14-ты зьезд кінэматаграфістаў, які прайшоў днямі ў Менску, выклікаў рэзананс у СМІ, бо зайшла гаворка пра фільм «Мы, браты» — нацыянальны блёкбастэр, выхад якога на экран адцягваецца зь незразумелых прычынаў, нягледзячы на дзяржаўнае фінансаваньне.
Сябра Беларускага саюзу кінэматаграфістаў, былы галоўны рэдактар «Беларусьфільму» Натальля Сьцяжко, якая прысутнічала на зьезьдзе, патлумачыла, што пытаньне пра фільм «Мы, браты» задалі намесьніцы міністра культуры Ірыне Дрызе.
Паводле Натальлі Сьцяжко, з залі запыталіся, чаму дзяржаўную падтрымку займеў менавіта гэты праект, чаму яго запусьцілі ў вытворчасьць і дзе ён цяпер. Ірына Дрыга адказала, што конкурс, у выніку якога прафінансавалі прыватную фірму Nonstop Media, якая здымае фільм, адбываўся да пачатку яе працы на пасадзе намесьніка міністра, і таму яна ня можа даць адказ на пытаньне.
«У беларускім кіно цяпер вялікія праблемы. Так дрэнна, як цяпер, не было ўжо даўно. Пра гэта і гаварылі на зьезьдзе. Справа ў тым, што ў творчым асяродзьдзі кожнага хвалюе свая пэрсона. Творчыя людзі вельмі эгаістычныя. І на зьезьдзе кожны гаварыў пра сябе: гукарэжысэры, рэжысэры, апэратары, сцэнарысты — усе расказвалі пра свае праблемы. Кожны лічыць сябе пакрыўджаным. Кожны выходзіў і казаў, як яму ўсё набалела. Вось і гэты фільм „Мы, браты“ ўсплыў на гэтай хвалі. Раней увесь кінабюджэт заставаўся ў Беларусі, і гэта было правільна, бо дзяржава павінна падтрымліваць дзяржаўныя ўстановы. А ў межах конкурсу, дзе фінансуецца „Мы, браты“, грошы разышліся незразумела на каго — на прыватную студыю, на здымкі ў ЗША, зараз вось нейкая новая юрыдычная асоба ўзьнікла, якая нібыта мае правы на фільм. Зразумела, што гэтае пытаньне хвалюе, тым больш што фільм пакуль ня выйшаў. Аднак афіцыйнага адказу пра фільм „Мы, браты“ на зьезьдзе не прагучала», — патлумачыла Натальля Сьцяжко.
Год таму генэральны прадусар Nonstop Media Сяргей Ждановіч абяцаў паказаць фільм на беларускім кінафэстывалі «Лістапад» у канцы 2014 году. Пасьля таго як гледачы не дачакаліся нацыянальнага блёкбастэру падчас гэтага кінафоруму, ад стваральнікаў фільму прагучала яшчэ адна дата — 18 красавіка 2015 году. Цяпер на афіцыйным сайце фільму ідзе адваротны адлік менавіта да гэтай даты.
«Мы плянавалі зрабіць закрыты паказ 17 красавіка ў Беларусі. Але з-за таго, што фільм выходзіць на міжнародную арэну, зараз у Лос-Анджэлесе робім ангельскую вэрсію. Таму больш канкрэтныя тэрміны я назаву пазьней. Прэм’ерны паказ у любым разе адбудзецца ў межах Канскага фэстывалю — у канцы траўня 2015 году. Чаму затрымка? Калі б фільм ня быў нікому цікавы, то мы б паказалі яго яшчэ на „Лістападзе“ ў мінулым годзе, паставілі б галачку і забыліся. Але праз тое, што я асабіста стаўлю мэту запусьціць фільм далёка за межы Беларусі, для гэтага патрэбна выконваць шэраг умоваў дыстрыб’ютараў, у тым ліку зьвязаных з тэрмінамі паказу», — патлумачыў галоўны прадусар Nonstop Media Сяргей Ждановіч.
На старонцы Nonstop Media ў Фэйсбуку адзначаецца, што фільм выйдзе на расейскай, ангельскай, кітайскай і гішпанскай мовах.
страннее, чем этот белорусский национальный кинопроект, мир нацпроекта не знал
Сяргей Ждановіч ня лічыць мэтазгодным адказваць на выказваньні калегі па цэху Андрэя Курэйчыка, што «страннее, чем этот белорусский национальный кинопроект, мир нацпроекта не знал», хоць адзначае, што яму раілі падаць у суд на аўтара артыкула:
«Я не хачу нічога адказваць, хоць мне раілі падаць у суд. Але няма часу ўсім гэтым займацца. Няхай маім адказам будзе экран».
Камэнтуючы прэтэнзіі наконт патрачаных на фільм бюджэтных сродкаў, Сяргей Ждановіч удакладніў — ніхто не даваў на фільм 2 мільёны даляраў, усе разьлікі адбыліся ў беларускай нацыянальнай валюце.
«Усе пішуць пра 2 мільёны даляраў. Гэта няпраўда. Было выдадзена 20 мільярдаў беларускіх рублёў. І хоць дамова заключалася ў 2013 годзе, калі курс складаў 8700, канчатковы разьлік мы атрымалі толькі 29 сьнежня 2014 году. Таму па факце не было там 2 мільёнаў даляраў, а толькі 1,8 мільёна. Усе дадатковыя грошы — гэта мае асабістыя інвэстыцыі і мае рызыкі, але дакладна не дзяржаўныя сродкі. Я разьлічыўся з усімі, ніякіх запазычанасьцяў па фільме няма. Больш за тое, я стаўлю задачу ня толькі зрабіць кіно і адсправаздачыцца перад Міністэрствам культуры. Мая мэта — вярнуць дадзеныя на праект грошы краіне, а таксама — каб яна зарабіла на фільме. Я хачу мець добрую рэпутацыю, але для гэтага трэба шмат працаваць і не баяцца рызыкаваць. Хоць я і разумею, што дзейнічаю, як ледакол, першы ў Беларусі стаю на гэтым шляху».
пожилой украинско-американский каскадер
Яшчэ адзін спрэчны момант, зьвязаны зь фільмам «Мы, браты», — гэта асоба галоўнага рэжысэра. Вядома, што Ўільям Дэ Віталь — выхадзец з Украіны, яго сапраўднае імя — Віталь Васількоў. Кінарэжысэр Андрэй Курэйчык называе яго «пожилой украинско-американский каскадер».
У міжнароднай кінабазе IMDb ён сапраўды адзначаны як каскадэр у 108 фільмах. Як рэжысэр, сцэнарыст і прадусар Уільям Дэ Віталь узгадваецца толькі ў сувязі зь фільмам «Мы, браты» і кароткамэтражным ролікам «Вяртаньне бумэрангу», які таксама мае выйсьці ў 2015 годзе.
Актор Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Максіма Горкага Руслан Чарнецкі, які сыграў адну з галоўных роляў у фільме «Мы, браты», лічыць, што рэжысэрскі дэбют Уільяма Дэ Віталя прайшоў на ўзроўні, які задаволіў актораў.
«Паслужны сьпіс ня грае ніякай ролі для рэжысэра, калі той дакладна ведае, што яму трэба рабіць і як трэба здымаць. Рэжысэры фільму „Мы, браты“, — выхадцы з Украіны. Але пры чым тут гэта? Яны вельмі даўно працуюць за мяжой і вельмі добра ведаюць сваю справу, таму здымкі праходзілі вельмі добра», — распавёў выканаўца ролі аднаго з братоў.
Руслан Чарнецкі сказаў, што ня ведае, калі фільм выйдзе ў пракат, бо ўсё залежыць ад дыстрыб’юцыі.
«Але ўвогуле гэта нармальна, калі акторы ня ведаюць, калі на экран выйдзе фільм зь іх удзелам. Толькі прадусар ведае, калі гэта адбудзецца. Нам толькі застаецца чакаць. Таксама хачу адзначыць, што ніякіх фінансавых праблемаў ні падчас здымкаў фільму, ні цяпер няма».
Сяргей Ждановіч сьцьвярджае, што варта зьвярнуць увагу не на моманты, якія выстаўляюць у прэсу ягоныя калегі, а на тое, што «Мы, браты» — першы беларускі фільм, які здымаўся на Universal studios у Лос-Анджэлесе:
«Нельга казаць, што „Мы, браты“ — гэта кепска. Калі скласьці табліцу беларускіх фільмаў хаця б за апошнія тры гады і параўнаць бюджэты, камэрцыйны посьпех і творчы лёс, дык толькі тады стане зразумела, на якім мы ўзроўні. Але замест гэтага толькі пішуць, што фільм кепскі, акторы кепскія, рэжысэр кепскі».
Для паўтарахвіліннага трэйлера адабралі кадры начных падзеяў 19 сьнежня 2010 году — узброены спэцназ, вогнішчы і фаервэркі ў цэнтры Менску, спроба падпаліць Дом ураду, зьбіцьцё і затрыманьне ўдзельнікаў пратэсту.
Аднак, паводле супрадусара праекту Юрыя Ігрушы, Плошча — адзін са шматлікіх эпізодаў, на фоне якіх адбываецца распад і ўзьяднаньне сям’і галоўных герояў — двух братоў. Cтваральнікі фільму здолелі паказаць падзеі аб’ектыўна, як факт сучаснай гісторыі. Шукаць палітычную падаплёку ў фільме ня варта — яе там проста няма, пераконвае Юры Ігруша:
«Фільм „Мы, браты“ не займае ніякай палітычнай пазыцыі. Плошча — адна зь вялікага шэрагу падзеяў, якія адбываюцца ў фільме. Там ёсьць яшчэ маса іншых падзеяў, але чамусьці менавіта падзеі 19 сьнежня 2010 году выклікаюць найбольшую цікавасьць. Але я расчарую: Плошча — гэта толькі невялікі эпізод, адзін са шматлікіх».
Юры Ігруша выказаў абурэньне, што ад моманту анонсу фільму «Мы, браты» пад працоўнай назвай «Авэль» яго супрацьпастаўляюць іншаму кінапраекту — «Жыве Беларусь!», галоўны герой якога — дэмакратычны актывіст.
«Я не разумею, хто прыдумаў супрацьпастаўленьне „Мы, браты“ іншаму фільму — „Жыве Беларусь!“. Але гэта дакладна прыдумалі ня мы. Гэта прыдумалі людзі звонку, якія нічога ня бачылі і нічога ня ведаюць. Да гэтага часу чую гэтую думку. Але ніякага супрацьпастаўленьня, сувязяў, асацыяцыяў з гэтым фільмам няма. „Мы, браты“ — абсалютна самастойны прадукт. Гэта фільм не пра палітыку і не пра палітычнае супрацьстаяньне на плошчы. Увогуле, гэта складаны маштабны вострасюжэтны фільм — дэтэктыўны баявік. У аснове сюжэту — драматычны лёс двух братоў, а таксама іх адносіны з бацькам і каханьне да дзяўчыны. Пры чым тут Плошча ці нейкія іншыя палітычныя падзеі? Гэта ўсё толькі фон для раскрыцьця характару галоўных герояў».
На кінасайце kinopoisk.ru пазначана, што бюджэт фільму — 5 мільёнаў даляраў. Юры Ігруша ня стаў камэнтаваць фінансавы аспэкт стварэньня фільму, але адзначае, што ў стваральнікаў была магчымасьць зьняць самы маштабны фільм, што да геаграфіі здымкаў:
«Масавыя здымкі „Мы, браты“ адбываліся ў цэнтры Менску, таксама здымалі на розных вуліцах гораду і за горадам. Там ёсьць флэшбэкі, падзеі зь мінулага — гэтыя сцэны здымаліся на хутарах. Таксама былі здымкі ў Лос-Анжэлесе, гэта зьвязана са сцэнарам — адна з гераінь прыяжджае менавіта адтуль. Такім чынам, гэта надзвычай маштабны фільм з пункту гледжаньня месцаў здымак».
Цяпер фільм у стадыі «пост-прадакшн» — гэта значыць, ідзе яго падрыхтоўка да пракату, у тым ліку карэкцыя колеру, праца з гукам і мантаж.
Сяргей Ждановіч кажа, што ўжо заключаныя дамовы аб дыстрыб’юцыі фільму ў Расеі, цяпер вядуцца перамовы з Украінай. Цікавасьць да фільму як у Расеі, так і ва Ўкраіне, лічыць Сяргей Ждановіч, дае надзею, што, паглядзеўшы яго, людзі зразумеюць неразумнасьць братазабойчай вайны, якая адбываецца на ўсходзе Ўкраіны.
«Я еду ў Кіеў, ёсьць папярэдняя дамова зь сеткай украінскіх кінатэатраў. Там, як і ў Расеі, выказваюць вялікую зацікаўленасьць у фільме. Калі сёньня і ёсьць нейкая палітычная інтрыга, зьвязаная з Украінай, Беларусьсю і Расеяй, то ва ўсіх гэтых краінах „Мы, браты“ пакажуць. Значыць, гэты фільм садзейнічае аб’яднаньню і адпавядае маральным каштоўнасьцям. Фільм насамрэч актуальны сёньня. Бо ў яго аснову пакладзеная біблейская гісторыя двух братоў. Але ў Бібліі адбываецца братазабойства, а ў нас гэтага не адбудзецца. Каб актуалізаваць фільм, я магу сказаць, што братазабойчая вайна ва Ўкраіне не павінна адбывацца, і ня важна, хто вінаваты ў яе распачынаньні. Пра гэта трэба гаварыць. Калі наш фільм хоць трошкі схіліць людзей задумацца пра гэта, будзе добра».
Як распавядае Сяргей Ждановіч, на закрытых паказах у ЗША гледачы апладзіравалі стоячы і казалі: «Гэта глябальна. Гэта актуальна». Ніхто не сказаў, што кепская акторская гульня ці драматургія. У той жа час у Беларусі працягваюць «паліваць брудам і фільм, і Ждановіча»:
«Гэтыя артыкулы, якія выходзяць у апазыцыйнай прэсе... Іх жа там, на Захадзе, нехта чытае, нехта аналізуе. Калі я іх чытаю, то для мяне гэта невуцтва».