Палітвязень Мікалай Дзядок, які мусіў выйсьці на волю празь некалькі дзён, атрымаў дадатковы год турмы. Улады абвясьцілі пра магчымасьць ці намер блякаваць сродкі ананімнага доступу да сайтаў — ананімайзэры, проксі-сэрверы і Tor. Гнюснасьць гэтых крокаў пытаньняў не выклікае. Выклікае пытаньне мэтазгоднасьць — навошта?
На першы погляд, названыя крокі для ўлады бессэнсоўныя ці нават шкодныя. Перад імі зараз адкрываецца рэальная пэрспэктыва палепшыць стасункі з Захадам, для чаго патрэбныя мінімальныя жэсты добрай волі і хаця б прынамсі непагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека. Улада ў паляпшэньні адносінаў, здаецца, зацікаўленая. Нашто адной рукой будаваць, а другой — разбураць?
З другога боку, нельга сказаць, каб незалежныя і апазыцыйныя СМІ перажывалі зараз нейкі ўзьлёт, усплёск папулярнасьці. Збольшага якая была, такая і засталася. У адрозьненьне ад папярэдніх выбараў апазыцыя на Плошчу нікога не заклікае. Плян апазыцыі з вылучэньнем кандыдатам Міколы Статкевіча можа спрацаваць адно ў сытуацыі нечуванага грамадзкага пад’ёму, у іншай сытуацыі яму наканаваны лёс альтэрнатыўных выбараў, арганізаваных Віктарам Ганчаром у 1999 годзе. Дык навошта будаваць абарону супраць надзвычай малаімавернай пагрозы?
Людзі, схільныя да кансьпіралёгіі, маглі б убачыць у гэтых кроках «руку Масквы», маўляў, яе агенты ў беларускай уладзе адмыслова перашкаджаюць нармалізацыі адносінаў паміж Менскам і Брусэлем. Прыхільнікі жорсткай лініі Захаду адносна беларускай улады бачаць у гэтым рэалізацыю адкрытага імі «закону»: чым менш Захад цісьне на Менск, тым больш жорсткім робіцца ціск уладаў на беларускую грамадзянскую супольнасьць.
Аднак наяўнасьць такога «закону» выглядае спрэчнай: пэрыяд са жніўня 2008 году па 18 сьнежня 2010 году характарызаваўся як паляпшэньнем стасункаў з Захадам, гэтак і палёгкамі для грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі. Так што прынамсі ня кожнае пацяпленьне адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам суправаджалася ўзмацненьнем рэпрэсій.
Што да «рукі Масквы», то на фоне падзеяў ва Ўкраіне схільнасьць бачыць яе паўсюль натуральна павялічваецца, але магчыма ня варта ўскладняць тлумачэньне, калі ёсьць больш простае і натуральнае, якое выцякае з унутраных асаблівасьцяў беларускай сыстэмы.
Беларуская ўлада зрабіла свае высновы з «мядовага месяцу» 2008-2010 гадоў. Ня толькі адносна Захаду, але і адносна наступстваў «мёду» для беларускага грамадзтва.
Прадстаўніца Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора ахарактарызавала двухбаковыя стасункі дыялектычнай і трохі загадкавай формулай: «яны нармалізаваліся, але не палепшыліся». А можа такі іх стан і задавальняе афіцыйны Менск? Ёсьць чым лёгка, але бясьпечна шантажаваць Маскву, фактычна адкрытыя дзьверы для хуткага паляпшэньня ў выпадку патрэбы. Але пільнай патрэбы пакуль няма. Таму націскаецца тормаз, рух крыху запавольваецца, дэманструецца, што калі Эўропа хоча, ёй давядзецца палюбіць Беларусь «чорненькай». Ну прынамсі «шэранькай».
Беларуская ўлада зрабіла свае высновы зь «мядовага месяцу» 2008-2010 гадоў. Ня толькі адносна Захаду, але і адносна наступстваў «мёду» для беларускага грамадзтва. Па сутнасьці тады зьмяніліся не парадкі, не правілы, а атмасфэра. Але і гэтага аказалася дастаткова, каб выбары 2010 году сталі для ўлады значна больш вострым крызісам, чым усе папярэднія выбары.
Справа Дзядка і наступ на ананімайзэры — гэта расстаноўка акцэнтаў у дыялёгу. Заходнія (у тым ліку і амэрыканскія) прадстаўнікі ўхваляюць пазыцыю афіцыйнага Менску ва ўкраінскім крызісе, адзначаюць станоўчы ўнёсак Беларусі ў мірны працэс, хай сабе і толькі ў форме «добрых паслугаў». Беларускі бок мяркуе, што за гэта варта было б заплаціць, нягледзячы ні на што іншае. Нават калі характарызаваць тое, што Менск стаў перамоўнай пляцоўкай ва ўкраінскім крызісе, зьедлівай мэтафарай «ключоў ад кватэры» — а хіба за кватэру на суткі не паложана плаціць?
Справа ў тым, што, па вялікім рахунку, акрамя гэтай платы, ну і яшчэ магчымасьці палохаць Маскву, нічога іншага Менску ад Захаду асабліва і ня трэба. Як сказаў міністар замежных справаў Уладзімер Макей «некаторыя хочуць далучыцца да ЭЗ, некаторыя хочуць мець пэрспэктыву зрабіць гэта, а некаторыя проста хочуць нармалізаваць адносіны зь ім».
Для Грузіі, Малдовы і Ўкраіны асацыяцыя з ЭЗ — «пернік», за які яны гатовыя нават цярпець «бізуны» Масквы. Для беларускай ўлады тая асацыяцыя — ня «пернік», а хутчэй схаваны «бізун».
Нейкія жывыя грошы, якія Захад мог бы даць праз тыя ці іншыя каналы — гэта па вялікім рахунку ўсё, што Менску ад яго хацелася б.
Нейкія жывыя грошы, якія Захад мог бы даць праз тыя ці іншыя каналы — гэта па вялікім рахунку ўсё, што Менску ад яго хацелася б.
А гэта можа адбыцца і на фоне ўзмацненьня рэпрэсіўнасьці. І рэпрэсіі тут — ня толькі тормаз, але і сыгнал: для таго, што нам трэба, мы ўжо пабылі «добрымі» («добрыя паслугі» ўва ўрэгуляваньні ўкраінскага канфлікту і адносна асобная пазыцыя ў гэтым канфлікце), тое, што вы прапануеце іншым, і для атрыманьня чаго заклікаеце нас быць «добрымі» па-іншаму, нам ня трэба.
Іншы, магчыма, больш важкі чыньнік новага наступу на правы чалавека ў Беларусі — выбары. Узмацненьне ціску назіралася перад усімі прэзыдэнцкімі выбарамі, акрамя тых самых 2010 году. Тут хутчэй трэба аналізаваць, чаму гэтага ўзмацненьня не было тады. Не было, бо быў разьлік, што вонкавая, палавіністая лібэралізацыя ня створыць пагрозы ўнутры краіны і прынясе шмат дабротаў ад Захаду. Разьлікі ані адны, ані іншыя з пункту гледжаньня ўлады ня спраўдзіліся.
паколькі «пернікаў» для ўсіх на гэты год сьпячы няма з чаго, то ёсьць спакуса замяніць іх «бізунамі» для асабліва актыўных і незадаволеных.
Таму цяпер улада дзейнічае звыклым мэтадам, так, як дзейнічала напярэдадні буйных электаральных кампаніяў заўсёды. Зь яе пункту гледжаньня сёлета ў гэтым ёсьць нават дадатковая рацыя: паколькі «пернікаў» для ўсіх на гэты год сьпячы няма з чаго, то ёсьць спакуса замяніць іх «бізунамі» для асабліва актыўных і незадаволеных.