Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігурскі: Трэба адкінуць стэрэатып, што беларуская прадукцыя — самая якасная


Пётар Мігурскі
Пётар Мігурскі

Беларусь і Расея працягваюць абмен узаемнымі папрокамі за ўзьвядзеньне бар’ераў, недапушчальных у адносінах паміж саюзьнікамі.

Беларусь і Расея працягваюць абмен узаемнымі папрокамі за ўзьвядзеньне бар’ераў, недапушчальных у адносінах паміж саюзьнікамі. Менск абураны, што ад сёньня Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі прадукцыі яшчэ двух мясакамбінатаў — Гарадзенскага і Ашмянскага. І гэта на тле заяваў беларускага боку пра тое, што неўзабаве на расейскі рынак вернуцца ўсе прадпрыемствы, пакараныя за неадпаведную якасьць харчоў. Тым часам Масква абураецца захадамі партнэра, які ў аднабаковым парадку аднавіў мытны кантроль на «празрыстай» мяжы.

Пасьля двухтыднёвай забароны за неадпаведную якасьць ад учорашняга дня да расейскіх спажыўцоў вярнуліся каўбасы Калінкавіцкага мясакамбінату. А сёньня Рассельгаснагляд наклаў забарону на прадукцыю яшчэ двух беларускіх прадпрыемстваў, знайшоўшы ў аналізах геном вірусу афрыканскай чумы сьвіней. У Горадні і Ашмянах усе прэтэнзіі абвяргаюць, заяўляючы, што на экспарт адгружаецца прадукцыя бездакорнай якасьці. Генэральны дырэктар Гарадзенскага мясакамбінату Анатоль Грышчук запэўнівае, што прадпрыемства працуе ў шчыльнай каапэрацыі з расейскімі лябараторыямі, і дагэтуль ніякіх прэтэнзіяў не было:

Мы ў частцы кантролю за якасьцю прадукцыі працуем ня толькі з нашымі лябараторыямі ў Горадні і ў Менску.

«Мы ў частцы кантролю за якасьцю прадукцыі працуем ня толькі з нашымі лябараторыямі ў Горадні і ў Менску. Ужо больш за год мы возім свае ўзоры прадукцыі ў Бранск, дзе пацьвярджаецца якасьць нашых вырабаў. Дарэчы, пачалі туды вазіць не таму, што чакалі праблемаў, а таму, што гэта абсалютна нармальна з гледзішча супрацоўніцтва, — мы ўзаемна адзін аднаму давяраем, але правяраем. Апроч таго, спэцыялісты камбінату ажыцьцяўляюць кантроль нашай сельскагаспадарчай сыравіннай зоны — адпаведна, шматразовы дагляд на ўсіх этапах».

Пасьля таго, як Рассельгаснагляд пачаў масава абмяжоўваць доступ беларускіх вытворцаў харчаваньня на свой рынак, Беларускі дзяржаўны вэтэрынарны цэнтар дасьледаваў больш за 1000 пробаў на геном вірусу афрыканскай чумы сьвіней, і ніводная зь іх не была пацьверджаная. Дырэктар установы Аляксандар Аксёнаў удакладняе, што ў Беларусі дзейнічае нацыянальная праграма кантролю за рэштай шкодных рэчываў. Падчас нядаўняга наведваньня цэнтру да якасьці лябараторных дасьледаваньняў ня мелі прэтэнзіяў нават патрабавальныя экспэрты Эўразьвязу:

Меней чым за месяц мы дасьледавалі 1255 пробаў на афрыканскую чуму сьвіней. Ні ў адным з узораў геном АЧС ня знойдзены.

«Меней чым за месяц мы дасьледавалі 1255 пробаў на афрыканскую чуму сьвіней. Ні ў адным з узораў геном АЧС ня знойдзены. Што тычыцца камбінатаў, да якіх расейскі бок прад’яўляе прэтэнзіі, яны таксама ў нас правяраліся. Тых шкодных рэчываў, якія выявілі расейцы, нашы дасьледаваньні не паказалі. Сёлета была зафіксаваная неадпаведнасьць па дзесяці прадпрыемствах, гэта тычыцца наяўнасьці ў дасьледаваных прадуктах — мясе птушкі і сьвініны — антыбіётыкаў і какцыдыястатыкаў. Парушэньні былі выяўленыя і выпраўленыя да забою жывёлы. Сваю кампэтэнцыю мы штогод пацьвярджаем выкарыстаньнем міжнародных мэтадаў ІСО, якімі карыстаюцца ўсе краіны сьвету».

Дык хто насамрэч хітруе з ацэнкай бясьпекі беларускіх харчоў? Ці сапраўды Расея вылучае няісныя прэтэнзіі? Кандыдат эканамічных навук, экспэрт-практык у аграрнай галіне Пётар Мігурскі раіць не палітызаваць сытуацыю, а прызнаць відавочнае: патрабаваньні Масквы цалкам абгрунтаваныя:

Найперш, трэба адыйсьці ад ўяўленьня пра тое, што беларуская прадукцыя — самая якасная.

«Ні ў якім разе ніякай палітыкі тут няма. Найперш, трэба адыйсьці ад ўяўленьня пра тое, што беларуская прадукцыя — самая якасная. Не такая яна ўжо і якасная. Насамрэч расейцы ня хочуць і ня будуць спажываць тое, што спажываюць беларусы. Таму заканамерныя патрабаваньні расейскіх і дзяржаўных службаў, і прадпрымальніцкай супольнасьці аб тым, каб усё ж якасьць беларускай прадукцыі была хоць крыху вышэйшай.

Цяпер што тычыцца афрыканскай чумы сьвіней. Маленькі прыклад: у Віцебскай вобласьці ў сувязі з АЧС увогуле забаронена трымаць сьвіней на падворках. То бок, у сямі раёнах, у якіх прысутнічае вірус, — там сьвіньні зьнішчаюцца стопрацэнтна, бяз права перапрацоўкі. А ёсьць яшчэ так званыя буфэрныя зоны, у якіх насельніцтва мусіць зрабіць тое ж самае добраахвотна — у 2015 годзе ніводнай галавы не павінна быць на падворках. І чума ў нас — па ўсёй краіне. Вось вам і адказ: ёсьць у нас афрыканская чума ці не? Таму прэтэнзіі расейскіх службаў да наяўнасьці чумы сьвіней абгрунтаваныя», — кажа Пётар Мігурскі.

Напярэдадні ў Беларусь прыбылі тры групы расейскіх экспэртаў, якія прадстаўляюць як цэнтральны офіс Рассельгаснагляду, так і яго рэгіянальныя аддзяленьні ў Белгарадзе, Бранску, Валгаградзе, Смаленску і г. д. Адмыслоўцы правераць 12 прадпрыемстваў у Берасьцейскай, Гомельскай і Магілёўскай абласьцях з больш чым двух дзясяткаў тых, якія патрапілі пад забарону. Мінсельгасхарч запэўнівае, што ніякіх абмежаваньняў чыніць не зьбіраецца, паколькі за якасьць сваёй прадукцыі вытворцы строга адказваюць. Дырэктар дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду галіновага міністэрства Васіль Півавар спадзяецца, што да канца тыдня ўсе бар’еры на шляху ў Расею будуць зьнятыя:

Мы дамовіліся з расейскімі калегамі, што пытаньне аднаўленьня паставак па шэрагу гэтых прадпрыемстваў будзе вырашанае пасьля прадстаўленьня нашым бокам усяго пакету дакумэнтаў.

«Мы дамовіліся з расейскімі калегамі, што пытаньне аднаўленьня паставак па шэрагу гэтых прадпрыемстваў будзе вырашанае пасьля прадстаўленьня нашым бокам усяго пакету дакумэнтаў. Гэта дастаткова вялікі аб’ём дакумэнтацыі, і ў самы бліжэйшы час мы гэтыя паперы падрыхтуем. Спадзяюся, што па выніках цяперашніх праверак напрыканцы тыдня будзе прынятае станоўчае рашэньне аб аднаўленьні паставак беларускай прадукцыі ў Расейскую Фэдэрацыю. Мы разьлічваем на тое, што большая частка гэтых прадпрыемстваў будуць адчыненыя».

У адказ на абмежаваньне прысутнасьці беларускіх вытворцаў на расейскім рынку Дзяржаўны мытны камітэт ініцыяваў утварэньне так званых «мабільных перасоўных пастоў» у складзе мытнікаў, памежнікаў і праваахоўнікаў. На абсталяваных аўтамабілях яны рухаюцца ўздоўж «саюзнай» мяжы і выбарна правяраюць машыны, якія едуць у Беларусь. За некалькі дзён больш за сто фураў з-за неадпаведнасьці тавару санітарным нормам разьвернутыя назад, блізу двух дзясяткаў перавозчыкаў прыцягнутыя да адказнасьці за адсутнасьць суправаджальных дакумэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG