Надзея Саўчанка працягвае выходзіць з галадоўкі. Украінская лётчыца, якую трымаюць у маскоўскім СІЗА, абвінавачваецца ў датычнасьці да забойства расейскіх журналістаў і незаконным перасячэньні мяжы.
«Вы — сымбаль разрабаванай і расстралянай Украіны. Я вас аб адным прашу Надзейка, жывіце!», — заявіла Лія Ахеджакава ў інтэрвію ўкраінскаму тэлеканалу ICTV:
«У кайданках правезьлі праз мяжу і цяпер шыюць крымінальную справу за незаконнае перасячэньне мяжы, у мяне няма словаў! Увесь сьвет павінен быў паўстаць. Хаця б для нас цяпер ёсьць вось гэтая абрабаваная, расстраляная Ўкраіна. Па чыімсьці подлым праекце. Вы — сымбаль Украіны, калі ласка, вы павінны жыць. Як павінна жыць Украіна. У вас вялікая будучыня, калі ласка, жывіце, мая дарагая».
8 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу прайшлі акцыі за правы жанчын і ў падтрымку Саўчанкі. На Неўскім праспэкце адбыўся флэш-моб у падтрымку ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якая больш за 80 дзён трымала галадоўку ў маскоўскім СІЗА на знак пратэсту супраць свайго арышту і абвінавачаньняў, якія яна лічыць несправядлівымі.