Магчымасьці вырашыць канфлікт у Данбасе дыпляматычным сродкамі на дадзены момант вычарпаныя, перакананы вайсковы экспэрт, дэпутат Вярхоўнай Рады, каардынатар руху «Інфармацыйны супраціў» Ўкраіны Дзьмітры Тымчук.
У мінулую суботу ў Менску адбылася чарговая сустрэча Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе. Сустрэча завяршылася безвынікова, а АБСЭ абвінаваціла ў зрыве менскіх перамоваў сэпаратыстаў, якія «нават не былі гатовыя абмяркоўваць рэалізацыю рэжыму спыненьня агню».
Дзьмітры Тымчук падкрэсьлівае, што з самага пачатку менскага працэсу, зь верасьня 2014 году, лічыў усе дамовы «фількавай граматай», за якой нічога не стаіць:
«Любыя перамовы і нейкі мірны дыялёг магчымыя толькі пры адной умове: калі Расейская Фэдэрацыя прызнае сваю адказнасьць за падзеі ў Данбасе. Тады мы будзем разумець, якія гарантыі могуць даваць бакі перамоваў. Цяпер нават падчас гэтых сарваных перамоваў пачыналіся банальныя звады: маўляў, не таго прыслалі з Кіева, патрэбен Парашэнка. Але тут пытаньне: чаму Ўкраіна павінна пасылаць нейкага сапраўды ўпаўнаважанага прадстаўніка, калі статус саміх прадстаўнікоў ДНР і ЛНР, як і статус гэтых арганізацыяў, абсалютна незразумелы? Калі ідзе размова пра нейкія гарантыі, то абодва бакі павінны прызнаваць сваю адказнасьць — і Ўкраіна, і Расея, безь якой гэтыя падзеі ня могуць адбывацца. На дадзены момант, на жаль, мы ня бачым ніякай магчымасьці вырашаць пытаньне вайны ў Данбасе ў дыпляматычным полі. Адпаведна, застаецца толькі варыянт збройнага супрацьстаяньня і сілавога вырашэньня пытаньня».
Між тым афіцыйны Кіеў раз за разам вяртаецца да менскага фармату і падкрэсьлівае неабходнасьць захаваньня менскіх дамоўленасьцяў.
Паводле слоў Тымчука, украінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка тым самым хоча даказаць Захаду, што Ўкраіна імкнецца ў першую чаргу мірным шляхам вырашыць канфлікт у Данбасе.
«І гэта зразумела: калі б мы рабілі стаўку на сілавое вырашэньне праблемы (што аб’ектыўна зьяўляецца адзіным выхадам), то Эўропа і ЗША наўрад ці нас бы так падтрымлівалі, як сёньня».
На думку Тымчука, сёньняшнія мэты Крамля ў Данбасе абсалютна відавочныя: максымальна пашырыць тэрыторыю, якую кантралююць баевікі ДНР і ЛНР, з наступным замарожваньнем канфлікту, як у Прыднястроўі.
Каардынатар руху «Інфармацыйны супраціў» таксама апавёў пра сытуацыю ў Дэбальцаве, дзе апошнімі днямі ідуць цяжкія баі.
«Паводле дадзеных на сёньняшнюю раніцу, расейска-тэрарыстычныя войскі зьмянілі тактыку дзеяньняў. Яны сутаргава спрабавалі стварыць дэбальцаўскі „кацёл“ (то бок каля гарлавіны дэбальцаўскага пляцдарма перарэзаць шляхі забесьпячэньня і атачыць нашу групоўку ў гэтым раёне), але гэтыя пляны сарваліся. Таму цяпер яны перайшлі да тактыкі выцясьненьня ўкраінскіх войскаў з раёну Дэбальцава», — паведамляе ён.
Паводле інфармацыі Тымчука, баевікі нясуць вялікія страты ў раёне Дэбальцава, але атрымліваюць падмацаваньні. На дадзены момант у раёне Дэбальцава дзейнічаюць як мінімум чатыры тактычныя групы расейска-тэрарыстычных войскаў пры падтрымцы трох артылерыйскіх групаў, кажа ён.
Пры гэтым, паводле Тымчука, штатныя падразьдзяленьні расейскіх войскаў у баях за Дэбальцава ўдзелу пакуль не бяруць:
«Мы там фіксавалі дывэрсійна-выведныя групы расейскага спэцназу. Але на дадзены момант расейскі бок прадстаўлены ў асноўным наёмнікамі, у тым ліку вайскоўцамі, якія звольненыя толькі што. Штатных падразьдзяленьняў расейскіх Узброеных сілаў мы на дадзены момант там не фіксуем».