Вярхоўны суд адмовіў газэце «Народная воля» ў задавальненьні пазову да Міністэрства інфармацыі Беларусі. Рэдакцыя дамагалася, каб прызналі несапраўдным папярэджаньне за артыкул Сьвятланы Калінкінай «На ланцуг!».
Артыкул быў прысьвечаны ратыфікацыі дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе і надрукаваны 3 кастрычніка мінулага году. У публікацыі вялася гаворка пра магчымыя хібы дамовы. Міністэрства інфармацыі ўбачыла ў гэтым «распаўсюд недакладнай інфармацыі, якая ўводзіць чытача ў зман», і ў лістападзе таго ж году вынесла газэце папярэджаньне. Сьвятлана Калінкіна гэтак пракамэнтавала сытуацыю:
«Здарылася дзіўная гісторыя: Міністэрства інфармацыі ўзяло на сябе ролю таго, хто дае тлумачэньне зьместу міжнародных дамоваў. Гэта ўвогуле не ўваходзіць у кампэтэнцыю Міністэрства інфармацыі. Але Міністэрства вынесла папярэджаньне, нібыта мая аўтарская калёнка нясе недакладную інфармацыю: ня так я прачытала артыкулы дамовы аб стварэньні Эўразійскага саюзу. Пра тое, што нехта пакрыўдзіўся, тэлефанаваў, пісаў скаргі ці яшчэ што, яны ў судзе пра гэта сказаць нічога не маглі — каму і якая шкода была нанесеная гэтым артыкулам. Але галоўнае — гэта тое, што Міністэрства наша ня можа адрозьніць, дзе факт, а дзе тлумачэньні і меркаваньні журналіста, хоць у беларускім заканадаўстве гэта абумоўлена. На жаль, гэта быў ня першы суд — магчыма, першы паводле палітычнага дакумэнту, але ня першы з такой канвой. І, на жаль, усё паўтарылася».
Падчас судовага працэсу журналісты хадайнічалі аб правядзеньні лінгвістычнай экспэртызы артыкула, але суд хадайніцтва адхіліў. Прысутны ў судзе юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец канстатуе, што ўсталяваныя нормы закону дазваляюць Міністэрству інфармацыі трактаваць яго паводле ўласнага разуменьня і на сваю карысьць, але нават у гэтым выпадку ён ужыты неадпаведна. Гаворыць Андрэй Бастунец:
«Заканадаўства дае магчымасьць самага рознага яго тлумачэньня. Але ў гэтым выпадку, я лічу, спасылкі на артыкул, на які спасылаецца Міністэрства інфармацыі, выносячы папярэджаньне, выкарыстаныя недакладна. Але агулам у Міністэрства магчымасьці вельмі шырокія».
Міністэрства інфармацыі не ўпершыню выносіць спрэчнае папярэджаньне незалежнаму сродку масавай інфармацыі, у тым ліку «Народнай волі». І гэткім чынам распачынае прэзыдэнцкую кампанію, камэнтуе сытуацыю Сьвятлана Калінкіна:
«Я думаю, што вось такая ўвага да незалежных СМІ — ня толькі да „Народнай Волі“, але ўвогуле да ўсіх — і да сайтаў, і да газэтаў — зьвязаная, на мой погляд, менавіта з палітычнай кампаніяй — прэзыдэнцкімі выбарамі. Так было заўсёды, заўсёды напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў напэўна ўсе ведамствы атрымлівалі заданьні падрыхтавацца, і Міністэрства інфармацыі рыхтуецца так, як яно ўмее. Каб у незалежных СМІ былі папярэджаньні і была нейкая падстава, каб, калі спатрэбіцца, прыпыніць іх выхад. Таму, напэўна, менавіта пакараньне і было самамэтай Міністэрства інфармацыі».
Як паведаміла Сьвятлана Калінкіна, адмову ў задавальненьні пазову «Народная воля» будзе абскарджваць у вышэйшых інстанцыях.