Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Надзеі Саўчанкі: Дачка загадала мне ня плакаць


Марыя Саўчанка
Марыя Саўчанка

На гэтым тыдні Сьледчы камітэт Расеі мае адказаць на просьбу абароны ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі аб далучэньні да справы доказаў яе невінаватасьці і допытаў сьведкаў. Пра гэта паведаміў адвакат Саўчанкі Марк Фейгін.

Надзея Саўчанка знаходзіцца ў расійскім СІЗА зь лета 2014 году. У сьнежні яна абвясьціла галадоўку на знак пратэсту супраць затрыманьня. 5 сакавіка адвакаты Саўчанкі паведамілі, што яна вырашыла часткова прыпыніць галадоўку, якую трымала больш за 80 дзён. Маці Надзеі, Марыя Саўчанка, распавяла ў эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода пра тое, як яна выхоўвала дачку, чаму дачка стала лётчыцай, як Надзя была параненая на Майдане і як паехала на вайну.

Фрагмэнты:

Марыя Саўчанка: Гісторыя вельмі сумная, як для маці. Я ўвесь час плачу. Па начах я ня сплю. І днём ня хочацца спаць. Таму што я перажываю, плачу, Богу малюся за яе вызваленьне і ўсіх салдат, прашу Бога, каб іх не параніла, каб яны вярнуліся жывыя-здаровыя. Але вайна ёсьць вайна. І тое, што яны ў мяне такія патрыёты — я ганаруся гэтым. Так што больш бы такіх патрыётаў, як мае дочкі, то, мабыць, і Ўкраіну не здалі б, так як гэта яны зараз здалі Украіну, і ў нас забіваюць дзясяткамі за адзін раз, а ўжо тысячы і тысячы забітых, і больш чым дзясятак тысяч параненых. (...)

Надзя ў мяне — спэцыяліст на ўсе рукі. Яна і электрык, і сантэхнік, і мастак, і сталяр, і што хочаце. І яна ў сяле мне яшчэ рабіла рамонт, яна і ў Кіеве рамонт зрабіла ў кватэры, яна вельмі разумная дзяўчына. Яна ўсё сама прыдумае. Неяк у яе быў адпачынак — яна на Майдане была. У яе на левай назе шэсьць раненьняў ад гранаты, якая разарвалася...

РС: На Майдане? На Грушэўскага?

Марыя Саўчанка: Так, так. А ў правую нагу — там ужо кулявое раненьне. І ў яе яшчэ заставалася 12 дзён адпачынку. Яна казала: «Мама, я прыеду ў адпачынак і ўсё табе ў сяле зраблю». І тут — вайна. І яна гэты адпачынак хоча выкарыстаць, а ёй не даюць.

РС: Дзе яна ў гэты момант служыла?

Марыя Саўчанка: У Бродах. Яна вывучала самалёты-бамбавікі, зьнішчальнікі. А тады на трэцім курсе яна праехала ўсю Ўкраіну, дзе стаяць вайсковыя самалёты, гэта Хмяльніцкая вобласьць, Старая Александрыя, і паколькі яны ня лёталі, яна ўзяла кірунак у Броды, на вайсковыя верталёты. Два месяцы яе адсылалі на перанавучаньне, у Мікалаеў, яна там перанавучылася і стала верталётчыкам. То яна гэты адпачынак выкарыстала — паехала на вайну. Ёй не давалі, так не пасылалі — яна прасілася.

РС: Вы ведалі пра гэта?

Марыя Саўчанка: Ведала, яна ж са мной разьвіталася, сказала: «Мама, не хвалюйся, усё будзе добра», і я ёй пажадала ўсяго добрага, каб яе Бог бярог, каб яна вярнулася жывая-здаровая. 20 траўня яна зьехала, 17 чэрвеня яе ўжо ўзялі ў палон. І пры тым узялі ў палон, калі яна перавязвала параненых. Ні ў кога не страляла. (...)

11 кастрычніка [адвакат] Віктар Сьцяпанавіч Чаўгуз патэлефанаваў Дрыманаву, генэралу сьледчага міністэрства Расеі. І той сказаў:"Прыяжджайце, вы Надзю ўбачыце«. Мы паехалі 13-га, паколькі меўся суд быць. А 10-га яны ўжо Надзю адправілі ў псыхлякарню на судовую экспэртызу. Дык я, калі зайшла да Дрыманава, яму адразу сказала: «Што вы нас падманулі? Мы вам тэлефанавалі 11-га, Надзя ўжо была ў псыхлякарні», і наўпрост сказала: «Навошта ж вы яе выкралі з нашай краіны, прывезьлі ў сваю і судзіце! Якое вы маеце права судзіць? Зь іншай дзяржавы выкрадзены чалавек!». Ён мне сказаў, што яны яе «захоўваюць», таму што на Украіне яе хочуць забіць. Дык я там так расплакалася! Я хуценька пад язык таблетку ад сэрца... Сказаў, што дадуць «спатканьне» з дачкой. І мы паехалі. Не дапускалі нікога, а як Віктар Сцяпанавіч зь ім перамовіўся, то і Віктар Сцяпанавіч зайшоў, і я зайшла, і консул, а затым і [адвакат Ільля] Новікаў зайшоў. Нас чатырох адразу пусьцілі! А нікога не пускалі. Праз шкло гаварылі. А чатыры такія здаравенныя мужыкі стаялі пры дзьвярах. Надзя была без кайданкоў. Гэта ў псыхлякарні. І яны мне каманду падаюць: «Размаўляць толькі на расейскай мове!». А я кажу: «Я расейскай гаворкі не разумею». «Па нашым законе — толькі па-расейску!». Я адказваю: «Па нашым законе — толькі па-ўкраінску». Надзя засьмяялася: «Давайце перакладчыка». Яны засьмяяліся, і мы размаўлялі па-ўкраінску.

Я калі зайшла і Надзю ўбачыла — плакаць захацелася. Надзя сказала: «Мама, толькі ня плач». Яна дала каманду — значыць, ты ня маеш права яе ня выканаць. Гэта ў яе такая натура. Яна сама ня плача, тым больш, што яе так выхоўвалі. Яны пасадзілі каля дзьвярэй у яе вартаўніка нейкага. Які там вартаўнік — мабыць, з гэтых самых кадэбістаў або энкавэдыстаў, ці я ведаю? І вартаўнікі гэтыя былі ў вайсковай форме. Потым па тэлебачаньні казалі, што яны ўключылі ёй сьвятло, каб днём і ноччу гарэла, і яны грукалі ў дзьверы, не давалі спаць... Тады консул мне патэлефанаваў, сказаў: «Не хвалюйцеся, я напісаў заяву, каб выключылі сьвятло, забралі вартаўніка, які барабаніў у дзьверы ўвесь час, і каб яе выводзілі больш на сьвежае паветра».

Калі яна зьбіралася ехаць 20 траўня, я кажу: «Надзя, гэта ж вайна, гэта ж мужчынская праца, ты ж дзяўчына!» А яна кажа: «Мама, я не дзяўчына, я вайсковая асоба, я дала клятву свайму народу — абараняць свой народ і сваю дзяржаву. Вайна ёсьць вайна, я павінна быць там. Ты нас выхавала патрыётамі, ты ў нас патрыётка, і я павінна быць там, дзе цяжка нашай дзяржаве».​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG