З 1980-х гадоў у Беларусі ўгодкі Слуцкага Паўстаньня, як знакавай падзеі ў гісторыі барацьбы за незалежнасьць, адзначаюцца нацыянальна сьвядомым грамадзтвам як Дзень Герояў.
Звычайна ў апошнюю суботу лістапада грамадзкія актывісты наведвалі мясьціны, зьвязаныя з памяцьцю Слуцкага паўстаньня — Грозава, Семежава ды Вызьну, а ў Слуцку праводзіўся мітынг памяці. Але сёлета з нагоды 94-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну Слуцкі райвыканкам не даў дазволу на правядзеньне Партыяй БНФ мітынгу 29 лістапада.
Паводле мясцовай адміністрацыі, падставай для забароны акцыі зьяўляецца тое, што заяўленае месца правядзеньня мітынгу (пляцоўка каля Слуцкага краязнаўчага музэю) не прызначана для масавых мерапрыемстваў. Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што адзінае месца ў горадзе, дзе можна праводзіць мітынгі у Слуцку — гэта гарадзкі стадыён. Таксама не былі дадзеныя і дазволы на правядзеньне ўрачыстых сходаў і у іншых месцах, зьвязаных з памяцьцю Слуцкага паўстаньня. А Партыі КХП-БНФ наагул нават не адказалі на яе заяўку.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавёў, што, каб не дражніць улады, было вырашана ціха, без лішняга шуму і агалоску, ушанаваць памяць герояў:
«Мы на двух машынах праехалі сёньня па мястэчках, у якіх стаялі раней ці знаходзяцца зараз памятныя крыжы ў гонар слуцкіх паўстанцаў: гэта Грозава, Семежава ды Вызьна, якая цяпер называецца Чырвонай Слабадой, запалілі зьнічкі, усклалі кветкі. Абышлося без інцыдэнтаў, супрацоўнікаў міліцыі ў гэтых месцах мы не назіралі. Дзякуй Богу, усё спакойна прайшло».
Кіраўнік Слуцкай раённай арганізацыі БНФ Віталь Амяльковіч распавёў, што 27 лістапада ў Слуцку актывісты раздавалі ўлёткі зь віншаваньнем да Дня героеў. На пытаньне, ці ведаюць случакі, што гэта за дата, за што ўшаноўваюць слуцкіх паўстанцаў, адказаў так:
«На дзіва, кожны год ідзе такая адукацыйная праца, і кожны год пра гэту дату ўзгадваецца ў недзяржаўных і мясцовых, і нацыянальных, але, што дзіўна, кожны год мы сутыкаемся з тым, што народ у большасьці сваёй ня ведае пра гэту дату. І я не ўяўляю сабе, як гэту сытуацыю можна пераламіць. Наагул такое адчуваньне, што людзі нешта пачулі ў гэтым годзе пра Слуцкі збройны чын, а ў наступным ужо забыліся. Дзіўна, але гэта так».
Апошнім часам беларускія ўлады сталі лічыць несанкцыянаванымі мерапрыемствамі нават жалобныя мітынгі на могілках, ушанаваньне памяці продкаў. Апошні прыклад — перасьлед грамадзкіх актывістаў і нават журналістаў у Сьвіслачы. І ўсё ж такі, чаго так баяцца беларускія ўлады? Меркаваньне старшыні партыі БНФ Аляксея Янукевіча:
«Відавочна, што ўлады баяцца адраджэньня вось гэтай гістарычнай памяці. Таму што тая ідэалёгія, якую сёньняшнія беларускія ўлады будуюць, яна ўсё ж такі грунтуецца на асноўных савецкіх пастулятах, на савецкай ідэнтычнасьці. А Слуцкі збройны чын якраз грунтаваўся на зусім іншых каштоўнасьцях, ён абараняў беларускую нацыянальную дзяржаву, ён абараняў беларусаў як нацыю, якая гэтую дзяржаву хоча заснаваць і жыць у гэтай незалежнай дзяржаве. А сёньняшнія ўлады сапраўды хацелі б, каш наш дзень незалежнасьці быў 3 ліпеня, калі вызвалілі Менск ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А да гэтага быццам бы ў нас нічога такога і не было».