Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Газпром» даў вялікі крэдыт свайму банку ў Беларусі


«Белгазпрамбанк» прыцягнуў з Расеі 150 мільёнаў даляраў. Іншым банкам знаходзіць крэдыты ва ўмовах валютнага крызісу значна цяжэй.

«Белгазпрамбанк» прыцягнуў доўгатэрміновы субардынаваны крэдыт ад сваіх акцыянэраў — ААТ «Газпром» і акцыянэрнага таварыства «Газпромбанк». Сума сродкаў, выдадзеных у расейскіх рублях, эквівалентная 150 мільёнам даляраў. Грошы выдзеленыя для далейшага разьвіцьця «Белгазпрамбанку» і ў роўнай прапорцыі прадстаўленыя абодвума акцыянэрамі.

Расейскі крэдыт адразу ж вярнуўся ў Расею

«Апроч таго, што ў нас зьявіліся такія значныя рэсурсы ў расейскіх рублях, якія, безумоўна, умацуюць банкаўскую сыстэму Беларусі, мы ў асаблівай ступені задаволеныя, што гэтыя сродкі адразу ж запатрабаваліся ў справе падтрымкі сыстэмы разьлікаў у расейскіх рублях за энэргарэсурсы, якія пастаўляюцца ў Беларусь з Расеі — амаль у поўным аб’ёме яны былі накіраваныя на крэдытаваньне абласных прадпрыемстваў, адказных за газавае забесьпячэньне», — адзначыў Свабодзе старшыня праўленьня «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка.

Як удакладніў кіраўнік банка, прыцягнуты крэдыт будзе мець «мультыпліцыруючы эфэкт». Атрыманыя расейскія рублі пойдуць на абслугоўваньне асноўнага камэрцыйнага сэгмэнту «Белгазпрамбанку», перш за ўсё экспартных прадпрыемстваў, арыентаваных на расейскі рынак, што дазволіць на ўзроўні краіны разьвіваць і падтрымліваць экспарт беларускай прадукцыі ў Расейскую Фэдэрацыю.

Іншым банкам цяжэй з крэдытамі

У Беларусі бальшыня камэрцыйных банкаў маюць замежных акцыянэраў, але такой фінансавай падтрымкай пахваліцца ня могуць? Чаму?

Кіраўнік клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін лічыць, што справа найперш у непрадказальнасьці сытуацыі, якая можа абярнуцца непрагназаванымі стратамі:

«Скажам так: ёсьць вялікая пагроза для банкаўскага сэктару — гэта вялізная залежнасьць ад паступленьня валюты, ад замежных акцыянэраў, пазыкаў у замежных фінансавых структурах. І калі нейкі нездавальняючы фактар у нашым усходнеэўрапейскім рэгіёне будзе складвацца больш сур’ёзна, то банкіры будуць абавязаныя пачаць вяртаць па запатрабаваньні замежныя запазычанасьці. Што ў прынцыпе і пачало адбывацца напачатку мінулай восені, калі расейскія банкі ў Беларусі не атрымалі падаўжэньня крэдытных ліній і павінны былі вяртаць сумы — замест таго, каб пакінуць іх у нашай эканоміцы, каб яны далей працавалі. І калі такая тэндэнцыя ўзмоцніцца, то мы атрымаем вельмі вялікія праблемы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG