Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна гатовая да перамоваў з Расеяй на нэўтральнай тэрыторыі


Аресній Яцанюк.
Аресній Яцанюк.

Масква ж рэкамэндуе Кіеву праводзіць перамовы ня зь ёю, а з сэпаратыстамі Данбасу. Застаецца пытаньнем, ці лічыць Кіеў нэўтральнай тэрыторыяй Менск, дзе раней праводзіліся кансультацыі наконт Данбасу.

Украіна гатовая да правядзеньня «на нэўтральнай тэрыторыі» перамоваў з Расеяй па дээскаляцыі сытуацыі ў Данбасе.

Як паведамляе УНІАН, пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Украіны Арсеній Яцанюк падчас сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Нарвэгіі Эрнай Салберг.

«Мы запрашаем РФ да правядзеньня адпаведных сур’ёзных перамоваў на нэўтральнай тэрыторыі, у гэтым нам дапамагаюць ЗША і краіны ЕС», — сказаў Яцанюк.

Ён адзначыў, што Ўкраіна імкнецца да міру. У той жа час Расея працягвае эскаляцыю канфлікту і нарошчвае сваю ваенную прысутнасьць на ўсходзе Ўкраіны, падкрэсьліў ён.

«Усё залежыць ад расейскага прэзыдэнта, у першую чаргу, і ад яго асяродка; і калі ў яго хопіць палітычнай волі спыніць гэтую вайну супраць Украіны, выконваць міжнароднае заканадаўства і не парушаць Хартыю ААН, то мы гатовыя працягнуць перамовы», — заявіў Яцанюк, нагадаўшы, што Ўкраіна ўжо чула досыць абяцаньняў ад Расеі.

МЗС Расеі ўжо адрэагаваў на гэтую заяву.

Намесьнік міністра замежных спраў Расеі Рыгор Карасін заявіў, што Кіеў павінен весьці перамовы па ўрэгуляваньні крызысу ў Данбасе не з Масквой, а з сэпаратыстамі.

Рыгор Карасін.
Рыгор Карасін.

«Весьці перамовы кіеўскай уладзе трэба не з Масквой, а з прадстаўнікамі паўднёвага ўсходу Ўкраіны. І вось у гэтым ёсьць прынцыповы сэнс, ад якога чамусьці кіеўская ўлада спрабуе ўсяляк высьлізнуць», — заявіў Карасін «Інтэрфаксу».

Адказваючы на пытаньне, ці гатовая Расея ўсё ж удзельнічаць у новых міжнародных кантактах па Ўкраіне, Карасін заявіў, што Масква ніколі не адмаўлялася ад такіх сустрэч:

«Расейская Фэдэрацыя з самага пачатку ўдзельнічала ва ўсіх магчымых фарматах з мэтай дамагчыся ўрэгуляваньня на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Гэта былі і сустрэчы ў Жэнэве, прыняцьце адпаведнай Жэнэўскага заявы ад 17 красавіка. Пасьля гэтага кіраўнік МЗС Расеі ўдзельнічаў у бэрлінскай сустрэчы. Прадстаўнікі Расеі прымалі ўдзел у сустрэчах кантактнай групы ў Менску, заключэньні адпаведных пратаколу і мэмарандуму».

Новы фармат перамоваў па Ўкраіне абмяркоўваў сёньня ў Кіеве і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка з міністрам замежных спраў Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.

Пятро Парашэнка і Франк-Вальтэр Штайнмаер пад час сустрэчы ў Кіеве 18 лістапада..
Пятро Парашэнка і Франк-Вальтэр Штайнмаер пад час сустрэчы ў Кіеве 18 лістапада..

«У кантэксьце міжнародных намаганьняў для мірнага ўрэгуляваньня суразмоўцы пагадзіліся ў мэтазгоднасьці розных шматбаковых фарматаў перагавораў, якія вядуць да спыненьня агню, вываду войскаў і тэхнікі і вызваленьня закладнікаў. У прыватнасьці, акрамя жэнэўскага і нармандзкага фарматаў, была прапанаваная ідэя так званага вэймарскага фармату з удзелам Нямеччыны, Польшчы і Францыі», — паведаміла прэсавая служба прэзыдэнта Ўкраіны.

Парашэнка падкрэсьліў, што Ўкраіна настойвае на неабходнасьці поўнага выкананьня менскіх дамоўленасьцяў усімі бакамі — спыненьне агню, закрыцьцё межаў, вызваленьне закладнікаў, вывад войскаў і правядзеньне мясцовых выбараў у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей паводле ўкраінскага заканадаўства.

У сваю чаргу кіраўнік нямецкага МЗС падкрэсьліў, што менскія дамоўленасьці павінны заставацца асновай для працягу дыялёгу па мірным урэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе.

Тым часам міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў падчас сёньняшняга візыту ў Беларусь заявіў, што Расея катэгарычна выступае супраць таго, каб працэс мірнага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне пераносіўся зь Менску ў любое іншае месца сьвету:

Сяргей Лаўроў.
Сяргей Лаўроў.

«Мы па-ранейшаму працягваем зыходзіць з таго, што Менск зьяўляецца вельмі камфортнай пляцоўкай для таго, каб працягваць непасрэдны дыялёг паміж кіеўскімі ўладамі і прадстаўнікамі Паўднёвага Ўсходу. Іншага шляху ўрэгуляваньня гэтага крызысу не існуе. Я перакананы, што ніякіх ровараў прыдумляць больш ня трэба. Ёсьць менскі фармат, фармат кантактнай групы. Гэта адзіны на сёньняшні дзень фармат, дзе прадстаўленыя і кіеўскія ўлады, і лідэры паўднёвага ўсходу пры ўдзеле Расеі і АБСЭ. І, галоўнае, ён прадугледжвае непасрэдны дыялёг бакоў. Спробы яго размыць, прадставіць, што апалчэнцы, кіраўнікі Паўднёвага Ўсходу могуць сядзець дзесьці ўбаку, а дарослыя паспрабуюць дамовіцца паміж сабой, пасьля чаго скажуць, што паўднёвы ўсход ашалеў, — гэта спробы абсалютна ілюзорныя», — заявіў кіраўнік расейскага МЗС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG