Абвешчаныя ўладальнікі ўзнагарод першай музычнай прэміі па выніках 2014 году. Партал tuzin.fm правёў цырымонію «Героі году» традыцыйна ў дзень свайго нараджэньня ў менскім клюбе «Піраты».
У намінацыі «Адкрыцьцё году» найлепшымі былі прызнаныя Сяргей Башлыкевіч і група «Leibonik». Ураджэнец Ашмянаў, цяперашні жыхар Менску, выступае як з калектывам, так і сольна. У прыватнасьці, сёлета ён стаў ляўрэатам «Бардаўскай восені». У ягоным рэпэртуары як аўтарскія творы, так і вельмі арыгінальныя кавэры замежных выканаўцаў, якія гучаць з аўтарскімі тэкстамі на беларускай мове. На цырымоніі «Героі году» музыкі гэтага калектыву выступалі ў чорных майках зь імёнамі беларускіх літаратараў.
Апрача пераможцы, у шорт-лісьце гэтай намінацыі значыліся групы «Haina», «Bristeil», а таксама Віталь Варанко і Яўген Кучмейны з Іўя, які выступае пад псэўданімам .К
На тытул «Герояў году» сёлета прэтэндавалі Лявон Вольскі, «Ляпис Трубецкой», «Navi», «Vuraj», «Dzieciuki», «Landau» i «Akute». Пераможцам была аб’яўлена каманда з Горадні.
Рэдактар парталу tuzin.fm Сяргей Будкін гэтак патлумачыў выбар рэдакцыі:
«Думаю, што на вызначэньне групы „Dzieciuki“ пераможцамі палітычныя матывы, калі й паўплывалі, дык вельмі ўскосна. Музыкі выдалі альбом яшчэ ў лютым, па вясьне зрабілі тур па эўрапейскіх краінах, даўшы 14 канцэртаў, няхай у невялічкіх клюбах і пабах, але тым ня менш. Цягам году яны зьнялі пяць кліпаў. І мы давалі прэмію, зважаючы на актыўнасьць музыкаў у рэальнай і віртуальнай сфэрах, глядзелі, як яны працуюць з аўдыторыяй на канцэртах і ў сеціве. І „Dzieciuki“ давалі пра сябе знаць ледзь ня кожны тыдзень. Тое, што падчас здымкаў кліпу музыкі былі затрыманыя АМАПам, сьведчыць толькі пра тое, што яны працавалі».
Цырымонію «Героі году», якую падтрымала культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», вёў культуроляг Максім Жбанкоў, які гэткім чынам адказаў на пытаньне, ці будуць помніць пра цяперашніх герояў гадоў праз дзесяць?
«Не магу сказаць, што будзе праз дзесяць гадоў, аднак ведаю, што ёсьць рэчы, запатрабаваныя менавіта сёньня. Ня ўпэўнены, што Элвіс там, «Бітлз» ці «Сэкс пісталс» задумваліся, што будзе зь імі праз год ці два. Яны жылі сёньня і рабілі актуальныя рэчы. Таму як па мне, дык абсалютна ўсе ўдзельнікі сёньняшняга канцэрту — гэта актуальная беларуская музыка. І для мяне тое было сур’ёзным адкрыцьцём. Рок-музыка, ці там музыка электрычная, ці сучасны гарадзкі фальклёр — яны заўсёды адлюстроўваюць рэчаіснасьць. Гэта заўсёды люстэрка тых настрояў, якімі жыве грамадзтва ў гэты момант. Я згадваю папярэднюю генэрацыю выканаўцаў беларускага року: збольшага гэта былі патэтычныя, рамантычныя і нават дэпрэсыўныя выканаўцы. І героіка іх была пакутніцкая. Цяпер зусім іншыя эмоцыі: нацыянальны пазытыў. І гэта галоўнае, што я тут адчуў. Яно для мяне ў сто разоў карысьнейшае за ўсе сьвяты вышыванак, якія ў нас былі й будуць."