Жывучы ў Расеі, адчуваеш, як яе накрывае ня толькі хваля эканамічнага крызісу, але і хваля эмоцыяў, якія гэты крызіс абвастрае. За праяўленьнем некаторых эмоцыяў назіраць асабліва цікава. Адна зь іх — злараднасьць.
Праўду кажу — нічога спэцыяльна не шукаў. Бадзяўся па сеціве, зайшоў на нейкі форум ды ўбачыў камэнтары адзін за адным: «Смутак, журба. Няхай расейскую вёску аднаўляюць...»; «Люблю, калі ўсе дома...», «Вось сукі! Скардзяцца яны...», «Здалі [ў арэнду] бабулькіну кватэру і лайдакуюць у азіятчыне. А цяпер працаваць прыйдзецца...».
Жывучы ў Расеі, адчуваеш, як яе накрывае ня толькі хваля эканамічнага крызісу, але і хваля эмоцыяў, якія гэты крызіс абвастрае.
Было б зразумела, калі б такія эмоцыі абрынуліся, напрыклад, на алігархаў: ня любіць іх народ, а падзеньне фондавага рынку зьбядняе іх на мільярды даляраў — дык вось жа цудоўны шанец пазлараднічаць.
Але ж не, нароўні з курсам даляру і дарагоўляй прадуктаў грамадзяне Расеі актыўна абмяркоўваюць праблемы... даўншыфтэраў — людзей, якія адмовіліся ад штодзённага змаганьня за лепшае месца пад сонцам у грамадзтве спажываньня і аддалі перавагу сонцу сапраўднаму. Вы, мо, чыталі адно з найкалярытнейшых апісаньняў сёньняшняга «расейскага сыходу» з пляжаў Індыйскага акіяну:
Пра маштаб «трагедыі» сьведчаць лічбы. За апошнія месяцы 40 тысячаў расейцаў забраніравалі нумары, а потым адмянілі вандроўкі на Гоа, паведамляе індыйскае консульства у Маскве.
«Пасьля „крымнаш“ усё абрынулася як картачны дамок: рублі, танныя авіяквіткі, фрыланс і кватэры ў арэнду, на прыбытак ад якіх можна было бязьбедна існаваць у цёплых краінах. Цяпер [уладальнікам маскоўскіх аднапакаёвак] індыйскія банкаматы выдаюць ня 40 тысячаў рупіяў, а толькі 20. Скутэр, самоса і гашыш падаражэлі роўна ў два разы, і прыкмета восені „Расея паехала“ раптам пераўтварылася ў кволы ручай турыстаў з Чалябінску і Уфы, якім усё адно, дзе бухаць за свае 300 даляраў».
Пра маштаб «трагедыі» сьведчаць лічбы. За апошнія месяцы 40 тысячаў расейцаў забраніравалі нумары, а потым адмянілі вандроўкі на Гоа, паведамляе індыйскае консульства у Маскве. Яшчэ тысячы, калі не дзясяткі тысячаў мусілі вярнуцца ў Расею.
Здавалася б, суайчыньнікі мусяць ім паспачуваць. Як-ніяк, людзі зьдзейсьнілі мару, вырваліся з шумнае, бруднае Масквы ў нейкае падабенства зямнога раю, і раптам гэтую мару згубілі. Але ж у рэчаіснасьці не спачуваньне яны чуюць, а амаль выключна злараднасьць. Чым яе заслужылі менавіта дауншыфтэры, людзі больш сацыяльна блізкія большасьці расейцаў, чым тыя ж алігархі? Спытаемся ў навукоўцаў. І яны адкажуць.
«Вы будзеце больш зайздросьціць свайму калегу, які зарабляе ў год на тысячу даляраў больш за вас, чым генэральнаму дырэктару, заробак якога большы за ваш на мільён», — прыводзіць The New York Times словы прафэсара філязофіі Універсытэту Хайфы Аарон Бен-Зэева. Менавіта зайздрасьцю, а таксама нізкай самаацэнкай большасьць дасьледнікаў тлумачыць праяўленьні злараднасьці.
З надыходам крызісу высьветлілася, што працаваць прыходзіцца нават больш, чым раней, а рэальныя даходы рэзка паменшыліся.
Бывае, зьнешнія абставіны ня вельмі прыдатныя для гэтай эмоцыі. Вось і расейскаму грамадзтву сытыя гады высокіх коштаў на нафту далі адчуваньне пэўнага дабрабыту. Масква (а сыход даўншыфтэраў ішоў на 90 адсоткаў адсюль) стварала шмат магчмасьцяў для высокага заробку, кар’еры і забясьпечанага жыцьця. Тыя, хто добраахвотна адмовіўся ад гэтых магчымасьцяў дзеля сумнеўнага шчасьця, здымаў пакой за 5-10 даляраў у дзень на нейкім «наркаманскім курорце», успрымаліся як сацыяльныя аўтсайдэры. Людзі ўпэўнівалі сябе, што магчымасьць купляць новыя машыны, некалькі разоў у год мяняць «састарэлыя» гаджэты на найноўшыя і час ад часу езьдзіць на курорты, якім Гоа ня роўня, — ўсё гэта вартае таго, каб працаваць па 12 гадзін шэсьць дзён на тыдзень, хай сабе і праклінаючы такую працу.
З надыходам крызісу высьветлілася, што працаваць прыходзіцца нават больш, чым раней, а рэальныя даходы рэзка паменшыліся. І мала хто ўжо зможа дазволіць сабе нават Турцыю з Эгіптам, не гаворачы пра нейкія Мальдзівы. І шэрай паўсядзённасьці ў тваім жыцьці стане нашмат больш. А пры гэтым табе нагадваюць пра людзей, якія, у адрозьненьне ад цябе, змаглі вырвацца з гэтай паўсядзённасьці, хто на год, хто на два, а хто і на дзесяць. І мозг людзей запускае абарончы мэханізм.
Тэорыя сацыяльнага параўнаньня сярод іншага сьцьвярджае: у імкненьні падвысіць уласную самацэнку людзі заведама абіраюць узор для параўнаньня, які лічаць горшым за сябе. У дадзеным выпадку, людзі імкнуцца адчуць яшчэ і маральную перавагу над аб’ектам параўнаньня, процістаўляючы сябе — «чалавека працы» — «лайдакам»-даўншыфтэрам.
Безумоўна, злараднасьць — не выключна расейская рыса характару. «Мы, амэрыканцы, любім узводзіць людзей на п’едэстал, і мы любім глядзець, як яны зь яго падаюць», — сказаў неяк аўтар кнігі «Калі дрэнныя рэчы здараюцца зь іншымі людзьмі» (’’When Bad Things Happen to Other People’’) прафэсар Джон Портман.
Такім чынам, расейская злараднасьць прыцягвае ўвагу ня столькі нейкай сваей адметнасьцю, колькі сілай эмацыйнага выбуху.
Мой знаёмы — немец — злараднічае з нагоды праблемаў расейскіх даўншыфтэраў ніяк ня менш за некаторых расейцаў. Праўда, ён упэўнены, што гэта не праз зайздрасьць ці прыніжаную самаацэнку, а ідзе выключна ад пастулятаў пратэстанцкай этыкі, якая лічыць за цноту штодзённую працу ў процівагу гультайству і бязьдзейнасьці. Можа і так, толькі можна ж узгадаць, што і само слова «злараднасьць» — якраз нямецкага паходжаньня (Schadenfreude, дзе Schaden — гэта «шкода» а Freude — «радасьць»), адкуль і перайшло ў іншыя мовы.
Ды і беларусы, упэўнены, не нашмат менш зларадныя, чым расейцы. Толькі аб’ектам гэтай злараднасьці выступаюць не даўншыфтэры, а нехта іншы. Мо таму, што па замове «даўншыфтынг» Google выдае 221 тысячу вынікаў на расейскай мове і толькі 33 (ня тысячы) — па-беларуску.
Такім чынам, расейская злараднасьць прыцягвае ўвагу ня столькі нейкай сваей адметнасьцю, колькі сілай эмацыйнага выбуху. Упэўнены, калі б існаваў індэкс злараднасьці грамадзтва, у Расеі ён бы меў моцную карэляцыю з коштамі на нафту. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо зь ёю ў Расеі тым ці іншым чынам карэлюецца, здаецца, ўсё.
Віктар Дзятліковіч. Журналіст, жыве і працуе ў Маскве.