У нядзелю, 24 лістапада самалёт Embraer 195 з хакейнай камандай «Дынама» (Менск) накіроўваўся зь беларускай сталіцы ў расейскі Калінінград. Але на вышыні 9100 мэтраў над Сланцаўскім раёнам Ленінградзкай вобласьці трэснула шкло кабіны пілётаў. Экіпаж вырашыў вярнуцца назад у Менск. Сыгналаў бедзтва і тэрміновай дапамогі не падавалі. Праз паўтары гадзіны борт удала прызямліўся ў беларускай сталіцы.
«Падчас выкананьня рэйсу B2 949 Менск — Калінінград на самалёце Embraer-195 адбыўся раскол покрыўнага слоя адной з шыбаў кабіны пілётаў. У адпаведнасьці зь дзейнымі інструкцыямі камандзір паветранага судна прыняў рашэньне аб вымушаным вяртаньні ў базавы аэрапорт Менск у 13.18. Здароўю і бясьпецы пасажыраў нічога не пагражала», — праінфармавалі ў авіякампаніі.
Для выкананьня рэйсу далі іншы самалёт. У 16.25 ён вылецеў з Нацыянальнага аэрапорту «Менск», у 17.50 (па мясцовым часе) борт прызямліўся ў Калінінградзе.
«Растрэскваньне шкла кабіны пілётаў — сытуацыя, якая ўзьнікае выпадковым чынам і ня можа быць спрагназаваная авіякампаніяй. Раскол покрыўнага слоя лабавога шкла кабіны пілётаў без пашкоджаньня сілавых элемэнтаў не ўплывае на бясьпеку палёту і пасажыраў», — растлумачылі ў «Белавія».
Авіякампанія папрасіла прабачэньня ў пасажыраў затрыманых рэйсаў за нязручнасьці.
Самалёт мае на борце надпіс «Динамо», выкананы, як і іншыя надпісы, на расейскай мове. Яго клюб прадставіў 14 лістапада як новы транспарт каманды для дастаўкі яе на гасьцявыя матчы.
Форум