Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначэньне Орды — сьведчаньне канчатковай і беспаваротнай дэградацыі ФПБ, — Ярашук


Міхаіл Орда, архіўнае фота
Міхаіл Орда, архіўнае фота

Міхаіл Орда стаў старшынёй Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Адпаведнае рашэньне прыняла 22 кастрычніка рада ФПБ у Менску.

Міхаіл Орда нарадзіўся 28 верасьня 1966 году ў Дзятлаве Гарадзенскай вобласьці. Скончыў Віцебскі вэтэрынарны інстытут, Расейскую акадэмію дзяржаўнай службы пры прэзыдэнце РФ.

Быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, першым сакратаром Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі (2003–2006).

На пасадзе кіраўніка прафсаюзаў Орда зьмяніў Леаніда Козіка, які кіраваў арганізацыяй з 2002 году.

Паводле Аляксандра Ярашука, сытуацыя з прызначэньнем Міхаіла Орды на старшыню ФПБ падобная да той, якая была 12 гадоў таму, калі такім жа чынам на гэтую пасаду прызначалі былога намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Леаніда Козіка.

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

«Але яна і адрозьніваецца, бо на той час тыя, хто прымаў рашэньні, маглі апраўдацца, што гэта рабілася дзеля арганізацыі, паколькі арганізацыя была ў вострым крызісе. Тады моцна ціснулі на ФПБ. А цяпер апраўдацца няма чым.

Гэта сьведчаньне канчатковай і беспаваротнай дэградацыі ФПБ. Абставіны, пры якіх спадар Орда пагадзіўся гуляць у такую дрэнную гульню, калі чалавек ня мае абсалютна ніякіх адносінаў да прафсаюзаў і ніколі ня меў, і ісьці ў арганізацыю, пакорліва выконваць волю кіраўніцтва дзяржавы, — гэта сьведчаньне і з боку Орды, і з боку ФПБ, што абсалютна нічога ня будзе і ня можа мяняцца.

Гэта будзе інструмэнт у руках адміністрацыі прэзыдэнта, гэта будзе сыстэма, якая будзе бачыць галоўнай мэтай абарону ўлады ад працоўных

І ФПБ будзе яшчэ больш несамастойнай і будзе яшчэ больш імкнуцца выконваць даручэньні вышэйшай улады. Можа, крыху памяняецца рыторыка, перадусім у дачыненьні да ўраду. Але ва ўсім астатнім гэта будзе інструмэнт у руках адміністрацыі прэзыдэнта, гэта будзе сыстэма, якая будзе бачыць галоўнай мэтай абарону ўлады ад працоўных.

Вядома, дзеля чаго бралі пад кантроль ФПБ. Нават ніводнага шансу не было, каб на чале арганізацыі стаў свой чалавек, ніводная асоба-прэтэндэнт зь ліку амаль 4-мільённай арганізацыі нават і не называлася. Усё вырашалася прызначэньнем чалавека з боку.

Гэта дрэнны знак для ўсіх нас і сьведчаньне таго, што абсалютна нічога ў краіне не мяняецца. І цяпер такі выпадак, калі зноў на пярэдні плян выходзяць нашы ўнутраныя пытаньні, якія згубіліся падчас расейска-ўкраінскага канфлікту. Усё становіцца ўсё горшым, і гэта не дадае нам усім аптымізму».

Ярашук кажа, што нічога ня ведае пра Орду.

«Тое, што малады чалавек пагадзіўся ўзначальваць БРСМ — ну, што за арганізацыя БРСМ, напэўна, вядома. Як у добрыя савецкія часы — кінулі на камсамол, а потым кінулі на прафсаюзы, бо апраўдаў давер».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG