Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязынка -- “сталіца фэрмэрскай рэспублікі”


Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”.


У Вязынцы, на Купалавай зямлі, і праз тры гады я адчуў сябе, нібы ў сваёй талерцы, пагаварыўшы зь першым стрэчным. Зрэшты, сёньня тутэйшыя людзі называюць сваю малую Радзіму інакш.

Спадар: “Мы жывем у сталіцы фэрмэрскай рэспублікі. Працую ў Закрэўскага. Мы называем яго панам, а ён нас — работнікамі...”

Карэспандэнт: “Але ж ня парабкамі?”

Спадар: “Не, вядома. Працы хапае, але добры заробак, адносіны. У Вязынцы робяць ад 16 да 60. Адсюль не пабягуць...”

Калегі называюць 66-гадовага спадара Закрэўскага “патрыярхам фэрмэрства”. Дайце веры — ягоная гаспадарка, бадай, адна корміць бульбай усё Маладэчна. Кажа Ўладзімір Іванавіч:


Закрэўскі: “Салідная фірма “Дробны опт” бярэ ў мяне бульбы 80 тон. Мог бы і 500 тон, і болей, але зьесьці ня змогуць...”

Гэта сёньня ў яго за дзьве сотні га зямлі, прыстойная тэхніка, да паўсотні сьвіней. Калісьці, на пачатку 90-х, пэрспэктыўнаму старшыні Радашкавіцкага сельсавету зрабіць крок у фэрмэрства, як ён кажа, было нібы ў бездань. Але — прымушала памяць.

Закрэўскі: “Думаеце, трэба мне была б тая зямля? Але калгас забраў землі маіх бацькоў, і яны засталіся ні з чым, не маглі знайсьці купку сена, каб цяля навязаць. Дык вярнуў бацькоўскія землі. У нас бы гаспадары былі, каб не застрэлілі. Колькі людзей загінула за данос?! У Сыбір вывозілі тых, хто хацеў працаваць на сваёй зямлі. А цяпер зямлі хапае, а салома на палетках. У Вязынцы прапаноўваў сена накошанае — бярыце, хто хоча. Дык адзін даяр знайшоўся працаздольны, 5 кароў трымае. Астатнія прызвычаіліся, каб дзяржава забясьпечыла, альбо крадуць...”

Натуральна, кажа суразмоўца, у фэрмэрскай справе ёсьць і свае прыстасаванцы. Але тут, як на кірмашы, ўсё мае сваю цану. І называецца сваімі імёнамі.

Закрэўскі: “Дапусьцім, закрыліся Гаўрыленкі, якія грымелі — усё прапілі-прагулялі. Цяпер браць няма чаго, дык набралі дзяцей бізнэс зрабіць. Ёсьць Марына такая, мела краму. Дык прыйшла ў сельсавет, кажа — яны ж столькі ядуць! Хрумстаюць ды хрумстаюць! Яна думала, каб яны сьвятым духам жылі”. (Сьмяецца.)

У часы 90-х тутэйшаму фэрмэрству пашанцавала. Уплыў тагачаснага маладэчанскага мэра Генадзя Карпенкі падахвочваў самых прадпрымальных на вёсцы браць напоўніцу крэдыты на зямлю ды тэхніку. Праз дзесяцігодзьдзі, аднак, у “фэрмэрскай рэспубліцы” іх засталося каля пятнаццаці. Групуюцца акурат у Вязынцы і навакольлі. Але ўжо гэтую, як пісаў Купала, “сакаліну сям’ю” не пахіснуць.

Януш: “Хочацца працаваць — ёсьць і сілы, настрой, агеньчык у вачах, вялікі вопыт. Кожны год езьдзім — Польшча, Галяндыя, Данія, Чэхія, Расея, Малдова — усё вывучана. Хочацца ўвасобіць у рэальную вытворчасьць. І мы абавязаны быць мацнейшыя за іх. Інакш мы ня будзем беларусамі!”

36-гадовы Вадзім Януш у фэрмэрстве 12 гадоў. Вадзім — аграном, таленавіты садавод. Спэцыялізуецца на гадоўлі саджанцаў яблыняў, груш, трускалак, суніц. На ўзятых у арэнду 10 га яму ўдаецца іх выгадоўваць ад 80 да 90 тысяч штогод. Ён лічыць, што справа гэтая звышдаходная — як для асобы, так і для дзяржавы.

Януш: “30% рэнтабэльнасьці! Тым больш, тут патрабуюцца вялікія затраты рабочай сілы, заробкі добрыя можна плаціць. У нас 500—600 тысяч мінімум атрымліваюць. Акурат тыя 300 даляраў, што, як кажа наш прэзыдэнт, атрымлівае кожны калгасьнік. Гэта ж ня проста “давальныя” грошы, а заробленае за тавар, які прадалі на рынку. У мінулым годзе ў мяне ўвесь тавар у Расею забралі — тон 20. Тавар вельмі запатрабаваны!”

У фэрмэрскім асяродзьдзі Маладэчаншчыны добра ведаюць словы, якія публічна сказаў кіраўнік вэртыкалі Касабуцкі: маўляў, у сваёй гаспадарцы фэрмэрам зямлі не даваў, ня дам і тут. Вадзім Януш адчуў гэта на сабе, калі прасіў 150 га ў арэнду.

Януш: “Як сказаў Касабуцкі, садоў у Маладзечанскім раёне на 300 га дастаткова. І на кірмашы будуць купляць польскія яблыкі, бо садаводзтва тут не падтрымліваецца. У сябе на ўчастку пабудаваць сховішча, хату — трэба дазвол Лукашэнкі. Прынамсі, так трактуюць юрысты ў нашым райвыканкаме. (Сьмяецца.) Нават калі парканы ставіць, трэба ўзгадняць...”

Але не дадуць у Маладэчне — дадуць у іншым месцы. Кажа спадар Януш:

Януш: “Мы ўжо атрымалі запрашэньне з Магілёўскай вобласьці, выбралі добрыя землі. Адкрылі каапэратыў на 4 фэрмэраў. Пасадзілі вялікі пітомнік. Тут 150 га не далі, а там 400 даюць. Будзе 200 га саду — найбуйнейшы пітомнік для краіны...”

***

Часіны пасьля вірлівай восеньскай працы — ня толькі дзеля адхланьня, але й роздуму, дыскусій. Яшчэ тры гады таму спадар Закрэўскі выказаў мне тэзу, якую нязьменна любіць паўтараць і сёньня.

Закрэўскі: “Сёньня можа выжыць толькі буйная фэрмэрская гаспадарка. І пра 100 га гаварыць няма чаго — гэта павінна быць 500 альбо 1000 га. Немагчыма мець фэрмэру ўсе віды тэхнікі ды навеснага абсталяваньня...”

У часе сустрэч у “фэрмэрскай рэспубліцы” тэма ўсплыла. Дакладней, закранула фэрмэраў менш заможных, чым Закрэўскі. Пра гэта я гутарыў з ужо знаёмым мне Кастусём Корсакам ды наймаладзейшым тут Аўгенам Цітуленкам. Апошняга называюць і самым эпатажным. Вось што расказаў ён пры сустрэчы яшчэ тры гады таму:

Цітуленка: “Я зямлю не атрымаў, а захапіў. Я фэрмэр-захопнік. Мне 8 гадоў зямлю не давалі. Камісій многа было — рай-, аблвыканкамы, Гіпразем і суды мною займаліся. А раз зямлю захапіў, дапамогі ніякай ад дзяржавы не паступіла. Думалі: усё кіну. А ў мяне шасьцёра дзяцей! Я шмат грошай уклаў. І воляй-няволяй я ўжо закладнік сваіх учынкаў”.

Ну, а цяпер памянёныя спадары ўступаюць у спрэчку з самім “панам” Закрэўскім.

Цітуленка: “Калі Закрэўскі кажа, што ў моцнага фэрмэра 500 га, я прапаную яму легчы на 2 месяцы ў больніцу. І паглядзім, што будзе зь яго зямлёй. Болей, вядома, лепш — павялічэньне зваротных сродкаў. Але можна атрымаць большую аддачу і выручку на плошчы, напалову меншай...”

Карэспандэнт: “А калі Беларусь глыбей інтэгруецца ў Эўропу і адтуль хлыне таньнейшая прадукцыя — ці змогуць фэрмэры зь ёю канкурыраваць?”

Корсак: “Вядома! Прадукт на месцы сьвяжэйшы, дабротны, і мы самі ведаем, што гадаваць. Сою ўвозіць ці нейкія незразумелыя гарманальныя дабаўкі? Нямеччына шмат польскага мяса зьела, хворага на рак... Самы чысты рынак беларускі, бо ў нас усё натуральнае”.

Цітуленка: “Хімізацыя палёў у нас мінімальная. Убіраецца хіба пустазельле. І ніхто з нас не скарыстоўвае ні стымулятары росту, ні гарманальнае ці мадыфікаванае насеньне. Ва ўсякім выпадку, пры любым рынку сваю нішу мы таксама знойдзем...”

Ізноў слова спадару Закрэўскаму — на камэнтар.

Закрэўскі:
“Канечне, буйная гаспадарка заўсёды выжыве. Альбо малая, але спэцыялізаваная, дзе працуе сям’я — дзеці, родныя. Бо сёньня велічэзная праблема — няма спэцыялістаў. Старыя састарэлі, а маладыя верцяцца ля крамы...”

Карэспандэнт: “Каб перад вамі зараз мікрафон для абвестак, каго б вы запрасілі на працу з прафэсіяналаў?”

Закрэўскі: “Прыстойнага кіроўцу-экспэдытара, каб ня трэба было за ім бегчы выпісваць накладныя. Вопытнага трактарыста, бо на палетках ходзіш ззаду, рэгулюеш норму пасеву, колькі ўносіць угнаеньняў. За апошнія 13 год пярэрва ў часе адбылася...”

