Напярэдадні супрацоўнікі генэральнай пракуратуры Азэрбайджану ў суправаджэньні міліцыянтаў правялі ў офісе «Радыё Свабода» ў Баку ператрус і апячаталі бюро. Падчас ператрусу супрацоўнікі пракуратуры ўзламалі сэйф, забралі пячаткі і дакумэнты. Таксама канфіскавалі карты памяці і тэхніку. Праваахоўнікі заявілі, што сьледчыя мерапрыемствы праводзяцца ў межах расьсьледаваньня дзейнасьці радыё як некамэрцыйнай арганізацыі, якая фінансуецца з-за мяжы.
Пра цяперашнюю сытуацыю ў рэдакцыі ў Баку мы паразмаўлялі з дырэктарам азэрбайджанскай службы «Радыё Свабода» Кенанам Аліевым.
— Кенан, што цяпер адбываецца з журналістамі нашага радыё ў Азэрбайджане?
— Супрацоўнікаў азэрбайджанскай службы «Радыё Свабода» выклікаюць у пракуратуру ў масавым парадку. Пакуль што па незразумелай нам справе. Нам не зразумела, у чым могуць падазравацца ці абвінавачвацца нашыя супрацоўнікі ў Баку, таму што нашыя журналісты займаліся чыста журналісцкай дзейнасьцю. Пакуль што яны адмаўляюцца ісьці даваць нейкія сьведчаньні ў пракуратуру, бо ня маюць адвакатаў. Але сытуацыя напружаная. На прыблізна 15 чалавек ціснуць тэлефоннымі званкамі з патрабаваньнямі зьявіцца ў пракуратуру. Хаця цяпер субота, непрацоўны дзень. Але, высьвятляецца пракуратура працуе.
Як вы ведаеце, бюро было атакаванае супрацоўнікамі пракуратуры, якія бесцырымонна закрылі офіс. Выдварылі ўсіх супрацоўнікаў нашых, канфіскавалі ўсе дакумэнты, працоўныя кніжкі, відэакамэры і практычна паралізавалі працу бюро.
— Але нягледзячы на гэта азэрбайджанская служба «Радыё Свабода» працягвае тэле- і радыёвяшчаньне. Якім чынам?
— «Радыё Свабода» не вяшчае на залежных ад дзяржавы каналах. У нас ёсьць спадарожнікавае тэле- і радыёвяшчаньне, а таксама мы вяшчаем праз інтэрнэт, дзе мы таксама вельмі моцна прадстаўленыя. Напрыклад, старонка нашага радыё ў фэйсбуку — адна з самых папулярных навінавых старонак у Азэрбайджане. І ўвогуле, у апошнія гады радыё лічылася адным з самых важных і надзейных крыніцаў інфармацыі ў краіне. Менавіта таму мы лічым, што нас цяпер атакуюць, бо наша служба ў Азэрбайджане — «Радыё Азадлыг» зьяўляецца апошняй выспай свабоды слова ў Азэрбайджане. Гэтае бюро было апошнім месцам, куды маглі прыходзіць людзі, якія прадстаўлялі розныя пункты погляду і праводзіць дэбаты.
— Што далей вы зьбіраецеся рабіць?
— Наш цяперашні клопат — гэта бясьпека нашых журналістаў. Мы цяпер робім усё магчымае, каб забясьпечыць іх легальнай, юрыдычнай падтрымкай. У той жа час, вы ведаеце, што адна з нашых журналістак Хадзіджа Ісмаілава, якая ў нас вяла праграму і праводзіла журналісцкія расьсьледаваньні, знаходзіцца ўжо больш як месяц пад арыштам. Мы спадзяемся, што гэтая хваля арыштаў ня дойдзе і да іншых нашых журналістаў. Але мы працягваем працаваць, мы будзем вяшчаць і даносіць аб’ектыўную інфармацыю.