Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея хоча захаваць ва Ўкраіне палігон для вайны з Захадам, — экспэрт Цэнтру Разумкова


Аляксей Мельнік
Аляксей Мельнік

Сустрэча «нарманскай чацьвёркі» ў Астане, якая заплянаваная на 15 студзеня, пад пагрозай зрыву. Кіраўнікі МЗС Украіны, Нямеччыны, Францыі і Расеі ўчора выказаліся за тэрміновыя кансультацыі ў «менскім фармаце».

Пра тое, чаму не спрацоўваюць дыпляматычныя шляхі вырашэньня канфлікту, Радыё Свабода пагаварыла з судырэктарам праграм зьнешняй палітыкі і міжнароднай бясьпекі ўкраінскага аналітычнага цэнтру «Цэнтар Разумкова» Аляксеем Мельнікам.

— Спадар Аляксей, што цяпер адбываецца ў зоне канфлікту? Чаму ўмовай для правядзеньня саміту ў Астане называюць выкананьне рэжыму спыненьня агню, а тое, што баі працягваюцца, становіцца прычынай немагчымасьці весьці перамовы «нарманскай чацьвёркі»?

— Абвінавачаньні ў парушэньні «менскіх дамоўленасьцяў», найперш рэжыму замірэньня, гучаць з абодвух бакоў. І праблема ў тым, што тут цяжка зразумець, хто насамрэч парушае. Гэта адназначна не вынікае нават са справаздачаў маніторынгавай групы АБСЭ, якая працуе на месцы. Чаму немагчыма скласьці аб’ектыўную карціну таго, хто стаіць за гэтымі парушэньнямі? Таму што немагчыма зразумець, хто парушае, а хто вымушаны рэагаваць на парушэньні ў выглядзе абстрэлаў. Асабіста я схільны лічыць, што парушэньні ідуць з боку прарасейскіх баевікоў. Сапраўды, калі зь іх боку ідуць танкі і абстрэлы з ГРАДаў, то ўкраінскім вайскоўцам складана сядзець і выконваць «менскія дамоўленасьці». І нават ня толькі складана, але нелягічна і неразумна. Гэтымі днямі назіраецца чарговае абвастрэньне, якое лягічна зьвязваецца з адной заканамернасьцю: як толькі прыходзіць чарговы гуманітарны канвой, то пачынаецца актывізацыя абстрэлаў зь цяжкой артылерыі з боку прарасейскіх сілаў. Гэта заўважана, і гэта ўжо тэндэнцыя.

— А што адбываецца на вышэйшым узроўні? Чаму не працуюць дыпляматычныя шляхі вырашэньня канфлікту?

— Гэтаму перашкаджае ключавая супярэчнасьць: расейскі бок па-ранейшаму імкнецца граць ролю пасярэдніка ў перамовах паміж Украінай і сэпаратыстамі, рэальна будучы бокам канфлікту. На жаль, у гэтым ёй падыгрываюць як некаторыя заходнія краіны, так і, што самае сумнае, украінскае кіраўніцтва. Глядзіце, да гэтага часу на афіцыйным узроўні ва Ўкраіне Расея не прызнаная краінай-агрэсарам. А гэта парушэньне ўкраінскага заканадаўства, бо ёсьць факт агрэсіі, але няма адпаведнага рэагаваньня на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва Ўкраіны. Гэтая сытуацыя дае магчымасьць і далей Расеі рабіць выгляд, што яна тут ні пры чым. Атрымліваецца, што Расею, не называючы яе агрэсарам, спрабуюць пасадзіць за стол перамоваў у якасьці боку канфлікту ў «нармандзкім фармаце». А Расея хоча, каб бокам канфлікту былі самі сэпаратысты.

— То бок тармозіць працэс Расея?

— Тормазам выступае Расея, і яе пазыцыя зразумелая. Але ж і іншыя ўдзельнікі сустрэчы разумеюць, што для таго, каб адбыліся перамовы ў «нармандзкім фармаце», трэба правесьці папярэднюю экспэртную і ведамасную працу. Проста прыехаць і дамовіцца пра наступныя перамовы — у гэтым няма ніякага сэнсу.

— Якая задача стаіць перад Расеяй у доўгатэрміновай пэрспэктыве? Захаваць канфлікт, як у Нагорным Карабаху?

— Хутчэй за ўсё, Расея зацікаўленая ў тым, каб захаваць ачаг напружанасьці, канфлікт, які будзе служыць як інструмэнтам ціску на ўкраінскую ўладу, так і палігонам для схаванай вайны з Захадам. У якім выглядзе гэты канфлікт будзе існаваць, сказаць складана, таму што на сёньня дакладнай мэты ў Крамля няма. Крэмль экспэрымэнтуе: некалькі месяцаў таму Пуцін расказваў пра Наваросію, затым ідэя з Наваросіяй зьнікла, бачна, што там ідуць пастаянна нейкія працэсы. Але бачна, што там фармуецца чарговы замарожаны канфлікт, які мае агульныя рысы зь іншымі канфліктамі на тэрыторыі Малдовы і Грузіі. Але мае і свае асаблівасьці — гэта, напрыклад, 400-кілямэтровая мяжа, якую не кантралюе Ўкраіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG