Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Козік такі падаў у адстаўку


Леанід Козік
Леанід Козік

Тры дні чыноўнікі Фэдэрацыі прафсаюзаў хавалі таямніцу пра звальненьне свайго кіраўніка Леаніда Козіка.

Заяву на звальненьне ён падаў 22 верасьня, а толькі 25-га ў ФПБ афіцыйна пацьвердзілі гэты факт.

Паводле прэсавага сакратара ФПБ Юліі Фядотавай, Леанід Козік падаў заяву аб звальненьні, але фармальна пакуль застаецца кіраўніком фэдэрацыі. Сакратарка Козіка не змагла паведаміць Свабодзе, ці прыйшоў спадар Козік на працу.

«Так, магу пацьвердзіць, што Леанід Пятровіч 22 верасьня зьвярнуўся ў Раду ФПБ з просьбай вызваліць яго ад займанай пасады. Але на дадзены момант ён зьяўляецца старшынёй, бо пасяджэньня Рады ФПБ яшчэ не было. А паўнамоцтвы, паводле статуту, зь яго можа зьняць толькі Рада», — сказала Фядотава БелаПАН.

Дата правядзеньня Рады ФПБ пакуль невядомая, але Леанід Козік, па словах Фядотавай, «настроены катэгарычна»:

«Гэтае рашэньне ў яго насьпявала даўно. Яму ўжо 67-мы год, як ён сам неаднаразова адзначаў. Ён лічыць, што шмат зрабіў за гэтыя 12 гадоў, і выбірацца на зьезьдзе на новы тэрмін ён не хацеў».

Старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук распавёў Радыё Свабода:

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

«Спадар Козік напісаў заяву. Хутчэй за ўсё, прымусілі, ці, мякка кажучы, прапанавалі. Усё да гэтага ішло. Відавочна, што старшыня справу праваліў. Думаю, апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпеньня ўлады, было тое, што ён замахнуўся на Генэральную пракуратуру — абвінаваціў у незаконных дзеяньнях. Два тыдні таму кіраўніцтва ФПБ запатрабавала ад Генэральнай пракуратуры адмяніць рашэньне пракуратуры Бабруйску і аднавіць дзеяньне калектыўнай дамовы на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў. Але падрабязнасьцяў мы пакуль ня ведаем».

Леанід Козік нарадзіўся ў 1948 годзе ў Барысаве. Працоўны шлях пачынаў з токара, кіроўцы. У 1977 годзе скончыў БДУ, а ў 1985 годзе — Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Юрыст, эканаміст. Працаваў памочнікам пракурора, старшынём прафкаму БАТЭ, дырэктарам швейнай фабрыкі ў Барысаве. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня — старшынём Камісіі па эканамічнай рэформе, дасягненьні эканамічнай самастойнасьці і сувэрэнітэту. З 1995 да 1998 году працаваў у структурах СНД, Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. У 1998 годзе нядоўга быў намесьнікам прэм’ер-міністра Беларусі. У 2001 годзе таксама нядоўга — намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта. У ліпені 2002 году быў абраны старшынём Рады Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Доктар эканамічных навук (1999), прафэсар. Акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі, эканомікі і права.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG