу заставаўся незаўважаным. Эпізод з жанчынай-вайскоўцам з павязкай на галаве, голас якой нагадвае голас Саўчанкі — толькі адзін у больш чым 7-хвілінным відэароліку, аўтарам якога значыцца адзін з сэпаратыстаў, грамадзянін Расеі Ягор Рускі; цяпер ён сам прызначыў сябе «мэрам» акупаванага гораду Лутугіна.
«Самаабарона Майдану» — цытуе адзін з сэпаратыстаў надпіс на павязцы, якой закрылі галаву жанчыне ў вайсковай форме. «Жанчына-снайпэр. Ты па нас сёньня (страляла)?» — «Не, я ня снайпэр», — адказвае жанчына. «А хто ж ты?» — «Аўтаматчык».
Цяпер, кажа Фейгін, неабходна, каб сьледзтва дапытала і Ягора Рускага, а таксама правяло дэталёвую экспэртызу відэазапісу адносна таго, ці сапраўды там голас Саўчанкі, ды дакладна вызначыла час запісу.
Раней абарона Саўчанкі прыводзіла іншыя доказы яе недатычнасьці да гібелі расейцаў, у прыватнасьці, дадзеныя аб месцазнаходжаньні яе мабільнага тэлефона, якія таксама сьведчаць, што на момант гібелі журналістаў яна ўжо была ў палоне. Расійскае сьледзтва ня стала разглядаць гэтых доказаў.
ВІДЭА:
Меркаваная сцэна з Надзеяй Саўчанкай зьяўляецца на 50-й сэкундзе відэароліка.