У Маскве прайшла цырымонія разьвітаньня з апазыцыйным палітыкам Барысам Нямцовым, забітым у ноч на 28 лютага ў цэнтры Масквы.
Журналіст Уладзімір Кара-Мурза малодшы, выступаючы на грамадзянскай паніхідзе, заявіў, што Нямцоў «аддаў сваё жыцьцё, каб Расея была нармальнай, свабоднай, квітнеючай» краінай.
Чарга ахвотных разьвітацца з Барысам Нямцовым расьцягнулася на кілямэтар. Тысячы людзей прыйшлі да Сахараўскага цэнтру ў Маскве, дзе праходзіла жалобная цырымонія.
На грамадзянскай паніхідзе выступілі амбасадары Эўразьвязу і ЗША, старшыня праўленьня «Роснано» Анатоль Чубайс, сустаршыня партыі РПР-ПАРНАС і паплечнік Нямцова, Міхаіл Касьянаў, лідэр партыі «Яблык» Рыгор Яўлінскі. Разьвітацца зь Нямцовым прыйшлі таксама віцэ-прэм’ер ураду Аркадзь Дварковіч і кіраўнік апарату ўраду Сяргей Прыходзька, экс-старшыня Цэнтральнага банка Сяргей Дубінін, былы міністар фінансаў Аляксей Кудрын, экс-паплечніца Нямцова па «Саюзе правых сіл» Ірына Хакамада, прадпрымальнікі Міхаіл Фрыдман, Пётр Авэн. Прысутнічае былы прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Джон Мейджор.
Усе выступоўцы на жалобнай цырымоніі адзначалі, што Нямцоў быў вельмі адважным палітыкам, які змагаўся і пацярпеў за свае перакананьні. Прыхільнікі забітага апазыцыянера заклікалі да празрыстага расьсьледаваньня злачынства.
Грамадзянская паніхіда па Барысу Нямцову праходзіць у Сахараўскім цэнтры ў Маскве. Разьвітацца з Нямцовым прыйшлі старшыня праўленьня «Раснана» Анатоль Чубайс, кіраўнік «Расатама» Сяргей Кірыенка, былы міністар фінансаў Аляксей Кудрын, былы віцэ-прэм’ер Алег Сысуеў, дэпутаты Дзярждумы Дзьмітрый Гудкоў, Аляксандр Юшчанка і Аляксей Карніенка. На цырымоніі прысутнічаюць амбасадары ўсіх краін Эўразьвязу і амбасадар ЗША Джон Тэфт.
Ня прымае ўдзел у жалобных цырымоніях апазыцыйны палітык Аляксей Навальны, які цяпер адбывае 15-сутачны адміністрацыйны арышт.
Як паведаміла агенцтва РБК са спасылку на крыніцу ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, Уладзімер Пуцін накіруе на трызну свайго прадстаўніка ў Дзярждуме Гары Мінха.
Сёньня ж на Траякураўскіх могілках Масквы адбылося адпяваньне і пахаваньне Барыса Нямцова.
Сустаршыня расейскай апазыцыйнай партыі РПР-ПАРНАС, дэпутат Яраслаўскай абласной думы Барыс Нямцоў быў застрэлены невядомым у цэнтры Масквы, на Вялікім Маскварэцкім мосьце ўвечары 27 лютага.
Сьледчы камітэт Расеі лічыць, што прычынамі забойства маглі быць: палітычная правакацыя, помста экстрэмістаў «, украінскі сьлед», асабістая непрыязнасьць.
Паплечнікі Нямцова ўпэўненыя, што забойства было палітычным.
Двух эўрапейскіх палітыкаў, якія зьбіраліся прыбыць у Маскву на пахаваньне забітага апазыцыйнага лідэра Барыса Нямцова, не ўпусьцілі ў Расею.
Па паведамленьні агенцтва BNS, дэпутату Эўрапейскага парлямэнта ад Латвіі Сандры Калніеце ў панядзелак у маскоўскім аэрапорце Шарамецьева было адмоўлена ва ўезьдзе ў Расею.
Латвійскі консул зьвязаўся з расейскім консулам у аэрапорце. Латвійскае консульства атрымала тлумачэньне, што Калніеце пасадзяць на наступны рэйс назад, паколькі яе знаходжаньне ў Расіі зьяўляецца непажаданым.
Таксама паведамляецца, што сьпікер верхняй палаты парлямэнту Польшчы Богдан Барусевіч заявіў, што ўлады Расеі не дазволілі яму прыбыць на тэрыторыю Расеі для ўдзелу ў пахаваньні Барыса Нямцова.
«Інтэрфакс» прыводзіць словы Барусевіча: «Я хацеў аддаць даніну павагі забітаму Барысу Нямцову і ўсім расейцам, якія думаюць гэтак жа, як ён. Але я толькі што даведаўся, што расейскія ўлады не дазволяць мне прысутнічаць на пахаваньні ў Маскве».
Паведамляецца, што адмова выкліканы расейскімі контрсанкцыямі — Барусевіч знаходзіцца ў сьпісе асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю РФ.