На беразе ракі сядзелі беларусы. Адны чакалі, пакуль берагі стануцца кісельнымі. Другія – пакуль міма праплыве труп ворага. Дружна сядзелі, але амаль не размаўлялі адзін з адным.
Геапалітычныя зьмены па ўсім пэрымэтры дзяржаўнай мяжы пачалі ўносіць свае карэктывы.
Адны забыліся пра кісель, спужаліся, і проста чакаюць «калі гэта ўсё скончыцца». Другія актывізавалі пошук адказу на пытаньне «як нам аб'яднаць нацыю?».
Хоць, як па мне, насамрэч гэта паліткарэктна закамуфляванае пытаньне, якое ў прыватных гутарках абмяркоўваюць з канкрэтнай фармулёўкай – што рабіць, калі на Беларусь «папруць маскавіты»?
У сэнсе: што, як, і разам з кім рабіць, калі не эміграваць, а заставацца.
Ад канца 1980-х па канец 1990-х быў у актыўнай часткі грамадзтва такі выразны падзел па беларускай мове. Хадзілі на імпрэзы «сваіх». Ня важна, ці то быў графаман, ці тонкі мастак, галоўнае, каб быў «наскім» – гаварыў па-беларуску.
Хоць беларуская мова застаецца самым яркім маркерам сьветагляду чалавека, формула ўжо працуе не на 100%, і неўзабаве, відаць, нейкі час зусім працаваць ня будзе.
Украінскія падзеі стварылі новую сытуацыю і ў беларускім грамадзтве. Публіка, якая перад тым абыякава ці з асьцярогай ставілася да нацыятворчых ідэяў, цяпер робіць выбар.
Вясной я багата чытаў і чуў выразаў кшталту «я паверыць ня мог (не магла), што Расея на такое здатная!», «Нам у школьныя гады падавалася што Пазьняк (чытай: нацыяцэнтрычныя людзі. – С.К.) крыху неадэкватны дзядзька, калі гаварыў, што Расея можа пачаць вайну, а яно вунь як!» і г.д. То бок, даўнія нацыяналісты не асабліва зьдзівіліся паводзінам Крамля, а для многіх іншых гэта проста шок. Так што, думаю, нацыяцэнтрычныя асяродкі папаўняюцца.
Іншае пытаньне, ці ёсьць тыя асяродкі? Дакладней, на колькі яны выразныя? Калі ў 1990-я не было праблемаў з публічнымі пляцоўкамі для выступу, што ў рэальнасьці, што ў СМІ, то цяпер шчырыя гутаркі-дыскусіі больш уласьцівыя прыватнай прасторы.
Ну сапраўды, які ж уладальнік памяшканьня пусьціць вас з імпрэзай пад назвай, напрыклад, «Тактыка і стратэгія нацыянальнага супраціву ва ўмовах адкрытай расейскай акупацыі?».
Нават, калі тактыка і стратэгія будзе абмяркоўвацца ў інтэлектуальна-культурным кірунку.
Ды і ў незалежных беларускіх СМІ тэма фармулюецца больш акуратна. З аднаго боку, міжнародная супольнасьць вычэквае з дэфініцыямі, а значыць, пастаноўка пытаньня можа выглядаць занадта радыкальнай. Зь іншага, трэба ахоўваць сябе ад магчымых рэпрэсій, бо па расейскім пытаньні дзяржава Беларусь не выказваецца, і што там на розуме ў сапраўднасьці ніхто ня ведае.
У мяне складаецца такое ўражаньне, што цяпер у нашай частцы сьвету паўтараюцца падзеі адначасова 1918, 1939 і 1991 гадоў.
1918 – гэта калі грамадзка-палітычныя дзеячы абіралі паміж змаганьнем з бальшавікамі і магчымасьцю ладзіць беларусізацыю пад эгідай бальшавікоў. 1939 – калі наслухаўшыся расейскай савецкай прапаганды, «з надзеяй чакалі на рускія танкі» (с). А 1991 – гэта даразвал расейскай імпэрыі, які суправаджаўся крывавымі змаганьнямі за незалежнасьць па «нацыянальных ускрайках».
– Эх, падтрымліваюць каго заўгодна, у тым ліку дзяржаўных, толькі ня нас... – пачуў я нядаўна ў адным абласным горадзе ад олдскульных беларусацэнтрычных людзей. Якія працуюць яшчэ з часоў, калі актыўна ўжываліся словы «адраджэнцы» і «сьвядомыя».
Што рабіць ужо цяпер?
Вяртацца да фармату канца 1980-х, які папярэднічаў краху СССР у 1991. Тады рух БНФ аб'яднаў самых розных людзей: ад адраджэнцаў, якім была важная беларушчына сама па сабе, без прывязкі да палітычнага ладу, да проста дэмакратаў без прыстаўкі «нацыянал-». Якія маглі не пагаджацца з адраджэнцамі ў нацыянальнай палітыцы, але адстойвалі права на выказваньне сваіх апанэнтаў. А паміж імі тыя, для каго стварэньне нацыянальнай дзяржавы было неад'емным ад абароны незалежнасьці асобы, калі асоба вышэй за дзяржаву.
Той самы фармат, які хтосьці грэбліва назваў «гета», а я называю «крэпасьцю». Гета – аб'ект, а крэпасьць – суб'ект. Прычым суб'ект, чыя задача ва ўзаемадзеяньні зь іншымі крэпасьцямі з мэтай пашыраць і мацаваць пэўную тэрыторыю. У нашым выпадку – ідэйную прастору.
Ідэі «крэпасьцяў» канца 1980-х у адзін момант сталіся мэйнстрымам. А вось сёньняшні «мэйнстрым» – «я за нашу ўласьць, бо яна за парадак» можа абрынуцца ў кожны момант.
– 64% падтрымліваюць «Крым іх!» Нам усім гамон!
– Але 75% супраць расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусь! Усё будзе добра!
Падобныя дыялёгі ў розных камбінацыях гучаць з усіх бакоў. Як і напярэдадні 1991 году, мы нічога ня ведаем пра сапраўдныя настроі, і самае галоўнае – хто як сябе будзе паводзіць у крытычнай сытуацыі.
Звычайная жыцьцёвая практыка сьведчыць, што посьпех за тымі, хто мае выразную і пасьлядоўную пазыцыю. «Рабі, што мусіш, і будзе як мае быць».
У нашым выпадку не настолькі важна, які працэнт можа пацягнуць Беларусь у багну «данбасізацыі» краіны. А важна, наколькі старыя пасьлядоўныя беларусацэнтрысты гатовыя дамаўляцца і працаваць з новымі людзьмі, якія перажываюць цяпер пасьлядоўна шок-абурэньне-пратэст і шукаюць аднадумцаў.