Карэспандэнт: “Калі трактарыст 220 тысяч улетку мае, а 50 тысяч узімку — хіба будзе ахвота працаваць?!”

Закрэўскі: “Я сваім па 700 тысяч плачу цэлы год. Каб працаваў, добра б заплаціў. А так пасадзіў бульбу, а ён ходзіць пад хатамі! Дык яны мне паказваюць — там смачная, там не — капалі, хто што хацеў...”

Урэшце падзяліўся-ткі спадар Уладзімір сваёй самай патаемнай ды вялікай радасьцю апошніх дзён.

Закрэўскі: “Дачка выявіла жаданьне працаваць у сельскай гаспадарцы, я ёй 100 га выдзеліў — будзе фэрмэрам. Зьбіраюцца хату будаваць, сад саджаць. Унуку 16 гадоў — дапамагае. А ў горадзе складана зараз, моладзь пачынае вяртацца — дык вось адзіны станоўчы момант вымалёўваецца...”

Вяртаючыся, заходжу да 65-гадовага спадара Анатоля Дваржэцкага. Фармальна дакумэнты на фэрмэрства ў Вязынцы ён падаў самым першым. І хоць вяскоўцы таксама завуць яго панам, усе ведаюць, што Казіміравіч —галоўны тутэйшы гаварун ды весялун.

Дваржэцкі: “У мяне ня столькі, як у Закрэўскага — 2 га, трошкі меней. Зерне ёсьць, конік і свая птушкафэрма — 40 вераб’еў. Каб пералічыць, давялося сфатаграфаваць. (Сьмяецца.) Гладзіў страўса па шыі, але жонка як даведалася, што кусаецца, не дала завесьці фэрму. Індыкі былі па 26 кг. Сын, жонка і я за два дні зьядалі. Дзівіліся — як столькі мяса можна было зьесьці! А індыкаў было мора...”

Тры гады таму бамжы, ці, як іх называе гаспадар, “шурыкі”, скралі ды зьелі ягоную кабылу. Але пан Анатоль бедаваў нядоўга.

Дваржэцкі: “Кабыла была добрая. Ня мог, каб не было коней на двары. Купіў другую, здохла, а жарабя выпаілі малаком ад каровы...”

Вывеўшы на двор магутнага двухгадовага волата Кузю, які зьлёту ледзь не праглынуў мой фотаапарат, гаспадар запрасіў мяне ў хату. Там бегала месячнае сьвінчо, ледзь не загрызенае літаральна за дзень да таго дарослым кабаном. Яго пачухвала маці Дваржэцкага — 97-гадовая цётка Зося.

Зося: “Гаспадыняй была. Жылі нармальна і не галадавалі. Скаціну гадавала — аднаго кабана сябе, другога дзецям. Бацькі непісьменныя, не расьпішуся і сама. Я хацела ў школу, а сказалі: дзеўцы ня трэба, а трэба ў трапальні лён апрацоўваць. Я была спэцыялісткай! Век пражыла здаровай і ніколі не захварэла. Унука жаніла, дык польку танчыла. Дзядзькі замарыліся, а я кажу — давай яшчэ! (Сьмяецца.)

Дваржэцкі: “Нас пяцёра было, і ўсе выйшлі без усялякай мэдычнай дапамогі — павітуха прыйдзе, пупок перавяжа, і ўсё...” (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: “Дык у чым сакрэт доўгажыхарства?”

Дваржэцкі: “Ціску ніякага не было. Палітыку ніколі не краналі. І доўга жылі!”

Я ля хаткі, дзе месьціцца Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік. Сёлета ягоныя дзесяць супрацоўнікаў якраз прыбралі навакольле — вока адпачывае. Па беларускіх мерках, справы адносна неблагія — 7000 наведнікаў у год, самаакупнасьць на 30 адсоткаў. Навуковая супрацоўніца Ірына Трутнева пазнала мяне праз тры гады пасьля ранейшай сустрэчы. Але тады праз «Свабоду» мы дасылалі SOS. Зараз яна кажа:

Трутнева: За гэтыя гады страху замянілі на хаце і новай гонтай пераклалі. Ужо не цячэ, і летняя экспазыцыя так і зьмяшчаецца ў сьвірне. Адрамантаваны драўляны масток цераз рэчку Вязынку. Зруб калодзежа па-новаму складзены. Возера спрабавалі чысьціць, запусьцілі рыбу. Але ў званы ўжо біць ня трэба...”

Сьвята на Купалавай зямлі будзе доўжыцца і надалей. Кажа, падышоўшы да нас, навуковая супрацоўніца Лілія Норка:

Норка: “Ой, наступны год вельмі цікавы, бо першыя зьвесткі пра Вязынку з 1528 году — 480 гадоў будзе, як згадваецца наша Вязынка ў дакумэнтах ВКЛ.

60 гадоў з дня адкрыцьця музэю — не вылазім зь юбілеяў”. (Сьмяецца.)






Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG