Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ход у адказ: на мяжы з Расеяй зьявіліся беларускія памежнікі і мытнікі


Выстаўленьне памежных і мытных пастоў прывяло да чэргаў на беларуска-расейскай мяжы. Чаму беларускі бок ідзе па шляху абвастрэньня ў харчовай вайне? Калі і як можа быць урэгуляваны гэты канфлікт? Чаму такім чынам хаўрусьнікі адзначаюць 15-гадовы юбілей саюзнай дзяржавы?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Чаму беларускі бок ідзе па шляху абвастрэньня ў харчовай вайне?

Валер Карбалевіч: «Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з губэрнатарам Санкт-Пецярбургу два тыдні таму пагражаў, што Беларусь можа прыняць захады ў адказ на харчовую вайну з боку Расеі. Ён казаў: «Мы вымушаныя будзем рэагаваць»; «Я цярпець ня буду»; «Ня трэба думаць, што Беларусь меншая за Расею і яна ні на што ня здольная. Мы вельмі нават многае можам».

Беларускі бок не замарудзіў прыняць меры ў адказ. Дзяржаўны памежны камітэт адрапартаваў, што з пачатку сьнежня на расейскім напрамку памежнікі сумесна зь іншымі органамі выявілі 19 фактаў парушэньня мытнага заканадаўства пры ўвозе тавараў у Беларусь. 6 сьнежня беларуская мытня наладзіла татальную праверку фураў, якія едуць з Расеі, што прывяло да стварэньня гіганцкіх затораў на мяжы. Гэта «наш адказ Чэмбэрлену».

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў: «Так. Гэта крокі Беларусі ў адказ. Бо пасьля таго папярэджаньня Лукашэнкі расейскі бок не спыніў чыніць перашкоды для экспарту беларускага мяса. Дзеяньні Расеі парушаюць правілы і Мытнага саюзу і Эўразійскага эканамічнага саюзу».

Кірыл Коктыш: «Беларусь спрабуе перавесьці канфлікт у палітычную плашчыню, зьвярнуць на яго ўвагу расейскіх мэдыяў. Бо дасюль у Расеі гэты канфлікт зусім не заўважны. Беларускі пункт гледзішча ў Расеі практычна невядомы».

Навошта Менск апэлюе да грамадзкай думкі?

Карбалевіч: «Вось цяпер, калі зь беларускага боку на мяжы зьявіліся памежнікі і мытнікі, расейскія мэдыі канфлікт заўважылі. Што дае афіцыйнаму Менску апэляцыя да расейскай грамадзкай думкі?»

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш

Коктыш: «Паўтараю, Беларусь спрабуе перавесьці канфлікт у палітычную плашчыню. Бо пакуль не было ніводнай заявы расейскага палітыка — нават „другога калібру“ — наконт гэтага канфлікту. З гледзішча Масквы гэта выглядае як тэхнічнае пытаньне.

Беларусь ужо страціла з-за гэтага канфлікту каля 200 мільёнаў даляраў. А рынак доўга свабодным ня будзе. Калі хутка там ня зьявіцца беларускае мяса, то зьявіцца прадукт зь іншай краіны.

Зь іншага боку, Беларусь імкнецца да таго, каб быць пачутай на Захадзе. Але Расея гэтым сваім ходам прадэманстравала, што калі хто хоча дамаўляцца з Расеяй, то трэба дамаўляцца наўпрост з Масквой. Пасярэднік у выглядзе Беларусі Кармлю не патрэбен. Але Захад ня будзе плаціць Беларусі за яе канфрантацыю з Расеяй. Магчыма, гэты канфлікт будзе садзейнічаць нармалізацыі адносінаў Беларусі з ЭЗ».

Фёдараў: «Не выключаю, што беларускія ўлады хочуць атрымаць падтрымку з боку расейскіх мэдыяў і грамадзкасьці. Але ня думаю, што цяпер грамадзкая думка ў Расеі ўплывае на палітыку Крамля. Цяпер у гэтым сэнсе Расея стала падобная на Беларусь».

Калі і як можа быць урэгуляваны гэты канфлікт?

Карбалевіч: «Якія пэрспэктывы ўрэгуляваньня канфлікту?»

Коктыш: «Думаю, дамовяцца пра сумесны кантроль на вонкавай і ўнутранай мяжы Мытнага саюзу. Цяпер ідзе клясычны торг».

Фёдараў: «Так, патрэбен сумесны кантроль. Лягічна, каб гэта было на вонкавай мяжы Мытнага саюзу».

Карбалевіч: «На мой погляд, кантроль на вонкавай мяжы мала што дасьць. Тавар увозіцца нібыта ў Беларусь, якія пытаньні?.. Потым туды лепіцца беларуская этыкетка, і тавар рээкспартуецца ў Расею, а там жа мяжы няма. Ці не падаецца вам сымбалічным, што такім чынам хаўрусьнікі адзначаюць 15-гадовы юбілей саюзнай дзяржавы?»

Коктыш: «Пэрыядычныя сваркі — добрая нагода пабудаваць узаемны давер. Беларусі варта змагацца за большую ролю ў ЭАЭС».

Фёдараў: «Так, гэта сымбалічна. Узгадаем які 15 гадоў таму быў размах, і які атрымаўся ўдар. І калі на пачатку існаваньня ЭАЭС узьнікаюць такія канфлікты, то дасягненьні яго будуць не нашмат большыя, чым у саюзнай дзяржаве».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG